Традыцыі

Захапленні Нумары

image_pdfimage_print

23-12-2015-23

АД ПРАБАБУЛІ – МАЙСТЭРСТВА

Кіраўнік народнага клуба майстроў народнай творчасці «Пралеска» Аліна Халявінская гаворыць, што майстэрства пекарскай скульптуры не толькі ў нашым раёне, але і ў рэспубліцы – унікальная з’ява. Таму яна выношвае ідэю ў доме стаўбчанкі Валянціны Уласік стварыць музей пекарскай скульптуры. Менавіта Валянціна Канстанцінаўна сваім майстэрствам адшліфавала гэты накірунак мастацтва, удзельнічала са сваімі караваямі ў мерапрыемствах на самых высокіх узроўнях, прадстаўляла Беларусь за мяжою. Яе здымала тэлебачанне, аб ёй пісалі газеты.

Валянціна Канстанцінаўна здолела перадаць гэтую творчасць дачцэ Наталлі.  Яна з удзячнасцю прымала яе дапамогу і бачыла, што ў многім дачка ўжо перасягнула яе. Наталля Мікалаеўна прыняла гэтую спадчыну як вялікі дар, які дастаўся ёй ад продкаў. Самабытнымі каравайшчыцамі былі яе прабабуля і бабуля. Менавіта ад іх унаследавала гэтыя пекарскія навыкі Валянціна Канстанцінаўна. З маленства ў іх доме разносіўся здобны пах караваяў, які кружыў галаву. Наталлі Таболіч дасталіся ў спадчыну не толькі ўменні, але і печ у бацькоўскім доме, дзе яна, змяніўшы маці, пячэ караваі. І каб толькі яна. Яе муж Сяргей Мікалаевіч – выдатны памочнік. Паспрабуй зрабі адна скульптуры – і ночы не хопіць. А разам – іншая справа. Ды і ў кожнага свой дар, свой талент, сваё бачанне твора. Хвала Наталлі Мікалаеўне, што яна ўзяла на сябе абавязак перадаць гэтую спадчынную справу іншым пакаленням свайго роду. Калі надараецца час, ёй заўсёды дапамагаюць дочкі Марына і Людміла. На мастацкія выставы Наталля Мікалаеўна бярэ з сабою ўнучку Валерыю. Дзяўчынка пранікаецца гэтым творчым укладам жыцця. Дома яна лепіць з цеста, яе акружае непаўторны водар дамашняй выпечкі.

Наталля Таболіч працуе выхавацелем у Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці «Радуга». Пры сваёй вялікай занятасці выкройвае час упраўляцца з караваямі, удзельнічаць у выставах. І ўсюды, на якіх бы выставах яна ні з’яўлялася, ля яе збіраецца мноства людзей падзівіцца на гэтую творчасць: дзе ж яшчэ ўбачыш такую прыгажосць?! Цяжка паверыць, што можна гэта ўсё зрабіць рукамі і спячы, каб скульптуры сталі, як жывыя.

Цэлы рытуал – спячы вясельны каравай. З малітвай, благаславеннем Божым бярэцца майстрыха за гэтую справу. Павінны быць светлыя думкі і чыстае сэрца: жывіце, маладыя, у згодзе!

Святлана ЖЫБУЛЬ,

На здымку: майстрыха пекарскай скульптуры Наталля Таболіч з унучкай Валерыяй.                                                   Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

ЧАРОЎНАЯ НАВАГОДНЯЯ ВЫЦІНАНКА

Многія гараджане плануюць вячэрнюю прагулку, каб паглядзець на вокны СШ № 3 г. Стоўбцы. Перад Новым годам яны ўпрыгожаны выцінанкай і невыказна прыгожа свецяцца.

Як расказвае дырэктар навучальнай установы Жанна Лысая, у школе аб’яўлены конкурс на лепшае навагодняе афармленне класных пакояў. Усе стараліся праявіць творчасць і фантазію. Асабліва пачаткоўцы. У стварэнні адметнага выгляду класа прынялі ўдзел не толькі вучні і настаўнікі, але і бацькі, што стварыла сяброўскую, дамашнюю, радасную атмасферу.

Не забыліся творцы і рупліўцы пра кабінет дырэктара, пра прыёмную, пра калідоры, фае  – школа свеціцца ўсімі колерамі і сюжэтамі навагодніх і ражджэственскіх  святаў.

Дзеці не нарадуюцца такой прыгажосці, асабліва тыя, хто вучыцца ў другую змену і можа бачыць, як чароўна свецяцца ўзорамі па-мастацку прыбраныя вокны. Вучні з нецярпеннем чакаюць казачных зімовых канікулаў.

Пр

 

ХТО, КАЛІ НЕ МЫ!

Бягучы навучальны год стаў адметны тым, што ў многіх установах сярэдняй адукацыі ў старэйшых класах пачалі дзейнічаць профільныя класы. Вучні  самі маюць права выбіраць прадметы, якія можна вывучаць на павышаным узроўні, а таксама на факультатыўных занятках асвоіць праграмы прафесійнай накіраванасці.

Такая магчымасць з’явілася і ў вучняў дзяржаўнай установы адукацыі «Сярэдняя школа № 2 г. Стоўбцы». 11 снежня ў нашай школе прайшла прыгожая ўрачыстасць – святочнае пасвячэнне 27 вучняў 10 «А» класа ў профільны клас педагагічнай накіраванасці.

У зале сабралася шмат гасцей. Гучаць фанфары, вядучыя класны кіраўнік 10 «А» класа Таццяна Уладзіміраўна Гаўрыленка і вучань педкласа Віктар Казлоў запрашаюць на сцэну галантных юнакоў і абаяльных дзяўчат. Вучні пазнаёмілі прысутных з дзейнасцю свайго класа, прадэманстравалі харэаграфічныя і музычныя таленты, падзяліліся планамі на будучае. Уладзімір Гарановіч і Уладзіслаў Багдановіч падарылі прысутным нумары пад гітару, Лізавета Гаўрыленка і Вадзім Вайтовіч выказалі сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю праз песню «Хто, калі не мы!», Аляксандр Шэфер паказаў, што брэйк-данс – танец маладых і моцных целам і духам. З дапамогай слайд-шоу вучні расказалі аб актыўным удзеле ў жыцці не толькі школы, але і раёна. Гэта алімпіядная і навукова-практычная дзейнасць, удзел у школьным танцавальным ансамблі «Светлячок», выступленнях, турыстычных злётах і акцыях Стаўбцоўскага РАНС. Старшакласнікі актыўна ўдзельнічаюць у валанцёрскай дзейнасці, з’яўляюцца актыўнымі членамі БРСМ.

Дырэктар школы А. М. Лось шчыра павіншавала прысутных з важнай падзеяй у асабістым і агульнашкольным жыцці, узгадала старонкі дзейнасці педагагічных класаў у гісторыі ўстановы адукацыі, расказала аб асаблівасцях навучання ў профільным класе педагагічнай накіраванасці, пажадала вучням працавітасці, настойлівасці і ўзаемападтрымкі. «Па-рознаму можа скласціся ваш жыццёвы шлях, – зазначыла Аксана Міхайлаўна. –  У любым выпадку памятайце, што прафесія педагога – самая мірная, высакародная, патрэбная людзям».

З цёплымі словамі да дзяцей і іх бацькоў, гасцей свята звярнуўся былы дырэктар школы В. У. Рыжых. Выдатнік асветы СССР, выдатнік народнай адукацыі БССР Валерый Усевалавіч парадаваўся, што ў школе адноўлена традыцыя супрацоўніцтва з адной з лепшых устаноў вышэйшай адукацыі рэспублікі, пажадаў будучым выпускнікам правільнага самавызначэння. З выступлення дэкана факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі БДПУ імя М. Танка С. У. Якавенкі вучні даведаліся аб умовах паступлення ў навучальную ўстанову, атрымалі запрашэнне наведаць універсітэт і сустрэцца з выкладчыкамі і студэнтамі.

Да прысутных звярнулася галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама Я. А. Слесарчык і выказала надзею, што ў хуткім будучым настаўніцтва Стаўбцоўшчыны папоўніцца таленавітымі і творчымі маладымі спецыялістамі – выпускнікамі новага педагагічнага класа СШ № 2.

Бацькі профільнага класа М. Г. Халецкая і Т. В. Гарановіч выказалі падзяку педагогам школы за выхаванне і навучанне сваіх дзяцей. Т. В. Гарановіч, выпускніца 1997 года СШ № 2, цёпла і шчыра расказала аб сваім педкласе і навучанні ва ўніверсітэце.

Анастасія Калодзінская пад апладысменты залы ўручыла білеты новым членам БРСМ, прызвала моладзь да актыўнага ўдзелу ў жыцці краіны.

Кульмінацыяй свята стала клятва будучых педагогаў, якую ўрачыста зачыталі выпускнікі педкласаў, а сёння настаўнікі школы А. Ч. Багдановіч, А. В. Ярмак. Прайшоў абрад уручэння навучэнцам свяшчэннага агню ведаў.

Пасвячэнне ў педагогі – толькі чарговы этап у жыцці профільнага 10 «А» класа. Пажадаем юнакам і дзяўчатам творчых адкрыццяў, дасягнення новых вяршынь, трывалых ведаў і правільнага прафесійнага самавызначэння.

Алена БАГДАНОВІЧ, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце ДУА  «СШ № 2 г. Стоўбцы»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *