Чыгун для матораў

Афіцыйна Нумары

iuleft000001На рэалізацыю праекта па стварэнні высокадакладнага, высокатрывалага чыгуннага ліцця для дызелебудавання ў 2013 годзе інвесціравана 91,6 мільярда рублёў. Аб гэтым паведаміў карэспандэнту БелТА намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Мінскі маторны завод» Аляксандр Серада.
Даны праект рэалізуе ААТ «Мінскі маторны завод» – кіруючая кампанія холдынга. Вытворчасць ствараецца ў Стоўбцах на плошчах дзеючага там філіяла ММЗ. Першая чарга завода будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў ліпені 2014 года. «Цяпер усе работы ідуць па графіку, каб здаць аб’ект ва ўстаноўленыя тэрміны», – адзначыў Аляксандр Серада.
Увядзенне ў строй першай чаргі вытворчасці ўжо на пачатковым этапе дазволіць поўнасцю выключыць набыццё імпартных дэталяў для камплектацыі выпушчаных рухавікоў. Не патрэбна будзе таксама набываць імпартныя чыгунныя адліўкі для вырабу іншых кампанентаў рухавіка. «Мы павінны атрымаць матэрыял з высокімі фізіка-матэматычнымі якасцямі для вырабу навейшых распрацовак доследных узораў рухавікоў. Таксама гэта дазволіць выпускаць і рэалізоўваць чыгуннае ліццё на экспарт», – падкрэсліў суразмоўца. Ён нагадаў, што будаўніцтва новага завода пачалося ў кастрычніку 2012 года. Генеральнай падраднай арганізацыяй выступае ААТ «Мінскпрамбуд». За год праведзены запланаваныя будаўніча-мантажныя работы, зроблены фундамент і каркас ліцейнай вытворчасці. Завершаны работы па абсталяванні артэзіянскай свідравіны, падводзяцца інжынерныя сеткі. З пляцоўкі дэманціраваны старыя пабудовы. «Такім чынам, завяршаецца мантаж металакаркасаў першай чаргі будаўніцтва, манціруюцца сценавыя панэлі, абсталёўваецца дах вытворчага корпуса, устанаўліваюцца вокны», – удакладніў намеснік гендырэктара.
Праведзены конкурсы па выбары пастаўшчыкоў абсталявання і тэхналогій для вырабу адлівак. Вызначаны пераможцы, імі сталі кампаніі з Польшчы і Літвы. З адной з іх заключаны кантракт, з другой вядуцца перагаворы па ўзгадненні кантракта.
Будаўніцтва завода чыгуннага ліцця – адзін з буйнейшых сучасных праектаў у айчынным машынабудаванні. Ён увайшоў у пералік зацверджаных урадам важнейшых інвестыцыйных праектаў, у праграму інавацыйных праектаў, у праграму інавацыйнага развіцця Беларусі на 2011-2015 гады. Тэрмін рэалізацыі праекта – 2012-2017 гады, арыенціровачны кошт – 120 мільёнаў еўра. Штогод на новым заводзе будуць атрымліваць 50 тысяч тон чыгунных адлівак з металу высокатрывалых марак. Магутнасць завода дазволіць поўнасцю закрыць унутраныя патрэбы краіны ў чыгунным ліцці, якое неабходна маторабудаўнікам для выпуску рухавікоў высокіх экалагічных нормаў. Плануецца пастаўляць чыгунныя вырабы і на экспарт. Агульная колькасць працаўнікоў на новым заводзе складзе каля 1,1 тысячы чалавек, што дазволіць прыцягнуць у вытворчасць і забяспечыць занятасць насельніцтва рэгіёна.
Мінскі маторны завод заснаваны ў 1963 годзе і з’яўляецца вядучым распрацоўшчыкам і вытворцам сучасных дызельных рухавікоў сярод краін СНД. Вырабляе чатырох- і шасціцыліндравыя рухавікі. Прадпрыемства выпускае больш за 40 мадыфікацый рухавікоў у дыяпазоне магутнасцяў ад 25 да 440 кВт, прызначаных для ўстаноўкі на сельскагаспадарчую, дарожнабудаўнічую і лесаўборачную тэхніку, на аўтамабілі і аўтобусы, энергаўстаноўкі, кампрэсары і іншыя агрэгаты. У год завод выпускае больш за 100 тысяч рухавікоў.
БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *