«Марк Фармэль» на новых плошчах

Гандаль Нумары Факты, падзеi, людзi

18-12-2015-15

Новы фірменны магазін райспажыўтаварыства кампаніі «Марк Фармэль» стаў працаваць у людным месцы новага мікрараёна райцэнтра, у былым складскім памяшканні за магазінам «Забота». 

Чаканні наведвальнікаў былі апраўданы – магазін сустрэў іх шыкоўнымі вітрынамі, багатым асартыментам тавару, прыгожым дызайнам залы з навагодняй атрыбутыкай. Радасць саміх працаўнікоў райспажыўтаварыства выказала начальнік аддзела прамысловых тавараў Лідзія Далідовіч:

–       Для нас без перабольшвання гэта падзея, – гаворыць Лідзія Аляксандраўна. – Мы ўдзячны кіраўніку нашага калектыву старшыні праўлення райспажыўтаварыства Віктару Галаўко за  падтрымку новых ініцыятыў і за актыўнасць у мадэрнізацыі гандлёвых аб’ектаў, што вельмі няпроста цяпер. Прыклад такой інавацыйнай дзейнасці – і адкрыццё гэтага магазіна. Рэканструкцыя будынка праведзена ў сціслыя тэрміны. У нас ёсць ужо вопыт гандлёвай дзейнасці з кампаніяй «Марк Фармэль». Да нядаўняга часу фірменная секцыя працавала на гандлёвых плошчах магазіна «Дзіцячы свет». Пакупнікі палюбілі сучасную па дызайне і высокіх спажывецкіх якасцях прадукцыю гэтага прадрыемства.  Мы таксама разлічваем, што наша супрацоўніцтва з кампаніяй працягне паспяховы, правераны ўжо бізнес-праект. «Марк Фармэль» прапанавала нам выгадныя ўмовы супрацоўніцтва – тавар прадастаўляецца не па дагаворы-куплі продажу, а на рэалізацыю, завозіцца малымі партыямі транспартам вытворцы з пастаянным абнаўленнем асартыменту, прэзентацыяй навінак. Мы прадалі яго – і разлічыся з пастаўшчыком. Далёка не кожнае прадпрыемства з айчынных вытворцаў прадастаўляе такія выдатныя ўмовы. І мы гэта вельмі цэнім у адносінах да супрацоўніцтва з «Марк Фармэль». Плошчы былой фірменнай секцыі ў «Діцячым свеце» былі цесныя, каб ва ўсёй разнастайнасці і паўнаце прадставіць прадукцыю. Цяперашняя гандлёвая зала плошчай больш за 150 квадратных метраў дазволіла зручна размясціць вітрыны з багатай выкладкай тавару. Прадпрыемства вырабляе прадукцыю для ўсёй сям’і. Тавар вытрымаў усе сертыфікаты.  «Марк Фармэль» – у ліку прадпрыемстваў, якія адпавядаюць высокім патрабаванням і прапаноўваюць з натуральнай сыравіны выдатнай  якасці і прыгожыя па дызайнерскім і колеравым выкананні бялізну, трыкатаж, шкарпэткавыя вырабы, як для дарослых, так і для дзяцей, з вялікай разнастайнасцю мадэляў. Асобная група – інавацыйныя прадукты з павышанымі спажывецкімі ўласцівасцямі, як тэрмабялізна.

–       Важна адзначыць, – дапаўняе Віктар Галаўко, – што гандлёвая зала ўкамплектавана сучаснай камп’ютарнай сістэмай і супрацькрадзежнай аховай. Набытая намі сістэма з серверам дазволіць у будучым завязаць у адзіную сетку і бліжэйшыя гандлёвыя аб’екты, што аблегчыць працу таваразнаўцаў. Функцыі ўліку тавару, аб’ёмаў штодзённай яго рэалізацыі бярэ на сябе камп’ютар. Што датычыць новага аб’екта, то рэканструкцыя праведзена ведамаснай будаўнічай брыгадай ў сціслыя тэрміны з прыцягненнем падрадчыкаў – РБУ і Стаўбцоўскай ПМК. Дызайнерскае афармленне гандлёвай залы выканалі спецыялісты  «Марк Фармэль», фірма ўзяла на сябе і рэкламныя расходы. Гандлёвае абсталяванне на суму каля 360 мільёнаў рублёў таксама закуплена на тым прадпрыемстве, якое выпускае прадукцыю па заказе гэтай кампаніі. Усё гэта дало такі выдатны вынік.

Магазін атрымаўся сучасным, прыгожым, з багатым асартыментам. Мы спадзяёмся, што адкрыццё гэтага аб’екта дазволіць павялічыць удзельную вагу прамысловых тавараў у агульным аб’ёме рэалізацыі. Паказчык гэты па нашым райспажыўтаварыстве хоць і вышэйшы за сярэднеабласны па сістэме спажывецкай кааперацыі, аднак застаецца нізкім.

Сваё слова  на ўрачыстай прэзентацыі сказаў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аркадзь Казякоўскі:

–       Безумоўна, уражвае, што ў непрыглядным яшчэ нядаўна памяшканні, якое не выкарыстоўвалася, атрымаўся такі прэзентабельны модны магазін адзення, які выгадна выдзяляецца сярод іншых у райцэнтры. Хочацца адзначыць рупнасць кіраўніцтва райспажыўтаварыства ў ажыццяўленні ведамаснай праграмы мадэрнізацыі гандлёвых кропак. У гэтым памяшканні раней стаялі катлы, з дапамогай якіх меркавалі ацяпляць непабудаванае кулінарнае вучылішча і бліжэйшыя ведамасныя аб’екты. Катлы былі дэманціраваны, а паўразваленае памяшканне прыведзена ў прэзентабельны выгляд. Такая мадэрнізацыя гандлёвых аб’ектаў райспажыўтаварыствам праводзіцца не толькі ў райцэнтры, але, што вельмі важна, і ў сельскай мясцовасці, дзе ўдзельная вага спажывецкай кааперацыі ў тавараабароце раёна складае высокі працэнт. Як прыклад можна прывесці нядаўна адкрыты пасля рамонту магазін самаабслугоўвання ў Цеснавой. Хачу падзякаваць кіраўніцтву райспажыўтаварыства за ўдзел у праграме правядзення свят вёсак, якая рэалізуецца ў нашым раёне. Ва ўсіх населеных пунктах, дзе праведзены такія ўрачыстасці, былі капітальна адрамантаваны з усім сучасным унутраным начыннем вясковыя магазіны. У нас ёсць ужо план правядзення свят вёсак на наступны год. Гэта стане асновай ведамаснай праграмы рэканструкцыі гандлёвых аб’ектаў і для райспажыўтаварыства. І прыступіць да рамонтаў можна загадзя, не адкладваючы іх на апошні дзень.

–       Абслугоўваць наведвальнікаў у новым магазіне будуць Вольга Мялешка (на правах загадчыцы), кваліфікаваны спецыяліст з эканамічнай адукацыяй, якая валодае інфармацыйнымі тэхналогіямі,  вопытныя таваразнаўцы Людміла Уласік і Тамара Рубін.

З нагоды адкрыцця магазіна на працягу чатырох дзён праводзіўся продаж тавару з 15-працэнтнай скідкай ад рознічнай цаны. І надалей пакупнікоў чакаюць прыемныя перадсвяточныя скідкі і акцыі. Арганізатары гандлю спадзяюцца, што новы магазін не згубіцца сярод іншых і будзе дастаўляць пакупнікам радасць і прыемнасць ад пакупак.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *