Навіны аграрыяў

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

16-12-2015-28

СОРАК ГАДОЎ НА ТРАКТАРЫ

Уся працоўная біяграфія механізатара Уладзіміра Марчыка звязана з мясцовай гаспадаркай. Сорак гадоў жыцця аддаў ён працы на палетках. Няма такой работы, якую ён не змог бы выканаць. Уладзіміру Міхайлавічу падуладна ўсё, і заўсёды даручаную справу ён выконвае сумленна. І тут не толькі ўменне відавочна, а і старанне чалавека. Яшчэ некалькі гадоў назад прозвішча перадавога работніка не сходзіла з газетных старонак. Падчас жніва механізатар садзіўся на камбайн. Экіпаж на чале са старшым камбайнерам Уладзімірам Марчыкам заўжды быў сярод прызёраў па намалотах. Атрымліваў граматы не толькі ад раённага кіраўніцтва, а і вылучаўся ў абласным спаборніцтве. Апошнія сем гадоў механізатар не ўдзельнічае ў жніве – стан здароўя не дазваляе. Два гады назад аформіў пенсію па ўзросце, але працягвае працаваць у ААТ «Жацерава». У яго распараджэнні трактар «Беларус-952». На гэтай тэхніцы сёлета вазіў зялёную масу, цяпер заняты на розных транспартных работах.   Забяспечваў таксама і догляд пасеваў, праводзіў хімпраполкі. Адным словам, якое заданне даручалі, такое і выконваў. Уладзімір Марчык карыстаецца павагай сярод калег і вяскоўцаў, яго работай задаволена кіраўніцтва.

 

У ПРАФСАЮЗАХ. ПРАБЛЕМА ЗАМАЦАВАННЯ МОЛАДЗІ НА ВЁСЦЫ ЗАСТАЕЦЦА

На базе гарадскога фізкультурна-аздараўленчага комплексу адбыўся пленум раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу. Старшыні прафкамаў і маладыя спецыялісты сельгаспрадпрыемстваў раёна сабраліся, каб абмеркаваць праблемы маладых людзей, якія звязалі свой лёс з аграрным сектарам эканомікі нашага раёна. А таксама вызначыць падыходы, формы і метады ўдзелу прафсаюзных арганізацый у вырашэнні маладзёжных праблем.  

– У раёне праводзіцца мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па паляпшэнні ўмоў жыцця, быту і адпачынку моладзі. Створана заканадаўчая база, якая забяспечвае сацыяльна-прававую абароненасць моладзі, – падкрэсліла ў сваім дакладзе старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч. – Мы разумеем, што  будучае абноўленай вёскі, аграгарадкоў, пад’ём эканомікі немагчымы без прытоку моладзі і замацавання яе на вёсцы.

У раённай прафсаюзнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу на ўліку 3857 членаў прафсаюза, з якіх 539 – маладыя людзі.  Кожны год у сельгасарганізацыі накіроўваюцца маладыя спецыялісты. Сёлета прыехалі і працуюць 19 выпускнікоў з вышэйшай адукацыяй і 27 з сярэдняй спецыяльнай. Усім ім прадастаўлены работа па спецыяльнасці, жыллё, гарантаваны выплаты,  прадугледжаныя заканадаўствам і калектыўнымі дагаворамі. Аднак праблема замацавання маладых кадраў застаецца. Пасля двух гадоў абавязковай адпрацоўкі  з  26 спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй працягваюць працаваць толькі сем, а з сярэдняй спецыяльнай – пяць з дзесяці. Аграпрамысловаму комплексу раёна неабходны 35 спецыялістаў: ветурачы, заатэхнікі, аграномы, эканамісты, бухгалтары, энергетыкі.

– Асноўная прычына адтоку кадраў –  нізкі ўзровень заработнай платы, – зрабіла выснову прафсаюзны лідар. – Калі, напрыклад, у маладых спецыялістаў ААТ «Жацерава» і «Агранёманскі» яна вагаецца ад пяці да сямі мільёнаў рублёў, то ў ААТ «Шашкі», «Рочавічы» і СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» – ад двух з паловай да чатырох мільёнаў. Заработная плата заўсёды выступала і выступае крытэрыем ацэнкі працы і значнасці становішча чалавека ў грамадстве. Аднак сельскагаспадарчая праца яшчэ нізка ацэньваецца, сярэднямесячная заработная плата ў сельгасарганізацыях раёна за 10 месяцаў склала 5054 тысячы рублёў – 82 працэнты ад сярэдняй зарплаты па раёне. Маладыя людзі атрымліваюць адукацыю і ідуць працаваць туды, дзе плацяць больш.

Тамара Іосіфаўна згадала, што не толькі нізкі ўзровень зарплаты робіць працу на вёсцы непрывабнай. Гэта і наяўнасць вялікай долі фізічнай і некваліфікаванай працы. Абмежаваны выбар прафесій і магчымасцяў працаўладкавання. Ненарміраваны рабочы дзень, работа ў выхадныя і святочныя дні, не арганізаваны  вольны час. Да таго ж, маладым людзям на вёсцы складаней стварыць сям’ю, бо па даных статыстыкі на кожную тысячу маладых мужчын у сельскай мясцовасці прыходзіцца толькі 865 жанчын. Улічваючы ўсе названыя прычыны, большасць радавых працаўнікоў, спецыялістаў і кіраўнікоў сельскіх гаспадарак не арыентуюць сваіх дзяцей на работу і пражыванне ў сельскай мясцовасці. Падрываецца традыцыйны прынцып пераемнасці сялянскіх пакаленняў, страчваюцца паважлівыя адносіны да прафесіі земляроба.

Раённым камітэтам прафсаюза, прафсаюзнымі арганізацыямі праводзіцца пэўная работа па паляпшэнні сацыяльнага становішча, прафесійнага станаўлення і развіцця творчага патэнцыялу маладых работнікаў. Яна будуецца на аснове сацыяльнага партнёрства праз заключэнне і рэалізацыю раённага пагаднення і калектыўных дагавораў. Заслугоўвае адабрэння і распаўсюджвання практыка падтрымкі маладых работнікаў і спецыялістаў, якая склалася ў ААТ «Вялікі Двор», «Агранёманскі», «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава»,»Дзераўное», ААТ «Стаўбцоўская ПМК», ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» і інш.

Райкамам прафсаюза для моладзі праводзяцца розныя акцыі і мерапрыемствы. Увайшла ў пастаянную практыку арганізацыя раённага спаборніцтва сярод моладзі на веснавых палявых работах, жніве, нарыхтоўцы кармоў. На працягу выканання гэтых работ падводзяцца вынікі, пераможцы атрымліваюць падзячныя пісьмы і каштоўныя падарункі, набытыя за сродкі прафсаюзнага бюджэту. А па выніках працы за сезон маладыя рупліўцы заахвочваюцца граматамі і прэміямі райвыканкама і райкама прафсаюза работнікаў АПК, якія ўручаюцца на святкаванні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

Дакладчыца адзначыла, што сёлета маладыя вадзіцелі ААТ «Вялікі Двор» Сяргей Каробка і ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Валянцін Гацура сталі пераможцамі ў абласным спаборніцтве на адвозцы збожжа ад камбайнаў. У ліку пераможцаў  і камбайнер Аляксандр Гярлоўскі з ААТ «Агранёманскі».

На абласным конкурсе «Уладар сяла», які праходзіў у нашым раёне, перамагла маладая сям’я Руч’ёвых з ААТ «Дзераўное».

Важным накірункам у арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы з’яўляецца прыцягненне да заняткаў як мага большай часткі маладых людзей. Раённым камітэтам прафсаюза сумесна з упраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання сёлета праведзены зімовая і летняя спартакіяды. Пераважную большасць удзельнікаў складала моладзь. Становяцца традыцыйнымі конкурсы прыгажосці «Міс-Аграпрам». У практыцы работы райкама прафсаюза правядзенне злётаў маладых спецыялістаў. Адбыўся ён у студзені, маладыя людзі пабывалі з экскурсіяй у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Тры маладыя чалавекі з нашага раёна прынялі ўдзел у абласным злёце маладых спецыялістаў, які быў арганізаваны абласным камітэтам прафсаюза работнікаў АПК. У верасні ў нашым раёне, на базе аздараўленчага лагера «Чайка» адбыўся абласны форум сельскай моладзі «Сельская моладзь: праблемы і перспектывы», з удзелам губернатара вобласці Сямёна Шапіры.

– Паспяховае рашэнне задачы адраджэння вёскі ў значнай меры залежыць ад таго, наколькі аграрная сфера будзе забяспечана працоўнымі рэсурсамі. І ў першую чаргу маладымі кваліфікаванымі кадрамі, якія здольны адрадзіць вёску на сучаснай навукова-тэхнічнай і арганізацыйна-эканамічнай аснове, – зрабіла заключэнне Тамара Калошыч. – Дзеля гэтага нам неабходна стварыць цэласную сістэму прафсаюзнай работы з моладдзю на ўсіх узроўнях: вучэбная ўстанова, раён, прадпрыемства. А таксама наладзіць актыўнае ўзаемадзеянне з мясцовымі органамі выканаўчай улады, маладзёжнымі арганізацыямі. Трэба забяспечыць і ўдзел прадстаўнікоў прафсаюза на ўсіх узроўнях у распрацоўцы і рэалізацыі маладзёжных праграм і праграм занятасці насельніцтва на ўзроўні раёна, у стварэнні фондаў падтрымкі маладых спецыялістаў.

У рабоце пленума прынялі ўдзел і выступілі намеснік старшыні абкама прафсаюза работнікаў АПК Пётр Окунеў, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька, намеснік старшыні райсавета ветэранаў Аляксей Палянскі.

 

Закладваюць падмурак

У сельгаставарыствах раёна вывезена на палеткі звыш 317 тысяч тон арганічных угнаенняў, што складае 88 працэнтаў ад нарыхтаванага. Унесена амаль 122 тысячы тон арганікі – 38 працэнтаў ад вывезенага. У параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года гэтыя паказчыкі ніжэйшыя. Дбаюць пра будучы ўраджай у ААТ «Рубяжэвічы» і закладваюць падмурак – кампостаў нарыхтавана звыш 33 тысяч тон, вывезена каля 23 тысяч тон і ўнесена звыш 15 тысяч тон. Сёлета тут атрымана неблагая ўраджайнасць збожжавых і бульбы, а таксама кукурузы. У работнікаў таварыства ёсць жаданне ў наступным годзе паказчыкі павялічыць.

 

Працуюць з прыбаўкай

Ладзяцца справы ў жывёлаводаў МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа». З пачатку года ў сярэднім ад кожнай каровы тут надоена 7752 кілаграмы малака. Лідзіруюць даяркі Лідзія Рымашэўская і Ніна Зяньковіч, на рахунку кожнай звыш васьмі тысяч кілаграмаў малака. А самая высокая прыбаўка дасягнута работнікамі комплексу ў Пагарэлым – плюс 481 кілаграм, ад каровы атрымана 5633 кілаграмы. Шчыра рупяцца аператары машыннага даення Святлана Есьман, Вера Лібоза, Святлана Столп і Валянціна Фомчанка. Па выніках года калектыў перасягне шасцітысячны рубеж. На такі ж узровень выходзіць і МТФ «Жыгалкі».

Надзея БАТАЛКА

 Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *