Падзеі і здарэнні

Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

ЗАГСам зарэгістраваны па раёне адзін шлюб, зроблена адзнака аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі восем маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Марк Клыгач, Давід Пархімовіч, Арына Дубатоўка, Софія Дамброўская, Валерыя Сень, Марк Лісоўскі, Уладзімір Валента і Анастасія Аеева.

Зямны шлях закончыўся для дзевяці жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі загаранне ў Зарэччы (Рубяжэвіцкі сельсавет), дзе агнём знішчаны гараж разам з аўтамабілем. Папярэдняя прычына пажару – кароткае замыканне электраправодкі аўтамабіля.

Міліцыяй зарэгістраваны 92 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана сем крымінальных спраў, у чатырох з іх устаноўлены падазраваемыя. Выяўлены факт падробкі пасведчання аб рэгістрацыі транспартнага сродку «Таёта-авенсіс-верса» на імя грамадзяніна Е. Ад дома ў Скамарошках быў угнаны аўтамабіль «Рэно-19», на якім зламыснік паспеў пакатацца. У Мешычах зламыснік выкраў маёмасць з дачнага падворка. Са слупа лініі электраперадач, размешчанага побач з зямельным участкам па вуліцы Пераможцаў у Стоўбцах, прапала электраабсталяванне, якое належала забудоўшчыку. 

 Пракуратурай раёна прааналізаваны звесткі ад раённай ветстанцыі аб фактах невытворчага выбыцця сельскагаспадарчых жывёлін. Так, у лістападзе 2015 года ў ААТ «Вішнявецкі-агра» і ААТ «Дзераўное» меў месца падзеж дзевяці і чатырох (адпаведна) галоў буйной рагатай жывёлы. Устаноўлена, што яго асноўнымі прычынамі сталі халатныя адносіны работнікаў да ўтрымання, кармлення і вырошчвання жывёлы. Кіраўнікам названых гаспадарак вынесены прадпісанні аб ухіленні парушэнняў і прыцягненні вінаватых да дысцыплінарнай і матэрыяльнай адказнасці.

Суд асудзіў да штрафу ў памеры 18 000 000 рублёў 30-гадовага жыхара Слабады, які падчас сваркі з бацькам нанёс яму цялесныя траўмы. 46-гадовы стаўбчанін, раней судзімы, прызнаны вінаватым у парушэнні грамадскага парадку і пазбаўлены волі на паўтара года, а таксама прыцягнуты да прымусовага лячэння ад алкагалізму.

  ДАІ выявіла 250 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – 34 недысцыплінаваныя пешаходы, 14 вадзіцеляў-бяспраўнікаў і трое нецвярозых вадзіцеляў (адзін з іх – «паўторнік», які паблізу паварота на Сіняву няправільна выбраў хуткасць руху, дапусціў занос аўтамабіля і яго перакульванне). Здарылася сем дарожных аварый. На шчасце, ніхто не пацярпеў. З 15 па 18 снежня на дарогах раёна прайшла прафілактычная акцыя «Зімнія шыны». 

«Хуткая» выязджала да хворых 161 раз, у прыватнасці пяць сігналаў паступіла да асоб з алкагольным ап’яненнем. Сем выклікаў – неабгрунтаваныя. 

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *