У працоўных калектывах

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

16-12-2015-31

«Аўтограф» пашпартысткі

Справядліва кажуць, што «временщиков» работа з дакументамі не церпіць. Вось і старшы пашпартыст аддзялення па грамадзянстве і міграцыі раённага аддзела ўнутраных спраў Марыя Шыманская пацвярджае гэтую ісціну вельмі пераканаўча – уласным лёсам… 

Адзін з самых вопытных работнікаў, старажыл, жывая легенда пашпартнай службы – так часцей за ўсё кажуць на Стаўбцоўшчыне пра Марыю Валянцінаўну. Многія стаўбчане пазнаюць яе на вуліцы, а яшчэ больш іх ведае яна, бо жыве і працуе ў нашым невялікім гарадку ўсё сваё свядомае жыццё.

У кастрычніку бягучага года споўнілася сорак (!) гадоў, як Марыя Валянцінаўна прыйшла ў райаддзел міліцыі. Уяўляеце, з 1975 года практычна ўсе пашпарты жыхароў раёна выпісаны яе рукой! Паколькі ў той савецкі час гэта ўсё рабілася ўручную, то пры прыёме на работу ў яе адразу праверылі… почырк. Почырк быў каліграфічны, а характар, як высветлілася за дзесяцігоддзі, – уседлівы, ураўнаважаны і вельмі пастаянны. Не дзіўна, што і затрымалася яна тут… на ўсё жыццё.

Нешматслоўная Марыя Валянцінаўна разважае так: «Ведаю ўвесь раён, і горад, і кожную вуліцу, і кожны дом…» І гэта цудоўная штодзённая сустрэча з многімі пакаленнямі стаўбчан, прысутнасць іх біяграфіі ў тваёй працоўнай біяграфіі – напэўна, самая адметная ўзнагарода, ганаровая адзнака, за якую не грэх падзякаваць лёсу.

Аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі не раз змяняла сваю назву, кіраўнікоў (варта прыгадаць Марыю Хлапіцкую і Пятра Рыбака, з кожным з якіх старшы пашпартыст Марыя Шыманская адпрацавала па 17 гадоў, Марыну Сілко), але засталося той запатрабаванай службай, да паслуг якой звяртаецца кожны з нас. У першую чаргу, тут мы атрымліваем асноўны дакумент – пашпарт і, такім чынам, прадметна адчуваем сваё грамадзянства, прыналежнасць да сваёй краіны – Рэспублікі Беларусь.

У калектыве аддзялення, якое сёння ўзначальвае Уладзімір Кудрэвіч, стала добрай традыцыяй маладым людзям, якім пашпарт выдаецца ўпершыню, уручаць яго ва ўрачыстай абстаноўцы, з наказам, каб гэты момант запомніўся моладзі на ўсё жыццё.

А жыццё – яно вялікае і неабсяжнае, розных старонак у ім значна больш, чым у пашпартнай кніжачцы.

Прыёмы грамадзян, якія рэгулярна праводзяць інспектары аддзялення Наталля Карп і Раман Верамейчык, вядучы спецыяліст-рэгістр Таццяна Чабан, сведчаць, якія няпростыя, а часам і заблытаныя сямейныя сітуацыі бываюць у нашым жыцці – яны і прыводзяць нас за кваліфікаванай парадай і дапамогай да супрацоўнікаў гэтай важнай і патрэбнай у грамадстве службы. Нельга не адзначыць яе вялікае і ўсё больш узрастаючае значэнне ў сувязі з нарастаннем у свеце працэсаў міграцыі. Не выключэннем з’яўляецца Беларусь і, у прыватнасці, наш раён, размешчаны на скрыжаваннях буйных аўтамабільных і чыгуначных дарог. Так, Беларусь, міралюбівая і добрасуседская краіна, гатова даць прытулак тым, хто ўцякае ад вайны на Данбасе. Стаўбцоўшчына таксама прыняла не адну такую сям’ю, выдзеліўшы жыллё і даўшы работу. Аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі сочыць, каб не было парушэнняў заканадаўства пры рэгістрацыі прыбыўшых замежных грамадзян, сярод грамадзян з пасведчаннямі на права жыхарства і т. п.       

У апошнія гады дзейнасць аддзялення стала больш зручнай і даступнай для грамадзян. Работа пабудавана па прынцыпе «адно акно». Графік  работы з грамадзянамі падоўжаны да 20 гадзін. Пашпарт можна вырабіць у тэрміновым парадку. Як вынік – адсутнасць чэргаў, здаровы мікраклімат і станоўчыя водгукі аб рабоце аддзялення.

 – Мы працуем цяпер па-сучаснаму, з камп’ютарамі, – звяртае ўвагу на кардынальныя перамены ў рабоце Марыя Шыманская.

А шкада, хочацца ўсклікнуць, бо разам з пераменамі ў пашпартысткі адпала неабходнасць пакідаць пры афармленні пашпарта свой «аўтограф» і, напэўна, нешта асабістае, эмацыянальнае, здольнае ўсхваляваць і натхніць. Але па-ранейшаму бясцэнным для моладзі – а яна пастаянна абнаўляе кадравы састаў аддзялення – застаўся прафесійны і жыццёвы вопыт Марыі Шыманскай, самай старэйшай работніцы. У даным выпадку цікава назіраць узаемную сувязь, дапамогу, калі самай вопытнай работніцы не абысціся без дасведчанасці сучаснай моладзі. Побач з ёю працуе прадстаўніца такой моладзі – Аляксандра Сцефановіч, таксама старшы пашпартыст, – якая  дапамагла Марыі Валянцінаўне асвоіць камп’ютар. Разам яны робяць адказную справу – займаюцца рэгістрацыяй грамадзян па месцы жыхарства і месцы знаходжання. За дзень да іх звяртаюцца 20-30 чалавек, прыходзяць на прыём старшыні жыллёва-будаўнічых кааператываў.

Кожны з гэтых людзей пераступае парог аддзялення са сваім настроем, праблемамі, але выходзіць адсюль калі і заклапочаны, ды з надзеяй: яму дапамогуць!

На здымку: саюз вопыту і маладосці – Марыя Шыманская і Аляксандра Сцефановіч.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара

 

ЗАДАЧА – ВЫХОЎВАЦЬ

У нашым раёне 15 чалавек у складзе Стаўбцоўскага аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва адзначаюць заўтра сваё прафесійнае свята – Дзень беларускага кіно. Да яго маюць дачыненне ветэраны відэасеткі па ўсім раёне, хто аддаў гэтай справе дзесяцігоддзі сваёй працоўнай біяграфіі. Па вялікім рахунку, святочным гэты дзень могуць лічыць усе аматары кіно.

Для нас нагода пагутарыць з дырэктарам Стаўбцоўскага аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва Юрыем Лебядзько. Юрый Вячаслававіч абвяшчае такую прыемную навіну: ужо чацвёрты год запар стаўбцоўскі аддзел трымае лідарства ў Мінскай вобласці сярод 23 аддзелаў па абслугоўванні сельскіх жыхароў. І гэта расцэньваецца як вынік ініцыятыўнай дзейнасці – гледача патрэбна арганізаваць, што выдатна ўдаецца калектыву стаўбцоўскага аддзела. У  гарадах, дзе ёсць дыхтоўныя кінатэатры, глядач больш ахвотна прыходзіць у кіназалу.

Дзве відэаперасоўныя сістэмы пастаянна бяруць курс у сельскую мясцовасць. Як расказвае кіраўнік, наладжана цеснае супрацоўніцтва з рознымі структурамі. У першую чаргу – з аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама – з раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, РАУС, аддзелам па надзвычайных сітуацыях і іншымі арганізацыямі па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы правапарушэнняў, злачынстваў і іншых негатыўных з’яў.

У школах раёна і дашкольных установах праводзяцца тэматычныя кіналекторыі з жывым словам спецыялістаў. Актыўна працуе аддзел кінавідэаабслугоўвання ў летнія месяцы, каб заняць дзяцей у аздараўленчых лагерах. Надаецца вялікая ўвага падбору стужак, каб кінамастацтва ў поўнай меры выконвала важныя задачы: выхаванне ў маладога пакалення лепшых якасцяў – дабрыні, душэўнасці, чэснасці, патрыятызму, любові да сваёй Айчыны, выбар правільных арыенціраў у жыцці.

І як вынік такіх ініцыятыў, рупнасці ў пошуку новых формаў работы, стаўбцоўскі аддзел з добрымі паказчыкамі прыйшоў да завяршэння вытворчага года. Выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі, а аб’ём аказаных паслуг вымяраецца 250 мільёнамі рублёў.

Са стацыянарных кінаўстановак засталася адна – у Наваколасаўскім Доме культуры.  У ліку ветэранаў кінавідэасеткі раёна, хто яшчэ працуе, называюць касіра Тамару Рамановіч.  Яе стаж работы скаладае тры дзесяцігоддзі. У сваёй працоўнай біяграфіі Тамара Іванаўна перажыла розныя моманты развіцця кінасеткі: можа ўспомніць і перапоўненыя кіназалы, і папулярнасць індыйскага кіно, і спад інтарэсу да вялікага экрана па прычыне развіцця інфармацыйных тэхналогій. Аднак яна, як і яе калегі, на сваім рабочым месцы прымяркоўваецца да розных вытворчых абставін і імкнецца выконваць  абавязкі адказна, сумленна, спраўляючыся з даведзенымі заданнямі.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *