Інфармацыйнае поле

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

Рахунак для сямейнага капіталу

З пачатку года 58 шматдзетных сем’яў раёна адкрылі ў банку дэпазітны рахунак для залічэння сямейнага капіталу.

Безнаяўныя грашовыя сродкі ў памеры 10 тысяч долараў ЗША (сямейны капітал) пачалі налічвацца з 1-га студзеня бягучага года сем’ям пры нараджэнні трэцяга або наступных дзяцей. Ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама звярнуліся 72 шматдзетныя сям’і, і 64-м з іх сямейны капітал ужо прызначаны.

Рэалізаваць права на прызначэнне сямейнага капіталу можна на працягу шасці месяцаў з дня нараджэння (усынаўлення, удачарэння) трэцяга або наступных дзяцей. На адкрыццё дэпазітнага рахунку адводзіцца таксама шэсць месяцаў з даты рашэння аб прызначэнні сямейнага капіталу. У тым, каб ніводная шматдзетная сям’я не прапусціла гэтых тэрмінаў, зацікаўлены ўсе службы, якія працуюць з імі. Ініцыятарам выступае ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, яно цесна супрацоўнічае з ЗАГСам, тэрытарыяльным цэнтрам. За кансультацыяй можна звяртацца па тэл. 5-52-94, 5-32-84.

Пр

 

РЭГІСТРАЦЫЯ ПА МЕСЦЫ ЖЫХАРСТВА

Для рэгістрацыі па месцы жыхарства грамадзянін абавязаны на працягу аднаго месяца з дня прыбыцця на новае месца жыхарства звярнуцца да асобы, адказнай за рэгістрацыю, а пры яе адсутнасці – у орган рэгістрацыі (пры гэтым не патрабуецца звяртацца для зняцця з рэгістрацыйнага ўліку па ранейшым месцы жыхарства).

Для рэгістрацыі па месцы жыхарства грамадзянін абавязаны прадставіць: заяву устаноўленай формы; дакумент, які пацвярджае асобу; даверанасць, аформленую ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку, – для прадстаўнікоў грамадзян; ваенны білет або часовае пасведчанне (пасведчанне прызыўніка) з адзнакай аб пастаноўцы на воінскі ўлік па новым месцы жыхарства – для рэгістрацыі ваеннаабавязаных (прызыўнікоў); дакумент, які з’яўляецца падставай для рэгістрацыі грамадзяніна па месцы жыхарства; пісьмовую згоду аднаго з бацькоў непаўналетняга на яго рэгістрацыю па месцы жыхарства другога з бацькоў, засведчаную асобай, адказнай за рэгістрацыю, – для рэгістрацыі непаўналетняга па месцы жыхарства аднаго з бацькоў у выпадку, калі бацькі зарэгістраваны не па адным месцы жыхарства; пісьмовую згоду бацькоў непаўналетняга на яго рэгістрацыю не па месцы іх  жыхарства, засведчаную асобай, адказнай за рэгістрацыю, – для рэгістрацыі непаўналетняга ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў не па месцы жыхарства яго бацькоў; дакумент, які пацвярджае аплату грамадзянінам дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю па месцы жыхарства (за выключэннем выпадкаў вызвалення ад яе аплаты, прадугледжаных заканадаўствам).

У месячны тэрмін, вызначаны для звароту грамадзян з мэтай рэгістрацыі па месцы жыхарства, не ўключаецца час, на працягу якога грамадзянін па ўважлівай прычыне (цяжкая хвароба, службовая камандзіроўка і інш.), пацверджанай адпаведнымі дакументамі, не змог звярнуцца для рэгістрацыі.

Асоба, адказная за рэгістрацыю, на працягу трох рабочых дзён з дня прадастаўлення грамадзянінам дакументаў накіроўвае іх у орган рэгістрацыі. Орган рэгістрацыі рэгіструе грамадзяніна па месцы жыхарства ў той жа дзень шляхам прастаўлення штампа аб рэгістрацыі па месцы жыхарства ў дакуменце, які засвядчае асобу, а таксама ўнясення звестак аб грамадзяніне ў картку рэгістрацыі.

Рэгістрацыя непаўналетніх, якія не маюць пашпартоў грамадзян Рэспублікі Беларусь або пасведчання на права жыхарства ў Рэспубліцы Беларусь, па месцы жыхарства іх законных прадстаўнікоў (аднаго з іх) ажыццяўляецца шляхам унясення звестак аб непаўналетніх у картку рэгістрацыі аднаго з законных прадстаўнікоў.

Пасля рэгістрацыі грамадзяніна па месцы жыхарства орган рэгістрацыі на працягу трох рабочых дзён накіроўвае паведамленне аб змяненні месца жыхарства гэтым грамадзянінам у орган рэгістрацыі па яго ранейшым месцы жыхарства.

Зняцце грамадзяніна з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства пры змяненні ім месца жыхарства ажыццяўляецца органам рэгістрацыі на працягу пяці рабочых дзён пасля атрымання паведамлення аб змяненні месца жыхарства. Пры гэтым грамадзянін лічыцца знятым з рэгістрацыйнага ўліку па месцы жыхарства з дня рэгістрацыі па новым месцы жыхарства.

Уладзімір КУДРЭВІЧ, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі райаддзела міліцыі     

 

САЙТ САВЕТА ВЕТЭРАНАЎ

Ініцыятыўнай групай ветэранаў, якія валодаюць інфармацыйнымі тэхналогіямі пад кіраўніцтвам А. В. Вердыша, створаны сайт Стаўбцоўскага раённага савета ветэранаў. Інфармацыя, якая  змяшчаецца тут, заклікана аказваць метадычную дапамогу пярвічным арганізацыям, увогуле асвятляць жыццё ветэранаў.

На сайт у глабальнай сетцы інтэрнэту можа зайсці любы грамадзянін не толькі нашай краіны, але і з замежжа з любога камп’ютара, падключанага да сеткі Белтэлекама. Неабходна толькі набраць адрас: //http://veteranstolbci.96.lt/index.html//.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *