Пераднавагоднія клопаты

Нумары Соцыум Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

23-12-2015-16

Сярод пераднавагодніх клопатаў – падпіска

У мінулы чацвер на Стаўбцоўшчыне прайшлі абласны і раённы дні падпісчыка, якія дазволілі падзяліцца з нашымі даўнімі і новымі сябрамі навагоднім настроем, абмяняцца планамі і найлепшымі пажаданнямі на 2016 год.

У гарадскім аддзяленні сувязі асабліва адчуваецца надыход Новага года. Яго святочнае аздабленне цудоўна дапаўняе спектр адпаведных паслуг, найбольш запатрабаваных гэтай пераднавагодняй парой. А гэта попыт на навагоднія віншавальныя паштоўкі, выбар якіх, да слова, настолькі вялікі, што, нібыта на кірмашы, разбягаюцца вочы і ў дарослых, і ў дзяцей, попыт на паслугу «Віншаванне Дзеда Мароза», попыт на маркіраваную прадукцыю і экспрэс-адпраўленні. Мяркуючы па запытах, большасць наведвальнікаў пошты спяшаецца разлічыцца за камунальныя плацяжы, крэдыты і т. п., каб сярод шматлікіх пераднавагодніх клопатаў нічога не забыць і не ўвайсці ў Новы год з леташнімі даўгамі. Сярод надзённых клопатаў – і падпіска на раённую газету «Прамень» і іншыя перыядычныя выданні.

У сувязі з гэтым у дні падпісчыка работа аператара ў гарадскім аддзяленні сувязі была максімальна набліжана да кліентаў – абсталявана асобнае камп’ютарызаванае месца аператара непасрэдна ў зале. Для зручнасці кліентаў аператар Ніна Кісель аказвала ўсе заказаныя паслугі ў комплексе. Калі яна з ветлівай усмешкай прапаноўвала аформіць падпіску, не адмаўлялі ёй нават тыя, хто прыйшоў выключна з адным намерам – аплаціць «камуналку». Угаворваць нікога не трэба было, аднак пэўнай долі запалу надало тое, што рэдакцыя раённай газеты «Прамень» – па добрай традыцыі – прапанавала разыграць пяць бясплатных экзэмпляраў квартальнай падпіскі.

У розыгрышы ўдзельнічалі падпісныя квіткі, якіх, па выніках работы дзён падпісчыка, аказалася больш за трыццаць. Сярод шчасліўчыкаў на гэты раз – сем’і стаўбчан Каласоўскіх (вуліца Гагарына, 35), Зуевых (вуліца Энгельса, 7), Давыдчыкаў (вуліца Мамантава, 18), Ярмаковічаў (вуліца Галаўскога, 18), Глобаж (вуліца Міру, 16), прычым двое з падпісчыкаў, Зуевы і Давыдчыкі, аформілі падпіску на «Прамень» адразу на паўгоддзе. Віншуем пераможцаў і жадаем і надалей заставацца на плыні часу разам з «Праменем».

Усе, хто не паспеў трапіць на дні падпісчыка і працягнуць падпіску на «Прамень» на першы квартал 2016 года, могуць зрабіць гэта ў любым аддзяленні паштовай сувязі або ў паштальёна.          

На здымках: у абласны і раённы дні падпісчыка завітала ў гарадское аддзяленне паштовай сувязі Іна Арцёменка з дачкой Таццянай; выбірае навагоднюю паштоўку Лера Копач.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

САРАТНІКІ ЖЫВУЦЬ СПРАВАЙ

Справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі КПБ пачалася не зусім стандартна – з узнагароджання тых, хто цесна супрацоўнічае з арганізацыяй.

Старшыня раённай арганізцыі КПБ Ніна Дубовік адзначыла ў першую чаргу Аляксандра Сароку, начальніка райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, дзякуючы намаганням якога Стаўбцоўшчына прыняла ў адыходзячым годзе ўдзельнікаў абласнога эколага-патрыятычнага марафону. Разам была пасаджана ў Сіняве памятная дубовая алея – сімвал сувязі пакаленняў, знак прызнання роднай зямлі ў сваіх лепшых пачуццях. Падзяка за супрацоўніцтва была ўручана Рыгору і Міхаілу Мамайкам – за іх актыўную жыццёвую пазіцыю, сумесную работу па патрыятычным выхаванні моладзі. Рыгор Мамайка, як вядома, узначальвае раённую арганізацыю грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане», пад яго кіраўніцтвам дзейнічае папулярны сярод моладзі клуб адзінаборстваў «Абаронца Айчыны». За сумесную работу былі адзначаны і начальнік аддзела ідэалагічнй работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Суднік, першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская. Маладзёжны лідар, да слова, з’яўляецца і маладым камуністам. Рады партыйнай арганізацыі ўрачыста папоўніліся і падчас канферэнцыі – пажадала аднавіць сваё членства ў партыйных радах Марыя Каспяровіч, ветурач райветстанцыі, і з гэтай нагоды яна выказала гатоўнасць быць карысным саратнікам.

Сёння на ўліку ў арганізацыі 52 члены, аб’яднаныя адной ідэяй і партыйным брацтвам і, немалаважна, энтузіязмам свайго нястомнага старшыні Ніны Дубовік. За гэты год састаў арганізацыі значна амаладзіўся. Сярод яе актывістаў – Станіслаў Грывачэўскі, Аляксандр Зубец, Генадзь Дубовік, Аляксандр Пілінкевіч, Анатоль Сарнацкі, Людміла Чурылава, Аляксандр Самахвал і многія іншыя. Прадстаўнікі раённай арганізацыі КПБ бралі ўдзел у перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі – арганізоўвалі сумесна з раённым аб’яднаннем «Белая Русь» і раённым аб’яднаннем прафсаюзаў пікеты, а таксама вялі перадвыбарную агітацыю і збор подпісаў за кандыдата, працавалі ў складзе выбарчых камісій, назіральнікамі падчас выбараў. Камуністы рэкламуюць сярод насельніцтва газету «Коммунист Беларуси. Мы и время» і самі ажыццяўляюць на яе падпіску.     

Як адзначыла ў сваім дакладзе Ніна Дубовік, раённая арганізацыя КПБ таксама цесна супрацоўнічае з раённымі арганізацыямі Чырвонага Крыжа, БРСМ, ветэранаў вайны і працы, тэрытарыяльным цэнтрам. Да 70-годдзя  Вялікай Перамогі была арганізавана акцыя «Сярэбраная ніць», у якую камуністы раёна зрабілі свой уклад. Больш таго, іх уклад відавочны і ва ўсіх значных раённых мерапрыемствах і акцыях, калі, напрыклад, моладзі ўручаюцца членскія білеты БРСМ і БРПА, праводзяцца суботнікі і т. п.

І камуністам, трэба сказаць, аказваюць у раёне падтрымку і садзейнічанне. Так, пры дапамозе дырэктара аб’яднання камунальных службаў Уладзіміра Дысканта быў добраўпарадкаваны помнік У. І. Леніну ў райцэнтры. Дырэктар Шашкоўскай школы мастацтваў Алена Каралец, якая з’яўляецца членам раённай арганізацыі КПБ, стварыла ансамбль «Святліца» і радуе канцэртамі ветэранаў вайны і працы. Раённае аб’яднанне прафсаюзаў і райкам прафсаюза работнікаў АПК аказваюць партыйнай арганізацыі спонсарскую дапамогу. 

На канферэнцыі выступілі камуністы Міхаіл Сурко, Аляксандр Пілінкевіч, Іван Паляшчук, Іван Высоцкі, Анастасія Калодзінская. Справаздачу рэвізійнай камісіі зрабіла яе старшыня Таццяна Дзярнейка. Слова было прадастаўлена старшыні раённага Савета дэпутатаў Аркадзю Казякоўскаму, а таксама шаноўным гасцям – сакратару ЦК КПБ Мікалаю Валовічу, члену бюро абкама КПБ Альфонсу Цішкевічу, першаму сакратару РК БРСМ Маскоўскага раёна г. Мінска Сяргею Купцу.

Вынікам канферэнцыі стала зацвярджэнне новага складу райкама і яго рабочых органаў. Старшынёй раённай арганізацыі КПБ аднагалосна абрана Ніна Дубовік. Поспехаў і плёну ў працы!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

ДЗЕЦІ СТАЛІ РОДНЫМІ

Пасля таго, як быў надрукаваны артыкул у раённай газеце аб нашай паездцы ў Дом дзіцяці № 1 г. Мінска і абвяшчэнні аб гэтым на інтэрнэт-старонцы нашага класнага кіраўніка Алены Мікалаеўны Буднік, нам сталі тэлефанаваць жыхары раёна і прапаноўваць сваю дапамогу. Мы сабралі шмат рэчаў, сродкаў гігіены, цацак. У нашай школе падарункі збіралі не толькі вучні дзявятых класаў, але і сёмых, пятых і іншых.

Надышоў час паездкі. Узяўшы ў рукі напоўненыя сумкі, мы накіраваліся ў знаёмае нам месца. Нас, як і мінулы раз, там з радасцю сустрэлі. Правялі ў музычную залу, дзе нас чакалі дзеткі. Яны, як анёлачкі, бегалі, танцавалі. Сталі прасіцца да нас на рукі, мы іх абдымалі, сагравалі любоўю. Вадзілі разам карагод каля навагодняй ёлкі.  Мы так радаваліся самі, калі бачылі гэтыя мілыя дзіцячыя вочкі, якія напоўніліся шчасцем, іх дабрыню, даверлівасць. Амаль паўтары гадзіны мы гулялі з імі ў памяшканні, потым адправіліся на вуліцу.

Выхавацелі нам расказалі гісторыі некаторых дзяцей, у нас сціскалася сэрца ад болю. Хочацца звярнуцца да ўсіх дарослых: «Людзі, не пакідайце сваіх дзяцей!» Алена Мікалаеўна спытала пра хлопчыка, які мінулы раз абдымаў нас і дарыў пацалункі. Нам сказалі, што яго ўсынавілі, і цяпер у яго з’явілася свая сям’я. Гэта была самая лепшая навіна для нас. У нас жыве надзея, што да наступнага нашага прыезду і ў іншых дзетак з’явяцца мамы і таты, якія будуць іх моцна-моцна любіць.

Мы вярталіся, напоўненыя ўражаннямі, любоўю да дзетак і з намерам прыязджаць туды зноў і зноў. На сваім адрасе ў ітэрнэце мы знайшлі новыя пісьмы, новых дабрачынцаў, якія гатовы ўдзельнічаць у справе міласэрнасці, намі распачатай. Як цёпла, мірна і добра на душы ад гэтага перад прыгожымі святамі Новым годам і Ражджаством Хрыстовым.

Карына ДЗЯМ’ЯНКА, член гуртка «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы

 

НЕ ПАКІНЕ САЦЫЯЛЬНЫ РАБОТНІК

Адным з важных накірункаў дзейнасці раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва з’яўляецца надомнае абслугоўванне. Галоўная задача нашага аддзялення – аказанне сацыяльна-бытавых паслуг на даму на падставе пісьмовых заяў грамадзян.

На надомнае абслугоўванне прымаюцца непрацаздольныя грамадзяне, якія дасягнулі ўзросту 60 гадоў, і інваліды І і ІІ груп, якія знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

Сацыяльныя паслугі бясплатна аказваюцца адзінокім малазабяспечаным непрацаздольным грамадзянам (сем’ям), агульнадушавы даход  якіх не перасягае бюджэту пражытычнага мінімуму. На ўмовах частковай аплаты паслугі аказваюцца адзінокім, непрацаздольным грамадзянам (сем’ям), сярэднедушавы даход якіх не перасягае 200 працэнтаў зацверджанага ва ўстаноўленым парадку бюджэту пражытачнага мінімуму на душу насельніцтва. На ўмовах поўнай аплаты сацыяльныя паслугі атрымліваюць адзінокія, адзінока пражываючыя непрацаздольныя грамадзяне (сямейныя пары), інваліды І і ІІ груп.

На пачатак снежня ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму на абслугоўванні знаходзяцца 782 жыхары раёна, з іх 191 адзінокі, пяць – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 143 – інваліды па захворваннях. Надомным абслугоўваннем ахоплена 9 працэнтаў ад агульнай колькасці пажылых грамадзян раёна, якія дасягнулі 60-гадовага ўзросту.

Названую колькасць грамадзян абслугоўваюць 90 сацыяльных работнікаў. Усяго надомным абслугоўваннем ахоплены 104 населеныя пункты. Пажылым і хворым людзям дастаўляюцца дадому прадукты, прамысловыя тавары першай неабходнасці, аказваецца дапамога ва ўборцы памяшканняў, дастаўцы вады, ў забеспячэнні палівам, аплаце камунальных паслуг, здачы рэчаў у пральню, хімчыстку, рамонт, дапамога ў вырашэнні пытанняў пенсіённага забеспячэння, сацыяльных выплат, атрыманні юрыдычных кансультацый. Кошт аднаго візіту сацыяльнага работніка ў райцэнтры складае  9150 рублёў, у сельскай мясцовасці – 13350 рублёў.

Рэгулярна, тры разы на год, а то і часцей, праводзіцца маніторынг работы сацыяльных работнікаў. Выяўляюцца грамадзяне, якія маюць патрэбу ў розных відах дапамогі. Наладжана цеснае ўзаемадзеянне з РАНС, РАУС, раённай бальніцай, што забяспечвае своечасовае рэагаванне на праблемы пажылых людзей і іх вырашэнне.

Іваліды па зроку могуць звяртацца ў наша аддзяленне з заявамі на атрыманне пуцёвак у санаторый «Пад’ельнікі». У сярэднім штогод аздараўляецца дзевяць чалавек.

На асаблівым уліку ў нас знаходзяцца адзінокія пажылыя людзі. Пры неабходнасці супрацоўнікі цэнтра хадайнічаюць перад раённай бальніцай аб памяшчэнні іх на медыка-сацыяльныя ложкі.

З чэрвеня бягучага года наша аддзяленне прымае дакументы на змяшчэнне зрамадзян у дамы-інтэрнаты. Адзінокія пражываючыя грамадзяне, якія маюць дзяцей працаздольнага ўзросту, могуць накіроўвацца ў дамы-інтэрнаты агульнага тыпу на платнай умове, пры гэтым дзеці павінны даплачваць за дзяржаўнае ўтрыманне сваіх бацькоў да поўнага кошту.

Валянціна ДУБІЦКАЯ, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *