З нагоды

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

21-12-2015-13

ГОД 2015-ТЫ ДЛЯ РЭСА

Энергетыкі, якія рухаюць прагрэс ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, самі ідуць у нагу з часам.

– На даны момант ажыццяўляецца пераход на тэлемеханізацыю трансфарматарных падстанцый, дыстанцыйнае кіраванне сеткамі, – заўважае галоўны інжынер Стаўбцоўскага РЭС Сяргей Феўралёў.

На абслугоўванні РЭС знаходзяцца 916 км паветраных ліній 10 кВ, 163 км кабельных ліній 10 кВ, 135 км кабельных ліній 0,4 кВ, 870 км паветраных ліній 0,4 кВ, а таксама 646 трансфарматарных падстанцый.

Для іх абслугоўвання працуюць сем вытворчых брыгад, у саставе якіх – 86 працаўнікоў, у тым ліку 21 ІТР. У 2015 годзе зроблены вытворчы рамонт 90,5 км высакавольтных ліній 10 кВ, 46 км паветраных ліній 0,4 кВ. Адрамантавана будаўнічая частка пяці трансфарматарных падстанцый. Заменена 39 апор, 21 км правадоў, якія праходзяць па лясных масівах. На сетках заменена 17 км провада 0,4 кВ і 119 апор. На тэрыторыі раёна выкананы комплексныя паслугі па заявачным прынцыпе «адно акно» ў колькасці 49 работ.

Энергетыкі лішні раз нагадваюць: каб не дапусціць пашкоджання кабелю і трагічных выпадкаў пры правядзенні земляных работ, домаўладальнікам і арганізацыям неабходна ўзгадняць гэтыя работы, а таксама часовае адключэнне лініі з РЭС. Выдаткі, звязаныя з пашкоджаннем кабелю ў выпадку несанкцыянаваных раскопак, кампенсуюцца за кошт таго, хто іх праводзіў.

 

ПРАЦОЎНЫЯ БУДНІ ЛЕПШАЙ БРЫГАДЫ

Мы кіруемся ў напрамку вёскі Пагарэлае, дзе, як адзначыў старшы майстар Стаўбцоўскага РЭСа і наш суправаджальнік Вадзім Шчэкала, працуе адна з лепшых вытворчых брыгад стаўбцоўскіх энергетыкаў. Аб’екты ў іх пастаянна розныя, мяняюцца, але работа носіць, як правіла, планавы характар, а не выкліканы той ці іншай аварыйнай сітуацыяй. Тонка падмечана: чым стабільней працуюць энергетыкі, тым менш заўважаем мы іх працу. Сапраўды, для спажыўца важна што? Каб электразабеспячэнне было надзейным і бесперабойным.

На аб’екце сустракае вопытны майстар Сяргей Стома. Ён у курсе ўсіх спраў, у тым ліку і прыезду журналістаў. У першую чаргу Сяргей Міхайлавіч знаёміць з брыгадай. Сяргей Клаўшун – брыгадзір, Дзмітрый Паплаўскі і Леанід Ермак – электраманцёры, Мікалай Пархімовіч – вадзіцель. Службовы аўтамабіль, за рулём якога знаходзіцца Мікалай Леанідавіч, дае магчымасць як аператыўнай дастаўкі брыгады на любы з аб’ектаў, так і ўкрыцця работнікаў ад непагадзі, не абысціся без яго і ў абедзенны перапынак. Ды і вадзіцель – па сумяшчальніцтве электраманцёр, дапамагае членам брыгады ў іх асноўнай рабоце.   

– Брыгада падабралася добрая, – не хавае адабрэння майстар. – Сёння, праўда, няма з намі Сяргея Шпакоўскага. Сяргей працуе больш за дзесяць гадоў, сёлета быў вылучаны ад раённых электрасетак на Дошку гонару філіяла Стаўбцоўскіх электрычных сетак РУП «Мінскэнерга».

З самай раніцы чарговы рабочы дзень абяцае быць напружаным, адказным. Задача пастаўлена наступная: ад фермы ў Пагарэлым да фермы ў Любкаўшчыне неабходна выраўняць апоры ліній электраперадач. Да правядзення рамонтных работ імі ўжо ўсё падрыхтавана – адключана лінія, пастаўлена зазямленне. «Пасля абеду пераедзем у Раёўшчыну – выконваць заяўку на падключэнне абанента», – дзеліцца майстар дзённымі планамі.

Зона абслугоўвання вытворчай брыгады ахоплівае пяць гаспадарак раёна. У яе ўваходзяць і шматлікія населеныя пункты, дзе неабходна абслугоўваць абанентаў, забяспечваць работу вулічнага асвятлення. Будні энергетыкаў звязаны з тэхабслугоўваннем ліній і, безумоўна, з іх капітальным рамонтам. Апошнім часам на лініях электраперадач, якія праходзяць у лясных масівах, вядзецца замена провада на  ізаляваны. Аналагічныя работы энергетыкі не так даўно завяршылі непадалёк Вішняўца. Працягласць лініі з ізаляваным провадам склала каля чатырох кіламетраў.  

А колькі ўсяго зроблена за 25 гадоў працоўнай біяграфіі ў РЭСе?.. Менавіта столькі прысвяціў гэтай арганізацыі майстар Сяргей Стома (яго дачка Святлана, пяцікурсніца факультэта «Прамысловая электроніка» Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, узяла курс на атамную энергетыку, на будучую Астравецкую АЭС). Калісьці ён прыйшоў у РЭС адразу пасля службы ў арміі. Трэба сказаць, што РЭС, як і ПЭС, заўсёды быў аўтарытэтным, прэстыжным месцам працы. Пра гэта гавораць і тыя, хто прыйшоў у РЭС значна пазней. Да прыкладу, Дзмітрый Паплаўскі, стаж работы якога ў РЭСе складае дзесяць гадоў. Дзмітрый закончыў Дзяржынскае прафтэхвучылішча і вярнуўся працаваць у сваю родную Аталезь, на цагельны завод, але, калі пачуў пра набор электраманцёраў у РЭС, пацягнула змяніць месца працы. «Не шкадую аб зробленым выбары, – прызнаецца Дзмітрый і тлумачыць, што менавіта яго трымае тут:  – Пастаянная работа, стабільны заробак, прафесійнае развіццё.

Безумоўна, нельга не сказаць і пра ахову працы, да якой у электрасетках не проста падыход у адпаведнасці з усімі нарматыўнымі дакументамі і стандартамі, як на большасці прадпрыемстваў раёна, а сістэмная работа, узведзеная ў ранг ідэалогіі.

Крыху інакш, чым у Дзмітрыя Паплаўскага, склаўся напачатку лёс у брыгадзіра Сяргея Клаўшуна: ён прыйшоў у РЭС у 1996 годзе, ужо маючы за плячыма васьмігадовы вопыт работы электраманцёрам на іншым прадпрыемстве горада. Тады вызвалілася месца з-за таго, што яго папярэднік пайшоў на пенсію. Так і стаў з часам Сяргей Вячаслававіч брыгадзірам, настаўнікам моладзі.

 – Моладзь авалодвае навыкамі на хаду, – так майстар і брыгадзір кажуць пра самага маладога члена брыгады – Леаніда Ермака. Хлопец закончыў ПТВ № 8 у Мінску, у РЭСе працуе два гады, прычым апошнія паўтара – у адной з лепшых вытворчых брыгад. На пытанне «Як настрой?» Леанід адказвае шырокай усмешкай. Маўляў, ужо асвоіўся. Яго бацькам з Вялікага Двара нічога, напэўна, і не трэба тлумачыць пра сына аднавяскоўцам, бо ён жыве з імі і, акрамя таго, яму нярэдка даводзіцца працаваць на аб’ектах акурат у роднай вёсцы, на вачах у сваіх землякоў.        

У энергетыкаў няшмат часу на размовы. Зімовы дзень – кароткі. Сёлетняе снежаньскае надвор’е то задзьме халодным ветрам, а то мокрым снегам пакрые. Энергетыкі ад гэтага сваіх планаў не мяняюць. «Мы прывычныя, – кажуць, –  да ўсяго. Нават дзяжурства ў навагоднюю ноч для нас не з’яўляецца нечаканасцю».

Віншуем усіх энергетыкаў раёна з прафесійным святам і хуткім Новым годам. Няхай прынясе ім 2016 год здароўе, удачу і плённую працу на карысць людзям!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКАХ: на аб’екце (злева направа) майстар Сяргей Стома, брыгадзір Сяргей Клаўшун з самым маладым электраманцёрам Леанідам Ермаком; Дзмітрый Паплаўскі сцвердзіўся ў сваёй прафесіі

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

І Ў СВАЕ 90 – ПАТРЫЁТ

На мінулым тыдні віншаванні з 90-гадовым юбілеем прымаў шаноўны Мікалай Гутко з Новай Вёскі, інвалід Вялікай Айчыннай вайны.

– Ужо зусім не тое, што мець за плячыма 50 ці 60 гадоў, – адгукаецца на віншаванне Мікалай Іванавіч. – Але жыццё працягваецца. У маёй хаце, бывае, гучыць смех і дзіцячы галасок, калі прыязджае да мяне ў госці трохгадовая праўнучка Даша…

Удаўцом Мікалай Іванавіч стаў больш за 30 гадоў таму, аднак яго ніяк не выпадае назваць адзінокім. Недалёка, у Гарадзеі, жыве яго дачка Наталля з сям’ёю, якая падарыла бацьку двух унукаў і ўжо двух праўнукаў. «Дачка ў мяне добрая, усё дапамагае. Лечыць мяне ўколамі, таблеткамі, вітамінамі, бо яна медык. Бацькоўскую хату адрамантавала так, што яе не пазнаць», – дзеліцца ветэран. І сапраўды, вясковая хата яго, размешчаная ў цэнтры Новай Вёскі, абшыта сайдынгам, карыстаецца ён новымі плітой і катлом. Жыві, як кажуць, і ні аб чым не турбуйся. Прысядзібны ўчастак у Мікалая Іванавіча складае 50 сотак зямлі, але яны таксама, дзякуючы дачцэ, па-ранейшаму прыносяць карысць – у сезон засаджваюцца бульбай, буракамі, капустай. 

На вайне Мікалай Іванавіч страціў левую руку. Гэта асабліва хвалюючы эпізод… У студзені 1945-га, калі зенітчыку Мікалаю Гутко было 20, іх брыгаду накіравалі па месцы дыслакацыі 5-й арміі 3-га Беларускага фронту. У першы ж дзень яны збілі некалькі варожых самалётаў. Потым былі іншыя баі… Недалёка ад Кёнігсберга, будучы ў тыле, з’явілася вялікая нямецкая групіроўка, для знішчэння якой былі перакінуты некалькі зенітных разлікаў. Ім прыйшлося акопвацца ў лесе, бо на адкрытай мясцовасці немцы палівалі шквалістым агнём. У гэты момант адным з пралятаючым снарадаў Мікалаю Гутко адарвала руку. Яго даставілі ў Вільнюс, дзе зрабілі аперацыю, далечванне праходзіў у шпіталі г. Шуя. За праяўленую мужнасць ён узнагароджаны ордэнамі Чырвонай зоркі і Айчыннай вайны, медалём «За адвагу».   

Жыве Мікалай Гутко з пратэзам і, нягледзячы на гэты фізічны недахоп, усё жыццё быў працаўніком. У свой час адпрацаваў у мясцовай гаспадарцы 45 гадоў, пераважную большасць іх – у канторы. Быў касірам, бухгалтарам, выконваў сваю справу акуратна і граматна. Невыпадкова, што ААТ «Вялікі Двор» у ліку першых павіншавала з юбілеем свайго былога работніка.

– У Новай Вёсцы засталося толькі два ветэраны вайны – Мікалай Гутко і Сяргей Хмель. На тэрыторыі сельсавета – 18 удзельнікаў вайны розных катэгорый, – гаворыць старшыня Старасвержанскага сельвыканкама Марына Таяноўская. – Іх мы віншуем і з асабістымі жыццёвымі датамі, і з дзяржаўнымі святамі, у першую чаргу – з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. ААТ «Агранёманскі» спецыяльна выдзяляе аўтобус, каб наша святочная брыгада ў складзе школьнікаў і работнікаў культуры наведала кожнага ветэрана.

І ў гэтыя снежаньскія дні ў доме Мікалая Гутко прагучала нямала цёплых слоў у адрас гаспадара, пажаданняў яму здароўя і даўгалецця. А ён, атулены клопатам і любоўю родных людзей, стараецца не здавацца, быць, як некалі на фронце, моцным духам. Жыццё навучыла яго шмат чаму, падарыла сямейнае шчасце і багацце гадоў.         

Пакуль жывыя ветэраны – жыве многае: памяць, гісторыя, патрыятызм, Радзіма.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *