Пазнаем родны кут

Нумары Панямонь Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

17-12-2015-12

АДМЕТНАСЦІ ВУЛІЦЫ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЙ

Кожны горад,  як і чалавек, – непаўторны. Непаўторнасць гэта часта захоўваецца ў старых будынках, на старых ціхіх вулачках. Хтосьці скажа, што такая адметная рыса Стоўбцаў – чыгуначны вакзал, хтосьці вылучыць гістарычную забудову ля плошчы Леніна, хтосьці адзначыць сабор святой Ганны, а хтосьці – яшчэ штосьці іншае.

Сярод такога «іншага» і вуліца Сацыялістычная, асаблівасць якой не толькі ў працягласці (паспрачацца з ёй па даўжыні, якая складае каля трох кіламетраў, можа, бадай што, толькі Ленінская). Напэўна, неаднойчы жыхары і госці Стоўбцаў звярталі ўвагу на шэраг аднатыповых дамоў, што знаходзяцца паміж дзіцячым садам № 1 і плошчай Бессмяротнасці. Сапраўды, у вока часта кідаюцца некалькі дамоў, выкананых у даволі незвычайнай форме, адна са сценак якіх вельмі доўгая і вышэйшая за дах. Гэта дамы са сценамі-брандмаўэрамі. Слова прыйшло да нас з нямецкай мовы: brand – «агонь, пажар» і mauer – «сцяна». З сярэдзіны XIX ст. так называлася (падобная тэхналогія выкарыстоўваецца і сёння) высокая, глухая супрацьпажарная сцяна, якая выступала над дахам будынка і ўзводзілася ў сціснутай гарадской забудове. Такія сцены размяжоўвалі будынкі і вузкія двары на выпадак пажараў. Лічыцца, што ў 1853 годзе ў Парыжы пачалася вялікая рэканструкцыя горада і менавіта архітэктар Жорж Асман (горадабудаўнік, які шмат у чым прадвызначыў сучаснае аблічча Парыжа) у мэтах супрацьпажарнай бяспекі прапанаваў узводзіць такія глухія сцены дамоў з незгаральных матэрыялаў, каб засцерагчы ў выпадку пажару бліжэйшыя будынкі. Тады сцены і атрымалі назву – брандмаўэры.

Да нашых дзён дайшло сем дамоў з брандмаўэрамі (у большасці глухіх сцен з часам з’явіліся вокны, і галоўная функцыя была згублена), а на адным з іх (Сацыялістычная, 61) на фасадзе захаваўся надпіс даты пабудовы –»1933″. Будынкі падобнага тыпу былі створаны прыкладна ў адзін прамежак часу і прызначаліся для польскіх асаднікаў.

Але не аднымі брандмаўэрамі прыкметная Сацыялістычная. Сённяшнія гімназісты, спяшаючыся на заняткі ці ідучы дахаты, часта мінаюць штосьці накшталт аркі – два аднапавярховыя аднолькавыя домікі, што раскінуліся абапал дарогі да гімназіі. Архітэктура вельмі часта выклікае пэўныя вобразы і асацыяцыі. Герою трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» Лабановічу касцёл у Новым Свержані з дзіцячых гадоў нагадваў «вялікага сядзячага ката з задраным угору носам». Так і ў гэтым выпадку – будынкі на Сацыялістычнай (№ 36 і 38) падаюцца сапраўднымі дамамі-блізняткамі.

Даны квартал быў пабудаваны на пачатку 1920-х гг., а справаздача аб ім пададзена ў 1925 г. у кнізе «Будаўніцтва памяшканняў для памежнай аховы і карпусоў дамоў для дзяржаўных служачых ва ўсходніх ваяводствах» (том III, Варшава, 1925 г., Міністэрства грамадскіх работ). Цагляныя «дамы-блізняткі» з’яўляліся дамамі тыпу R, былі разлічаныя на дзве сям’і і пабудаваныя па праекце архітэктара Зігмунда Тарасіна. Кіраваў будаўнічымі работамі  архітэктар Вітальд Выганоўскі. Такі ж самы будынак (але адзін) знаходзіцца і ў Лідзе. Цікавы факт: у адпаведнасці з планам забудовы, побач з «блізняткамі» знаходзіліся не толькі гаспадарчыя пабудовы і іншыя жылыя дамы (большасць з якіх у тым ці іншым выглядзе захавалася і сёння), але і казіно. Найбольш поўную і цікавую інфармацыю падаюць нам фотаздымкі, зробленыя ў 1920-я гг., якіяшыкоўна апісваюць колішні выгляд дамоў, што прыкладна за стагоддзе амаль не змяніўся.

На здымках 1925 года: адзін з двух дамоў тыпу на дзве сям’і, у цэнтры – дамы-“блізняткі” і вятрак Пекараў; на здымках аўтара: дамы са сценамі-брандмаўэрамі.

Канстанцін НАШЧЫНЕЦ

 

РЭВАЛЮЦЫЯ, ВОЙНЫ – У ЯГО ЛЁСЕ

 17-12-2015-13

У дні святкавання 70-годдзя Перамогі я пабываў у сваёй роднай вёсцы Ператокі. Зразумела, вялася размова і аб змаганні аднавяскоўцаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Былі названы многія імёны, сярод якіх прыгадвалася імя Аляксандра Пятровіча Качановіча, які на Далёкім Усходзе граміў японскіх мілітарыстаў. Я зацікавіўся гэтым фактам. Сустрэчы з сястрой былога франтавіка Раісай Пятроўнай, іншымі жыхарамі Ператокаў дапамаглі, хоць і коратка, намаляваць яго слоўны партрэт.

У сваёй аўтабіяграфіі Аляксандр Пятровіч, вядома, акрэсліваў паходжанне – «з сялян». Бацькі займаліся сельскай гаспадаркай, рознымі промысламі. Гэта была шматдзетная сям’я, дзе гадаваліся дзевяць дзяцей. «На пракорм» мелі сем дзесяцін зямлі (дзесяціна – старая мера зямельнай плошчы, роўная 1,09 га). Жылі Качановічы ў цяжкай працы, вельмі бедна. Зведалі яны, што такое нястачы, голад, недахоп адзення, хваробы…

Каб звесці канцы з канцамі, бацьку даводзілася ганяць па Нёмане плыты ў далёкі Кралявец. Апрацоўваць зямлю дапамагалі дзеці, сярод якіх працавітасцю вызначаўся Аляксандр.

У хлопца была цяга да навукі, ён марыў стаць настаўнікам. Бацька ўсё зрабіў, каб сын вучыўся. Аляксандру ўдалося закончыць царкоўна-прыхадское вучылішча, якое акурат і заснавалася ў Ператоках. Павятовае кіраўніцтва Мінскай губерні нездарма прызначыла здольнага юнака працаваць у гэтай жа школе, у яго роднай вёсцы.

Аднак неўзабаве сям’я Качановічаў у пошуках лепшай долі пераязджае на Данбас, у горад Канстанцінаўку. Тут бацька ўладкаваўся на працу ў вугальную шахту.

У 1916 годзе, у самы разгар Першай сусветнай вайны Аляксандр Качановіч быў прызваны ў дзеючую армію. Служыў ён у горадзе Чыта. Тут і сустрэла маладога салдата вестка аб рэвалюцыйных падзеях. І ён стараўся быць актыўным байцом за аднаўленне. Прымаў удзел у вызваленні з турмы палітычных зняволеных, выступаў з бальшавіцкімі лозунгамі сярод салдатаў і працоўных Чыты.

Калі ў Петраградзе перамагла Кастрычніцкая рэвалюцыя, Аляксандр Качановіч запісваецца ў Чырвоную Армію, ваюе з арміяй Калчака. Пасля разгрому белагвардзейцаў знаходзіцца на пярэднім краі барацьбы за ўстанаўленне Савецкай улады на Далёкім Усходзе.

Пасля заканчэння ваеннага вучылішча Аляксандр Пятровіч прызначаецца старшым інструктарам палітычнага ўпраўлення Забайкальскай ваеннай акругі, затым намеснікам батальённага камісара акругі. Ён актыўна ўключаецца ў палітычную выхаваўчую работу, дапамагае камандзіру выканаць пастаўленую задачу.

Вялікую Айчынную вайну А. П. Качановіч сустрэў на пасадзе намесніка камандзіра дэвізіі па палітчастцы. Дэвізія на Далёкім Усходзе стрымлівала разам з іншымі воінскімі падраздзяленнямі шматмільённую Квантунскую армію мілітарысцкай Японіі.

Непасрэдна ваенныя дзеянні па разгроме японскіх варожых сіл разгарнуліся ў жніўні – верасні 1945 года. Дывізія, у якой служыў наш зямляк, маршам праз бязводныя стэпы, пустыню Гобі і горныя хрыбты разам з іншымі часцямі адрэзала Квантунскую армію ад астатніх японскіх войскаў. Выйшлі на прасторы Маньчжурскай даліны і ўнеслі свой уклад у перамогу над імперыялістычнай Японіяй.

У 1946 годзе Аляксандр Пятровіч Качановіч у званні палкоўніка пайшоў на пенсію. Ён застаўся жыць у Чыце, дзе працаваў у гарадскіх установах, шмат чаго зрабіў для развіцця горада. Гэта быў чалавек высокай культуры, сціплы таварыш. Жыццёвы шлях варты добрай памяці.

Яшчэ раз нагадаем, што вёска Ператокі слаўная змагарамі за вызваленне роднага краю ад фашысцкіх захопнікаў. Актыўна дзейнічала тут падпольная група, якая распаўсюджвала лістоўкі са зводкамі Саўінфармбюро, заклікамі ісці ў атрад народных мсціўцаў, арганізавала здабычу зброі, збор  інфармацыі аб ворагу для партызанаў. Ад рук фашыцкіх катаў загінулі патрыёты, сярод якіх быў старшыня калгаса Фёдар Качановіч, у партызанскім атрадзе змагаўся Іван Качановіч. Імёны і справы герояў бессмяротныя.

Фотаздымак А. П. Качановіча зроблены ў 1939 годзе.

Аляксандр ТУРКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *