Наша бяспека

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ПРАЦАЎЛАДКАВАЦЬ АБАВЯЗАНЫХ

На пасяджэнні  каардынацыйнага савета, які праходзіў з удзелам пракурора раёна Сяргея Грыцука, былі заслуханы як абавязаныя асобы, так і наймальнікі, прадстаўнікі школ і сельвыканкамаў – усе, хто непасрэдна працуе з нядобранадзейнымі сем’ямі.

На Стаўбцоўшчыне ў сацыяльна небяспечным становішчы апынуліся 100 дзяцей з 54-х сем’яў. Згодна з Дэкрэтам № 18, у гэтым годзе ў сямі сем’ях былі адабраны ў гора-бацькоў 11 дзяцей, на адно дзіця менш, чым летась, – падкрэсліла намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Хвасько і адразу акрэсліла праблему: – Шасцёра бацькоў пры адабранні дзяцей не былі працаўладкаваны.

Між тым, працаўладкаванне  – адна з асноўных задач у міжведамаснай рабоце з нядобранадзейнымі бацькамі, абавязанымі асобамі. Зразумела, што далёка не ўсе яны імкнуцца хутчэй трапіць у службу занятасці, а, калі і працаўладкоўваюцца, то нярэдка маюць больш прагулаў, чым выхадаў на работу. У такой сітуацыі ўсе, у тым ліку і наймальнік, павінны кіравацца ў першую чаргу дзяржаўнымі, а не вузкаведамаснымі, інтарэсамі, накіраванымі на кампенсацыю выдаткаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні.

На каардынацыйны савет былі запрошаны прадстаўнікі прыватнага прадпрыемства «Профі-Аграцэнтр», дзе на даны момант працуюць тры абавязаныя асобы. Усе яны таксама былі запрошаны і заслуханы. Адна з абавязаных асоб прайшла курс лячэння ад алкагольнай залежнасці. Дзіця гэтай жанчыны знаходзіцца ў прыёмнай сям’і,  з ім, як высветлілася,  яна бачылася апошні раз… у 2010 годзе. Абавязаныя асобы былі папярэджаны аб адказнасці. Асноўная ўстаноўка для іх – працаваць, весці здаровы лад жыцця, добраўпарадкаваць сваё жыллё і т. п.

Пытанне ўзаемадзення ў рабоце з нядобранадзейнымі сем’ямі было разгледжана на прыкладзе Заямнаўскага сельвыканкама, Заямнаўскай і Коласаўскай школ і дзіцячага сада. Дадзена станоўчая ацэнка  іх сумесным намаганням. Ва ўстановах адукацыі працуюць саветы прафілактыкі, у сельвыканкаме – грамадскі пункт аховы правапарадку. У школ наладжаны цесныя сувязі з сем’ямі, якія стаяць на ўліку. Адна з іх была заслухана на кардынацыйным савеце. У гэтай сям’і адбылася за апошні час значная падзвіжка – матуля, якая доўгі час афіцыйна лічылася беспрацоўнай, мае на руках працоўны дагавор. І з дачкою-падлеткам яна наладжвае адносіны, уцягвае яе ў сямейныя клопаты. Дзяўчынка, акрамя вучобы, займаецца спортам, танцамі.

У ходзе размовы высвятляюцца такія праблемы, як неафіцыйнае працаўладкаванне бацькоў (характэрна для невялікіх прыватных прадпрыемстваў, якія такім чынам хочуць сэканоміць на падатковых і іншых выплатах ), ігнараванне суб’ектамі прафілактыкі запытаў школы, слабая работа з сем’ямі непасрэдна ў працоўных калектывах.

Актуальнай для раёна застаецца праблема ранняга выяўлення сямейнай нядобранадзейнасці. Кожнае паведамленне павінна быць пачута, падыход да яго – індывідуальны. «Не заўсёды на належным узроўні школамі праводзяцца сацыяльныя расследаванні», – адзначыла Наталля Хвасько. Першым трывожным сігналам і для школы, і для ўсіх суб’ектаў прафілактыкі павінна стаць запазычанасць сем’яў, дзе ёсць непаўналетнія дзеці, за камунальныя плацяжы. Невыпадкова на пасяджэнне была запрошана прадстаўніца энергазбыту. Згодна з комплексным планам па рэалізацыі палажэнняў Дэкрэта № 18,  неабходна вырашаць пытанне пагашэння доўгу  да таго, як у доме, дзе ёсць дзеці, будзе адключана электрычнасць. 

Ёсць над чым працаваць і ў плане павышэння працэнта спагнання выдаткаў на ўтрыманне непаўналетніх дзяцей. Паводле даных аддзела прымусовага выканання, кампенсуецца 58,6 працэнта выдаткаў, з 88 абавязаных асоб 22 знаходзяцца ў лячэбна-працоўным прафілакторыі, шэсць – у следчым ізалятары, пяць – у вышуку. Іх доўг перад дзяржавай расце, а паступленні  – мізэрныя, а то і ўвогуле нулявыя.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

СУМЕСНАЯ ІНІЦЫЯТЫВА

У адпаведнасці з законам распіванне алкагольных, слабаалкагольных напіткаў або піва, ужыванне наркатычных сродкаў або псіхатропных рэчываў, іх аналагаў у грамадскім месцы або з’яўленне ў грамадскім месцы ці на рабоце ў стане ап’янення (артыкул 17.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь) цягне накладанне штрафу ў памеры да васьмі базавых велічынь (адна базавая велічыня – 180 000 рублёў).

За паўторныя аналагічныя дзеянні на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання – штраф ад дзвюх да пятнаццаці базавых велічынь або адміністрацыйны арышт. 

Раённы аддзел унутраных спраў праводзіць вывучэнне грамадскай думкі, арганізуе прамыя лініі і сустрэчы ў працоўных калектывах, у ходзе якіх ад грамадзян паступаюць заўвагі і прапановы, накіраваныя на паляпшэнне стану грамадскай бяспекі.

Жыхары аграгарадкоў Рубяжэвічы і Дзераўная, горада Стоўбцы акцэнтуюць увагу на прыцягненні да адказнасці асоб, якія распіваюць спіртныя напіткі і піва ў грамадскіх месцах, у прыватнасці, паблізу прыпынкаў грамадскага транспарту і зялёных зон, у дварах, спрабуюць спайсы ў гарадскім парку і на стадыёне.

З пачатку 2015 года прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 217 правапарушальнікаў, якія распівалі спіртныя напіткі і піва ў грамадскіх месцах, з іх 25 – на гарадскім стадыёне, у парку Дружбы народаў і паблізу гэтых грамадскіх месцаў. Участковым інспектарам міліцыі выдадзены заданні на выяўленне і прыцягненне да адказнасці такіх асоб, пры тым, што мерапрыемствы ў гэтым накірунку праводзяцца рэгулярна, сіламі ўсіх супрацоўнікаў райаддзела. З мэтай прафілактыкі п’янства, а таксама правапарушэнняў і злачынстваў сярод падлеткаў ( у тым ліку знаходжання іх па-за жыллём пасля 23.00 без суправаджэння дарослых), супрацоўнікі міліцыі выступаюць у школах на класных гадзінах і бацькоўскіх сходах. 

Стаўбчане прасілі разгледзець пытанне аб абсталяванні святлафорнымі аб’ектамі скрыжаванняў вуліц Ленінская – Цэнтральная і Казлова – Магістральная.

Адносна скрыжавання Ленінская – Цэнтральная пытанне ўзнімаецца не першы раз, пачынаючы з 2014 года. Яго вырашэнне адкладваецца да таго, як пачне рэалізоўвацца дэталёвы план забудовы вуліцы Ленінскай. Падчас камісійнага (разам з прадстаўнікамі філіяла ДЭУ № 62) абследавання скрыжавання вуліц Магістральнай – Івянецкай – Казлова былі зроблены вымярэнні інтэнсіўнасці руху транспартных сродкаў у часы «пік» (07.30 – 08.00 і 16.30 – 17.30), якія сведчаць пра нязначныя цяжкасці ў выкананні левага павароту з вуліцы Івянецкай на вуліцу Магістральную ў прамежак часу  дзесьці з 07.45 да 07.55. Абсталяванне святлафорным аб’ектам згаданага перасячэння вуліц не адпавядае патрабаванням СТБ 1300-2014. Па просьбе грамадзян, пасля выдадзеных ДРБУ № 135 прадпісанняў, абсталяваны нерэгулюемы пешаходны пераход з нанясеннем дарожнай разметкі ў Рубяжэвічах, паблізу магазіна «Родны кут». Акрамя таго, у Рубяжэвічах зроблена вулічнае асвятленне на месцы прыпынку школьнага аўтобуса, у Любкаўшчыне адрамантаваны пад’езд да вясковых могілак, а вуліца Дружная  ў Стоўбцах абсталявана дарожнымі знакамі абмежавання максімальнай хуткасці руху.

Нас прасілі ініцыіраваць мерапрыемствы па своечасовым абнаўленні дарожных знакаў, нанясенні разметкі і т. п.

Згодна з планам на 2015 год, на вуліцах і завулках Стоўбцаў павінна быць нанесена 1200 м2 дарожнай разметкі, устаноўлена 25 новых і заменена 35 дзеючых дарожных знакаў. Фактычна ўсё гэта выканана, прычым дарожнай разметкі нанесена ў два разы больш. У адрас СМЭУП «Тарнада-Вест» г. Маладзечна накіравана заяўка наконт запланаваных аб’ектаў у 2016 годзе (патрэбнасць у нанясені дарожнай разметкі складае не менш за 4200 м2, ва ўстаноўцы і замене дарожных знакаў – 180 і 150 адзінак адпаведна). 

Жыльцы дома № 15 па вуліцы Цэнтральнай у Стоўбцах прасілі аб устаноўцы ў двары дарожнага знака «Стаянка забаронена» з дадатковай адзнакай – «акрамя жыхароў дома № 15».

Арганізацыя дарожнага руху на прыдомавай тэрыторыі магчыма шляхам разгляду гэтага пытання на агульным сходзе членаў жыллёва-будаўнічага кааператыва і за кошт уласных сродкаў кааператыва.    

Жыхароў завулка Сацыялістычнага і вуліцы Лясной у Стоўбцах хвалюе пытанне паляпшэння дарожнага пакрыцця.

У выніку камісійнага абследавання ўстаноўлена неабходнасць укладкі асфальтабетоннага пакрыцця на ўчастку дарогі па завулку Сацыялістычным ад вуліцы Якуба Коласа да вуліцы Сацыялістычнай. Падобнае добраўпарадкаванне дазволіць знізіць транспартную нагрузку на вуліцы Міру, Ленінскую, Свярдлова, Дзяржынскага. На вуліцы Лясной неабходнасці ў неадкладным асфальтаванні няма – дастаткова яе перыядычна грэйдзіраваць.   

У пачатку восені ўзнікла пытанне з асветленасцю вуліц у Новым Свержані,  участка ад вуліцы Міру да школы № 3 г. Стоўбцы і нерэгулюемых пешаходных пераходаў у Стоўбцах. Не зусім бяспечная для пешаходаў абстаноўка склалася паблізу гандлёвага цэнтра «Арманда» з яго невялікай паркоўкай для транспартных сродкаў.  

 ДАІ сумесна з прадстаўнікамі дарожных і камунальных службаў праведзена  камісійнае абследаванне, у выніку чаго было выдадзена прадпісанне з патрабаваннем  нармальнага функцыянавання  вулічнага асвятлення. За яго невыкананне ў вызначаны тэрмін у адносінах да дырэктара Стаўбцоўскага АКС быў складзены адміністрацыйны пратакол, выдадзена паўторнае прадпісанне. Недахопы ўхілены.  Па выніках абследавання вулічна-дарожнай сеткі вакол гандлёвага цэнтра «Арманда» ўстаноўлена, што ёсць магчымасць пашырэння праезджай часткі за кошт тэрыторыі, прылеглай да парку. Інфармацыя аб гэтым накіравана ў райвыканкам і АКС для ўключэння аб’екта ў перспектыўны план на 2016 год.      

Многіх турбуе перавышэнне хуткасных рэжымаў у населеных пунктах з боку вадзіцеляў аўтамабіляў і матацыклаў.

Супрацоўнікі аддзела ДАІ рэгулярна ажыццяўляюць кантроль з дапамогай грамадскасці. Да адказнасці ўжо прыцягнута каля тысячы «ліхачоў».

Людзі выказалі пажаданне аб арганізацыі сустрэч з  участковым на сваім участку. Такія сустрэчы праводзяцца на пастаяннай аснове, з абавязковым высвятленнем набалелых пытанняў. У 2015 годзе з удзелам участковых прайшла прафілактычная адпрацоўка жылога сектара ў 149 населеных пунктах раёна. Наведана 3 760 домаўладанняў. Участковыя таксама выступалі  ў працоўных калектывах, школах і аздараўленчых лагерах, прымалі ўдзел у пасяджэннях грамадскіх пунктаў аховы правапарадку, сельскіх сходах. Падчас такіх сустрэч ідзе ўзаемны абмен інфармацыяй.  Так, былі названы дзве нядобранадзейныя сям’і, дзе становішча непаўналетніх дзяцей з’яўляецца сацыяльна небяспечным, указаны адрасы рэалізацыі самагону ў Шашках і Новым Свержані. Праўда, не ўся гэтая інфармацыя пацвердзілася.

Іван МАМАЙКА, начальнік райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *