Пераднавагодняе

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

22-12-2015-12

ЗЯЛЁНЫ ВОДАР НОВАГА ГОДА

Сімвалам прыгожых зімовых свят – Новага года і Ражджаства Хрыстовага – з’яўляецца прыгажуня ёлка. Нават тыя, хто ставіць у сябе дома штучную, стараюцца зрабіць хвойную ікебану ці букет. Пах жывой ёлкі – непаўторны і стварае асаблівы навагодні настрой.

У перадсвяточныя дні работнікі Стаўбцоўскага доследнага лясгаса працуюць па асаблівых графіках. Гэта пацвярджае нам і галоўны інжынер Генадзь Шпілеўскі. Працаўнікі гадавальніка пад кіраўніцтвам Валянціны Сахар вырасцілі навагоднія дрэвы, падрыхтавалі іх да продажу зрэзанымі і ў кадках і цяпер займаюцца зборам сасновых шышак. У бягучым годзе ўраджай іх не надта высокі, аднак нарыхтавана ўжо больш за тону.

Дастаўленыя навагоднія ёлкі ажывілі тэрыторыю лясгаса. Перадсвяточны гандаль будзе арганізаваны ў лясгасе, у дзевяці лясніцтвах, на ёлачных кірмашах у райцэнтры і на гандлёвай пляцоўцы ў Маскоўскім раёне Мінска.

Плануецца прадаць каля дзвюх тысяч лясных прыгажунь. У мінулым годзе было рэалізавана 1250. Кошт ёлак устаноўлены ў залежнасці ад іх вышыні. Самыя танныя –  у лясніцтвах: да метра – 45 тысяч рублёў, ад метра да двух – 55 тысяч. На ёлачных кірмашах дрэўцы будуць на 10-20 тысяч рублёў даражэйшыя. На гандлёвых пляцоўках можна купіць і жывы навагодні букет за 25 тысяч рублёў. На заказ лясгас паставіць навагоднія дрэвы арганізацыям. Самая вялікая ёлка па традыцыі будзе ўстаноўлена на плошчы каля кінатэатра. Высокія ёлкі ў якасці спонсарскай дапамогі лясгас паставіць у восем дашкольных устаноў адукацыі райцэнтра.

Пераднавагоднія клопаты для працаўнікоў лясгаса пачаліся яшчэ да таго, як былі арганізаваны ёлачныя кірмашы. Шырока разгорнута інфармацыйная работа, каб давесці да свядомасці людзей думку, што купіць ёлку будзе танней, чым самавольна яе высекчы. Для працаўнікоў лясной гаспадаркі важна, каб пад Новы год высякалі спецыяльна падрыхтаваныя дрэвы. Кожнае дрэва такое ж індывідуальнае, як і чалавек, яно марудна расце. У сярэднім для таго, каб вырасці да 1,5 метра, яму патрэбна сем гадоў, а да двух метраў – 10. Таму за самавольную высечку ёлак прадугледжана адміністрацыйнае пакаранне: накладваецца штраф ад дзвюх да 15 базавых велічынь.

У гэтыя пераднавагоднія дні працаўнікі лясніцтваў прыносяць у ахвяру свой час, арганізуючы рэйды і пасты. Лясная ахова масіваў, перакрыжаванняў дарог праводзіцца з самага ранку да 20 гадзін вечара. Гэта – у адносінах да парушальнікаў.

 А тым, хто завітае на ёлачны кірмаш, работнікі лесу падораць святочны настрой, з гатоўнасцю дапамогуць выбраць самую прыгожую ёлачку –  спецыяльна для вашага дома.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: арганізацыя ёлачных кірмашоў для галоўнага інжынера лясгаса Генадзя Шпілеўскага – прыемны клопат.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

У РОЛІ КАРАБАСА-БАРАБАСА

Цэлая вітрына маскарадных дзіцячых касцюмаў размясцілася ў раённым Цэнтры культуры. Для малых выбраць навагодні казачны касцюм – адно задавальненне. Спяшаюцца сюды бацькі яшчэ за некалькі тыдняў да ранішніка. Патрэбна паспець зрабіць заказ, таму што можа выйсці накладка, настрой малога будзе сапсаваны. Вельмі цяжка пераканаць яго потым, што іншы касцюм не горшы чым той, што ён выбраў.

Такую паслугу – пракат маскарадных касцюмаў – Цэнтр культуры арганізоўвае штогод, пастаянна папаўняючы калекцыю навінкамі.

 

АБЛЕГЧАЦЬ КЛОПАТ ГАСПАДЫНЬ

Кандытарскія і кулінарныя вырабы да дамашняга святочнага стала можна заказаць на прадпрыемствах грамадскага харчавання райспажыўтаварыства.

Акрамя гэтага, 23, 25, 30 і 31 снежня на «Кірмашы», у кулінарыі «Мясная лаўка» і ў дзіцячым кафэ «Забота» пройдуць выставы-продажы святочнай прадукцыі.

Рэстараны і кафэ спажывецкай кааперацыі гатовы прыняць наведвальнікаў на навагоднія і святочныя мерапрыемствы. Усе аб’екты грамадскага харчавання, якія ўдзельнічаюць у абслугоўванні пераднавагодніх і навагодняга вечароў, «агеньчыкаў», падаўжаюць рэжым работы. Арганізаваны прыём папярэдніх заказаў. Распрацавана святочнае меню з банкетнымі стравамі навагодняга афармлення. Фасады аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, вітрыны, залы святочна аформлены, усюды пануе пераднавагодні настрой.

 

І ПРАКАТ, І ПРОДАЖ

Раённы камбінат бытавога абслугоўвання таксама арганізаваў гандаль перадсвяточнай прадукцыяй. У ведамасным магазіне «Лаян» і на комплексна-прыёмных пунктах у сельскай мясцовасці можна набыць ручнікі і іншыя тавары з навагодняй сімволікай. У падарунак прапануюцца і іншыя рэчы для дома ўласнага пашыву ведамаснага цэха.

Як і ў мінулыя гады, сёлета на першым паверсе Дома быту арганізаваны пракат дзіцячых маскарадных касцюмаў.

Пр

 

ГІРЛЯНДА «ПАД НАГРУЗКАЙ»

У пераднавагоднюю пару актуальнасць маюць пытанні электрабяспекі.

У школьнікаў хутка пачнуцца зімовыя канікулы, у сувязі з чым бацькам і педагогам варта не забыць пра «ўрокі» элементарных правілаў электрабяспекі. Агульны для ўсіх клопат – каб свята прайшло не толькі весела, а і бяспечна.

Інспекцыя энерганагляду папярэджвае аб тым, што падчас святочных мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі, дамах культуры неабходна прызначыць асобу, адказную за бяспеку. Трэба прадугледзець дзяжурства электратэхнічнага персаналу. Для ўпрыгожвання ёлак можна выкарыстоўваць толькі сертыфікаваныя гірлянды, якія працуюць на паніжаным напружанні – 12, 24 В.

Гірлянды нельга размяшчаць у аконных праёмах, побач з ацяпляльнымі батарэямі, у месцах, дзе існуе верагоднасць адначасовага судакранання іх з правадамі і заземленымі часткамі будынка. У месцах адключэння гірляндаў і іншай светатэхнічнай ілюмінацыі трэба забяспечыць устаноўку прыстасавання ахоўнага адключэння ў адпаведнасці з нагрузкай.

Каб пазбегнуць няшчаснага выпадку, забаронена прымяняць правады і кабелі з пашкоджанай ізаляцыяй, пакідаць пад напружаннем неізаляваную электраправодку, завязваць і скручваць праводку і кабелі, прымяняць у якасці электрасетак тэлефонныя і радыёправады, а таксама самаробныя плаўкія ўстаноўкі засцерагальнікаў («жучкі»).

Пры пажары ў электрашафах электраабсталявання або электраправодках трэба адключыць уводнае прыстасаванне (аўтаматы, пакетны выключальнік, рубільнік) і тушыць пажар пяском або з дапамогай вогнетушыцеля.

Павел ГАЛАВАЧЭНКА, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»         



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *