Акцэнты

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

НАМ РАНА ЖЫЦЬ УСПАМІНАМІ

Паміж суседнімі тэрытарыяльнымі цэнтрамі сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва зараджаецца цікавая повязь – міжрэгіянальны фестывальны рух, які ў новым, 2016, годзе абяцае завітаць і на Стаўбцоўшчыну.

– Паміж аддзяленнямі дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльных цэнтраў з розных раёнаў Міншчыны спачатку завязаўся дзелавы кантакт у рамках валанцёрскага праекта пад эгідай Чырвонага Крыжа, потым узнікла дружба, і яна паступова стала прарастаць новымі сумеснымі ідэямі і праектамі, – пазнаёміў з перадгісторыяй загадчык аддзялення Стаўбцоўскага тэрытарыяльнага цэнтра Сяргей Есіс. – Адным з такіх праектаў стаў міжрэгіянальны фестываль песні «Нам рана жыць успамінамі…», які нядаўна сабраў сяброў у Клецку. Да кляччан прыехалі творчыя людзі з Узды, Нясвіжа і Стоўбцаў.   

Стаўбчан прадстаўлялі на фестывалі песні ўдзельнікі хору «Родны кут», што не так даўно пачаў дзейнічаць пры тэрытарыяльным цэнтры і адразу заявіў пра сябе адметным голасам, імкненнем гастраліраваць і дарыць сваю творчасць іншым. Сярод яго салістаў – Лілія Хамко, Ніна Захаранкава, Вера Янушкевіч, Мікалай Шэндзік, Таццяна Хамраева, Ядвіга Мамантава. Акампаніятар хору – Міхаіл Міткевіч, і ён дапоўніў сольныя і калектыўнае выступленні «Роднага кута» дэкламаваннем радкоў з Коласавай спадчыны.

Удзельнікі сустрэчы не засталіся абыякавымі і да прывезенай міні-выстаўкі творчых работ – калядных паштовак, арыгінальных вырабаў са старых газет і каляровай паперы (квілінг), зробленых рукамі пажылых наведвальнікаў аддзялення разам з кіраўнікамі гурткоў Таццянай Шаўчук і Людмілай Няверавай. Стаўбчане падарылі гаспадарам сустрэчы прыгожую вазу і салодкі пачастунак, спонсарам якога традыцыйна выступіла прадпрыемства «Гном-сэрвіс». Пасля выступленняў прайшло агульнае сяброўскае чаяпіцце, а дарога дадому была такой лёгкай і спеўнай, бо ў аўтобусе не змаўкалі песні і будаваліся планы на чарговую фестывальную сустрэчу – у Стоўбцах, на тое, каб у новым годзе кола сяброў пашыралася.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МАНЦІРУЕЦЦА НАВАГОДНЯЕ ЎБРАНСТВА

Па традыцыі камунальнікі ўпрыгожаць наш горад навагоднімі ёлкамі, якія гэтымі днямі будуць устаноўлены на пляцоўках побач з кінатэатрам «Беларусь» і магазінам «Гаспадарчыя тавары». А невялікая штучная ёлачка аздобіць стадыён.

Акрамя таго, на цэнтральных вуліцах Стоўбцаў распачаўся мантаж ілюмінацыі, розных гірляндаў. Як адзначыў дырэктар аб’яднання камунальных службаў Уладзімір Дыскант, па неабходнасці быў выкананы іх рамонт, а таксама ўзяты рахункі на набыццё новых узамен тых, што выйшлі са строю. Мантаж упрыгажэнняў працаёмкі, ажыццяўляецца з дапамогай вышкі, у некаторых выпадах адбываецца адключэнне электрычнасці. Мантажныя работы завяршацца на працягу тыдня.

 

РАЖДЖЭСТВЕНСКІЯ ГІСТОРЫІ

Майстар-кандытар кандытарскага цэха аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства Ганна Шахнер прыняла ўдзел у семінары-практыкуме «Ражджэственскія гісторыі», які прайшоў у Чэрвені.

Удзельнікі семінара мелі магчымасць пабыць на практычных занятках – майстар-клас давала кандытарская фірма. Увага была скіравана на ражджэственскую і навагоднюю прадукцыю.

Што датычыць стаўбцоўскага кандытарскага цэха, то пакупнікам да зімовых святаў будуць прапанаваны каля 20 відаў тортаў, у ліку іх і навінкі, а таксама святочныя пірагі і пірожныя.

Пр

 

НА ДАПАМОГУ ПЕРАСЯЛЕНЦАМ

Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа пры фінансавай падтрымцы Міжнароднага Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца працягваюць рэалізацыю праекта па аказанні дапамогі перасяленцам з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны.

У лістападзе–снежні ў аддзяленнях Чырвонага Крыжа па ўсёй рэспубліцы ажыццяўляецца выдача ваўчараў на агульную суму  6 мільярдаў 600 мільёнаў беларускіх рублёў для 10 тысяч чалавек, якія адносяцца да катэгорыі павышанай неабароненасці (адзінокія пажылыя, пенсіянеры, людзі з цяжкімі формамі інваліднасці, шматдзетныя і няпоўныя сем’і).

Вымусовым перасяленцам з Луганскай і Данецкай абласцей Украіны, якія пражываюць у Стоўбцах і Стаўбцоўскім раёне, было выдзелена 200 ваўчараў на суму  40 мільёнаў беларускіх рублёў. Дапамогу атрымалі 32 чалавекі з ліку вышэйназваных катэгорый.

Дзякуючы супрацоўніцтву Беларускага Чырвонага Крыжа з Белкаапсаюзам атаварванне ваўчараў ажыццяўляецца ў трох магазінах гандлёвай сеткі «Родны кут» спажывецкай кааперацыі ў Стоўбцах.

Наталля БЫЛІНОВІЧ, старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *