Валанцёраў Стаўбцоўшчыны ўшанавалі ў рэспубліцы

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

18-12-2015-19

Ва ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – Добрае Сэрца» бралі ўдзел і члены валанцёрскага атрада «Брадабрэі» раённага камітэта ГА «БРСМ». За першае месца ў намінацыі «Разам мы можам больш» ім уручаны дыплом і каштоўны падарунак – прынтар.

Дыплом падпісаў і ўручыў намінантам першы сакратар Цэнтральнага камітэта ГА «БРСМ» Андрэй Белякоў, а само ўшанаванне лепшых валанцёраў нашай краіны праходзіла ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.

– Для нас гэта незабыўная падзея – адно толькі ўдзел у ёй мы ўспрынялі не інакш як узнагароду, – падзялілася педагог-арганізатар школы № 2 г. Стоўбцы Юлія Зуева, якая брала непасрэдны ўдзел у цырымоніі. Разам з ёю на цырымоніі пашчасціла пабываць вучаніцам – Яне Клімовіч (акрамя валанцёрства, Яна абрана сакратаром пярвічнай арганізацыі БРСМ школы), Аліне Залуцкай і Кацярыне Кучарэшка. «Гэта наш валанцёрскі актыў», – гаворыць пра дзяўчат Юлія Аляксандраўна.   

У склад валанцёрскага атрада «Брадабрэі» ўваходзіць каля 50 вучняў 9-11 класаў з розных школ раёна, але прадстаўляць яго падчас узнагароджання выпаў гонар  менавіта вучням другой гарадской школы.

– І валанцёры, і ў цэлым калектыў школы цесна супрацоўнічаюць з раённым камітэтам, з гатоўнасцю адгукаюцца на ўсе нашы акцыі і праекты, самі праяўляюць ініцыятыву, – патлумачыла выбар першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.     

Цяпер у валанцёраў асабліва адказная і напружаная пара – ідзе падрыхтоўка да навагодніх і калядных дабрачынных акцый. Іх будзе многа, як многа ёсць сярод нас тых, хто чакае нашай дапамогі і ўвагі. Рабяты арганізавалі сярод сваіх равеснікаў і аднакласнікаў збор падарункаў – канцылярскіх прылад, цацак, ласункаў, – каб потым парадаваць імі шматдзетныя сем’і, дзяцей з нядобранадзейных сем’яў і т. п. Валанцёры школы № 2 добра памятаюць леташнія адчуванні, калі разам упрыгожвалі ёлку для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, дапамагалі гэтым дзецям і маладым інвалідам не застацца ўбаку ад святочнага дзейства і самі пераапраналіся ў касцюмы раставых лялек і давалі ўсім магчымасць ад душы смяяцца, забываць пра свае балячкі…

Валанцёры шэфствуюць над ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, ветэранамі працы, у тым ліку – педагагічнай, якія калісьці вучылі дзяцей у іх школе, над адзінокімі пажылымі жыхарамі горада. Усім ім прыемна, калі моладзь прыходзіць да іх з віншаваннямі ў святочныя дні і з дапамогай – у будныя. Напрыклад, каб дапамагчы навесці парадак у двары, на прысядзібным участку. Валанцёры дружна выходзяць і на ўборку грамадскай тэрыторыі – як правіла, гэта бліжэйшыя да школы плошча Леніна і памятнае месца вакол мемарыяльнай стэлы ў гонар загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў. На плошчы Бессмяротнасці, дзе праходзяць мітынгі ў Дзень Перамогі, Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, заўсёды кранальна назіраць карціну, як юнакі і дзяўчаты клапатліва бяруць ссівелых ветэранаў пад локаць і сыходзяць разам з імі па прыступках сцэны. Крокі ў іх марудныя, павольныя, але, здаецца, уся плошча любуецца  і ганарыцца нашай маладой зменай.                   

Валанцёрства – нялёгкая праца, якая вымагае і часу, і сіл духоўных. «Як адносіцца да яго сучасная моладзь?» – цікаўлюся ў Юліі Зуевай. Адказ не патрабуе лішніх каментарыяў: «Дзеці адносяцца нармальна, з разуменнем, іх і прасіць не трэба – яны самі імкнуцца быць добразычлівымі, спагадлівымі да іншых, разумець людзей».

Варта сказаць, што БРСМ арганізаваў для ўдзельнікаў урачыстай цырымоніі псіхалагічныя трэнінгі акурат на гэтую тэму: па канфлікталогіі, пераадоленні стрэсавых сітуацый, аратарскім майстэрстве, пастаноўцы жыццёвых мэтаў. Прайшоў таксама семінар-трэнінг па арганізацыі валанцёрскага руху з удзелам трэнераў з трэнерскіх пулаў Савета Еўропы і Еўрапейскай валанцёрскай службы. На цырымонію ўшанавання валанцёраў былі запрошаны і зоркі беларускай эстрады, сярод якіх быў і саліст групы «Цвет алоэ» Сяргей Лапкоўскі. Выпадковае супадзенне ці заканамернасць, але Сяргей Лапкоўскі ў свой час закончыў школу № 2 у Стоўбцах. Цяпер яго родная школа стала цэнтрам маладзёжнага валанцёрскага руху на Стаўбцоўшчыне і ўзнагарода, уручаная яе вучням, абавязвае працаваць яшчэ актыўней, яшчэ цікавей і бліжэй да людзей.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *