Падарожжа па Стоўбцах… з Аляксандрам Слушкам

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

17-12-2015-14

У гімназіі № 1 прайшло незвычайнае падарожжа па родным горадзе – з дапамогай легендаў і гістарычных звестак, уяўлення і – анімацыі, цікавага касцюміраванага відовішча, якое перанесла на тры, чатыры, а то і больш стагоддзяў назад.

Адразу скажу, што гэтаму інтэрактыўнаму праекту пры падтрымцы і пэўных абставінах (калі перанесці яго са сцен асобна ўзятай школы ў рэальнае гарадское жыццё, на плошчы і вуліцы Стоўбцаў) гарантавана турысцкае будучае. Ён здольны стаць нашай «разынкай», тым эксклюзівам, за якім паедуць турысты, у тым ліку і замежныя.

А пакуль упершыню гімназісты, члены клуба «Рагнеда», запрасілі ў падарожжа-экскурсійны ўрок гасцей – настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства раёна ў рамках семінара «Шляхі рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу ў навучанні гісторыі, грамадазнаўству. Фарміраванне ў навучэнцаў ключавых кампетэнцый». Асноўная роля ў перадачы калегам назапашанага прафесійнага досведу належала педагогам гімназіі – настаўнікам вышэйшай катэгорыі Марыне Ларычэвай і Таццяне Татарынец.     

У гэты дзень па калідорах гімназіі і яе класах праходжваліся не проста вучні – героі розных гістарычных эпох. Паглядзець на тое, як яны абараняюць свае касцюмы (уласнаручна сшытыя!), збегліся нават самыя маленькія вучні. Знаходкі і інавацыі семінара абмяркоўваліся падчас работы метадычнага «атэлье», але мы не будзем у ім затрымлівацца, а адправімся за вучнямі ў завочнае падарожжа па родным горадзе.

Памяць пра легенды

Дзякуючы настаўнікам гімназісты шмат дзе пабывалі за сваё гімназічнае жыццё. Яны адкрылі для сябе Мір, Нясвіж, Гродна, Камянец, Брэст, Мінск і іншыя адметныя мясціны Беларусі, якія беспамылкова пазнавалі на фота- і відэаслайдах. Але, згадзіцеся, адкрываць для сябе роднае, блізкае, – не менш захапляльна. Тым больш, падарожжа пачалося з прыгоды – Бабе Язе не хапіла запрашальнага білета, таму, каб «зарабіць» яго, яна расказала страшную гісторыю пра варагаў, якія прыплылі на караблях на бераг ракі, дзе, згодна з легендай, было паселішча нашых продкаў, каб грабіць дамы і забіваць людзей. Пасля кожнага такога набегу з’яўляліся слупкі-магілы. Выглядалі яны вельмі дзіўна: на двух пнях ад ссечаных дрэў масціўся домік, а ўнутр яго заносіўся прах памерлага.

Нельга не прыкмеціць, што гэты домік нагадвае домік самой апавядальніцы – Бабы Ягі, Ягусі, – так называлі багіню смерці, якая забірала душы памерлых. Баба Яга аказалася ў курсе і легенды ад мясцовых старажылаў, якая сведчыць, што некалі на месцы Стоўбцаў стаяў прыгожы лес, сярод якога тутэйшы набожны князь пабудаваў манастыр. Нечакана па краі пранеслася мацнейшая эпідэмія чумы. Калі хвароба адступіла, людзі ўспомнілі пра манахаў. У манастыры яны нікога не знайшлі жывога, а на месцы магіл браціі паставілі слупкі, якія абазначалі, што нельга сяліцца ў чумным месцы.

Слупкі, ад якіх, мяркуецца, і пайшла назва Стоўбцаў, маглі быць і іншага прызначэння. Да прыкладу, выказвалі свае версіі гімназісты, для арыенціроўкі падарожнікаў у Налібацкай пушчы, якая раней падступала блізка да Нёмана, або як берагавыя кропкі апоры, да якіх прывязвалі старажытныя караблі і лодкі. Нёман быў тады суднаходным, па ім хадзілі віціны, якія будавалі на верфях у Старым Свержані і Стоўбцах. За кошт двух парусоў – прамога і касога – віціны маглі рухацца як уніз, так і ўверх па цячэнні.

Будаваць караблі складана, але дзеці паспрабавалі зрабіць сваімі рукамі «віцінку» з паперы. Атрымаўся прыгожы сувенір на памяць, а экскурсавод у гэтым завочным падарожжы Таццяна Татарынец не прамінула заўважыць, што сёння выява віціны красуецца на гербе нашага горада.

Слушкі і слушнае пытанне

У каго з нас не ўзнікала слушнага пытання: «А які год, век узнікнення нашага горада?» Напэўна, гэта XVI стагоддзе. А, магчыма, і XII, калі абапірацца на легенду пра варагаў. Першае ўпамінанне пра Стоўбцы можна аднесці да 1511 года, калі ў старажытным кракаўскім летапісе з’явіўся запіс аб тым, што ў горадзе навучаецца студэнт з вёскі Ліпа, што пад Стоўбцамі. Невялікая вёсачка Ліпа ёсць і сёння на тэрыторыі Нясвіжскага раёна, але згаданую дату мы, на жаль, не можам пацвердзіць пісьмова. Верагодней за ўсё назваць вехай у гісторыі Стоўбцаў канец XVI стагоддзя, калі ў іх з’явіліся першыя дбайныя гаспадары. Гэта – Аляксандр Слушка, які жаніўся і атрымаў у спадчыну стаўбцоўскія землі.

Пасля гэтай інфармацыі да падарожнікаў-гімназістаў далучыліся самі гаспадары горада – «сямейная пара» Слушкаў. «А я нават каралю пісьмо пісала, каб ён свам прывілеем дазволіў кірмашы праводзіць у Стоўбцах двойчы на год», – апавядала жонка. Яе муж працягваў: «Мы разбудоўвалі мястэчка і зрабілі яго гандлёва-рамесным. А яшчэ мы вырашылі пабудаваць у цэнтры Стоўбцаў каталіцкі храм святога Казіміра. Сцены яго былі з роспісам, упрыгожаныя іконамі. Самыя дарагія з іх – ікона Дзевы Марыі і ікона архангела Міхаіла».

А вось у гімназію завітаў і «святар». «Бласлаўляю вас, панове», – звярнуўся ён да прысутных і паважна прадставіўся: «Я, Фабіян Малішэўскі, прыехаў у мястэчка ў 1629 годзе, калі яно толькі пачало развівацца. Потым, калі быў прызначаны прыёрам Стоўбцаў, вырашыў застацца тут назаўсёды. Мне пашанцавала ўдзельнічаць у будаўніцтве храма святога Казіміра». Вядома, што былы дамініканскі манах Фабіян Малішэўскі праславіўся сярод тутэйшых жыхароў сваімі лекарскімі здольнасцямі і тым, што нікому не адмаўляў у дапамозе. 

З мястэчка – у горад Міру

Шаноўныя гістарычныя госці – сямейная пара Слушкаў і святы апякун нашага горада Фабіян Малішэўскі, – суправаджалі гімназістаў на працягу ўсяго завочнага падарожжа па родным горадзе. Яны з увагай паслухалі іх расказ пра далейшы лёс Стоўбцаў, якія на пачатку XVIII стагоддзя перайшлі да новых гаспадароў – Чартарыйскіх. Яны разбудавалі Стоўбцы яшчэ больш. З’явілася прыстань. Караблі маглі падыходзіць акурат да гандлёвай плошчы (цяперашняй плошчы Леніна), дзе выгружалі тавар. Абрысы гэтай бойкай плошчы і сёння засталіся тымі ж, толькі змяльчэла, адышла ад горада, рака.

Нельга не сказаць, што разам з развіццём у нашага горада быў і перыяд упадку. У першую чаргу ён звязаны з войнамі і разбурэннямі, якія пакідалі варожыя набегі. Найбольш пацярпелі Стоўбцы на пацарква святой Ганны, якая цяпер называецца саборам. Адметна, што гэтыя і іншыя стаўбцоўскія славутасці захавалі свае ранейшыя абрысы. На жаль, у пасляваенныя гады быў разбураны касцёл святога Казіміра (ён стаяў на месцы школы № 2). У 2001 годзе Стоўбцы атрымалі ганаровае званне – горад Міру, што і ўвекавечана на камні ля раённага Цэнтра культуры.

Калісьці нашы продкі жылі ў мястэчку Стоўбцы, мы жывём у Стоўбцах, горадзе Міру, і сваёй стваральнай працай, дасягненнямі ў вучобе і спорце імкліва асвойваем XXI стагоддзе. У горада з’яўляюцца сучасныя сімвалы, імёны, традыцыі, і гэта сведчанне таго, што сучаснае не нараджаецца без мінулага, што яны паміж сабою цесна пераплецены. І гэта, як паказала завочнае падарожжа гімназістаў па родным горадзе, разумее кожны, нават няўрымслівая Баба Яга. Пасля падарожжа яна захацела праверыць дасведчанасць сваіх спадарожнікаў, задавала ім розныя пытанні… З пытаннямі вучні цудоўна справіліся і выказалі гатоўнасць адправіцца ў сапраўдную экскурсію па Стоўбцах. Можна ўявіць, якое прыгожае відовішча ўбачаць стаўбчане, калі на вуліцы выйдуць гімназісты з сімвалічнымі сцяжкамі нашага горада і караблікамі-віцінамі!..

Каментарый эксперта

– Нашаму гораду не хапае праекта, які б прывабіў турыстаў, таму вось такая першая спроба ў выглядзе завочнага падарожжа па Стоўбцах, якое прапанавалі гімназісты, цалкам можа перарасці ў пешаходную экскурсію па нашым горадзе, аздобленую элементамі анімацыі. Мы гатовы супрацоўнічаць з імі ў гэтым напрамку, – падкрэсліла дырэктар Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій Леаніда Высоцкая. – Цяпер калектыў турбюро працуе над стварэннем інтэрактыўнай карты горада і раёна, дзе будуць пазначаны ўсе яго адметныя мясціны.   

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *