На здароўе

Год моладзі Медыцына Нумары

23-12-2015-15

ДАПАМАГЧЫ ПАЦЫЕНТКАМ СТАЦЬ ЗДАРОВЫМІ

Святлана Траневіч у медыцыне выбрала спецыялізацыю, якая заклікана мець клопат аб здароўі жанчын.

Пасля заканчэння Слуцкага медыцынскага каледжа ў 2014 годзе яна атрымала накіраванне на працу ў стаўбцоўскую бальніцу. Фельчару-акушэру знайшлося рабочае месца ў акушэрска-гінекалагічным аддзяленні. Вопытныя медыцынскія работнікі дапамагаюць ёй асвоіцца ў прафесіі, прывыкнуць да калектыву і адчуваць сябе ў ім сваёй. Рабочыя будні ў стацыянары патрабуюць аддачы сіл, клопату, увагі да пацыентаў, каб яны хутчэй выпісаліся дамоў здаровымі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

І ПРЫГАЖОСЦЬ, І ЗДАРОЎЕ

Цэнтральная раённая бальніца сустракае наведвальнікаў прыгажуняй-ёлкай і гірляндамі. 

Аднак гэта не ўсе прыгатаванні да прыгожых зімовых святаў. Сярод структурных падраздзяленняў аб’яўлены конкурс на лепшае навагодняе афармленне памяшканняў для стварэння пацыентам камфортнага прыемнага настрою.

Як расказвае галоўная медыцынская сястра Святлана Высоцкая, у калектывах медыкаў створаны цэлыя дызайнерскія групы, творчасць і фантазія іх прыемна здзіўляе. Для такой рупнасці ёсць стымул: загадам галоўнага ўрача выдзелены прэміі для пераможцаў, якім будуць прысуджаны першае, другое і трэцяе месцы. Вынікі падвядуць 28 снежня.

 

СТАНУЦЬ БЯСПЛАТНЫМІ

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь пастанавіў скараціць пералік платных паслуг, якія аказваюцца санэпідслужбай.

З пераліку платных паслуг выключаны дэзынфекцыйныя, дэзынсекцыйныя і дэратызацыйныя па заявах грамадзян (акрамя мерапрыемстваў у ачагах інфекцыйных захворванняў). Бясплатнымі стануць санітарна-гігіенічныя, таксікалагічныя і мікрабіялагічныя лабараторныя і інструментальныя даследаванні па жаданні грамадзян. Бясплатна, калі ўзнікла жаданне грамадзян, можна будзе атрымаць кансультацыю ўрачоў-спецыялістаў па пытаннях забеспячэння санітарна-эпідэмічнага дабрабыту, фарміравання здаровага ладу жыцця.

Пастанова ўступае ў сілу з 11 студзеня 2016 года.

 

Захоўвайце асабістую гігіену

Сярод заразных захворванняў значнае месца займае кароста. Гэта захворванне скуры, выкліканае кароставым кляшчом, які паразітуе ў скуры чалавека. Заразіцца можна пры прамым і непрамым кантактах – непасрэдна ад хворага чалавека і праз прадметы ўжывання (спальныя мяшкі, пасцельную бялізну, пальчаткі, ручнікі і інш).

Трапляючы на скуру, клешч робіць кароставыя хады, у якіх адкладвае яйкі. Па-за арганізмам клешч можа жыць непрацяглы час. Пры павывшэнні тэмпературы да 21-24 градусаў, ён гіне на трэція суткі. У месцах укаранення кляшча ў скуру з’яўляецца характэрная высыпка ў выглядзе вузялкоў і адзначаецца сверб. Часцей за ўсё высыпка з’яўляецца ў міжпальцавых прамежках, на ніжняй палавіне жывата, бакавых паверхнях тулавішча, ягадзіцах, унутранай паверхні бёдраў. У малых дзяцей часцей паражаюцца далоні, падэшвы, твар, шыя, спіна, галава. У людзей з аслабленым імунітэтам кароста можа ўскладніцца дэрматытам ці экзэмай. Схема лячэння вызначаецца лечачым урачом.

Каб не захварэць на каросту, патрэбна захоўваць правілы асабістай гігіены: утрымліваць рукі і ногі ў чысціні; не радзей як раз у тыдзень мыцца ў ванне, пад душам са зменай бялізны; не карыстацца чужымі ручніком, мачалкай, адзеннем; захоўваць чысціню ў памяшканні.

Таццяна ЛАПЕХА, памочнік урача-эпідэміёлага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі

 

«КІШЭЧНЫ» ГРЫП

Ротавірус – самая частая прычына кішэчнай інфекцыі ў дзяцей. У народзе ротавірусную інфекцыю называюць «кішэчным грыпам». Пад’ём захваральнасці прыходзіцца на зімовы час, асабліва ў перыяд са снежня па сакавік.

Інкубацыйны перыяд доўжыцца ад аднаго да пяці дзён. З пачатку хвароба можа праявіцца невялікім насмаркам, болямі ў горле і пад’ёмам тэмпературы. Практычна адначасова далучаецца абільны вадзяністы пеністы стул да пяці-дзесяці разоў у суткі і рвота.

Заразіцца ротавіруснай інфекцыяй можна праз брудныя рукі, прадукты харчавання і, як і звычайным грыпам, – паветрана-кропельным шляхам.

Ротавірус уяўляе найбольшую небяспеку для дзяцей, пажылых людзей і асоб з хранічнымі захворваннямі. Папярэдзіць хваробу можна строгім захаваннем асабістай гігіены, ужываннем вады гарантаванай якасці, прадуктаў з добрым тэрмінам прыдатнасці.

Калі вы адчулі недамаганне, адразу ж звяртайцеся да ўрача. Самалячэнне ротавіруснай, як і любой іншай інфекцыі, можа прывесці да непажаданых вынікаў. Пры лячэнні дома патрэбна строга выконваць назначэнні  і рэкамендацыі ўрача, неабходна ізаляцыя хворага з выдзяленнем яму індывідуальнага посуду і сродкаў гігіеныы

Ірына ПЯТРОВІЧ, загадчык аддзела эпідэміялогіі раённага аддзела гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *