Цікавімся: як жа наш?

Нумары Спорт

Сапраўдным дэсертам для аматараў футбола напрыканцы года сталі заключныя матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў краін Еўропы. Мацнейшая каманда Беларусі барысаўскі БАТЭ дастойна супрацьстаяла знакамітым ва ўсім свеце сапернікам. Няўдача ў сустрэчах з уладальнікам галоўнага трафея – Кубка чэмпіёнаў – была прадказальнай. Мала якой дружыне свету ўдаецца не стаць разгромленай іспанскай «Барселонай». Таму 0:3 і 0:2 у матчах з практычна зборнай футбольных зорак свету – вынік для барысаўчан не надта сумны. А вось у гульнях з германскім «Байерам» нашы здабылі ачко, перамаглі на сваім полі «Рому» – 3:2. І ў апошнім туры перамога над рымлянамі магла вывесці барысаўскі клуб у фінальную  стадыю спаборніцтваў.

За ходам матча «Рома»  –  БАТЭ з экранаў тэлевізараў сачылі, пэўна, мільёны гледачоў. Беларускія футбалісты не расчаравалі, дзейнічалі смела, агрэсіўна. На жаль, дзве літаральна стапрацэнтныя магчымасці забіць гол, яны не скарысталі. Не ўдалося адкрыць лік і футбалістам «Ромы». Вынік сустрэчы 0:0  не дазволіў нашым пайсці далей, але водгукі яны атрымалі самыя станоўчыя, пацвердзілі прагрэс беларускага футбола.

Стаўбчанам, безумоўна, было цікава: як будзе дзейнічаць наш зямляк Аляксандр Карніцкі. Свой шанц ён атрымаў у другім тайме, калі замяніў славутага Аляксандра Глеба, які ў сваёй футбольнай біяграфіі мае сезоны выступленняў за тую ж славутую «Барселону». Карніцкі стараўся, не раз быў у эпіцэнтры падзей, як мог дапамагаў партнёрам.

Уперадзе яшчэ доўгі спартыўны шлях. Пажадаем Аляксандру ўдасканальваць майстэрства, дабіцца права стаць членам зборнай каманды краіны.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *