Стаць на чысты шлях

Грамадства Нумары

У рамках фестывалю “Кладезь” у раённым аддзеле ўнутраных спраў, ААТ “ККХ “Мінскі маторны завод”, стаўбцоўскай гімназіі № 1 адбыліся сустрэчы са свяшчэннікам-місіянерам, дырэктарам хрысціянскага дабрачыннага фонду “Бацькі за цвярозасць”, настаяцелем прыхода іконы Божай Маці “Неўпіваемая Чаша” протаіерэем Дзіянісіем ПЯСЕЦКІМ.
У гэтым мінскім прыходзе дапамагаюць справіцца з алкагольнай і наркатычнай залежнасцю. Праваслаўная абшчына адметная тым, што адзіная ў Беларусі ставіць сваёй важнейшай задачай маральнае і духоўнае аздараўленне людзей, якія пакутуюць ад алкаголю і наркаманіі, і дзе аказваецца спецыялізаваная дапамога алкаголе- і нарказалежным. Фонд ставіць перад сабою і такую задачу: распаўсюджваць у грамадстве разуменне алкагалізму, наркаманіі і іншых залежнасцяў, якія маюць, перш за ўсё, духоўную прыроду.
Айцец Дзіянісій Пясецкі арганізаваў пры прыходзе пастырскія гутаркі і псіхалагічныя заняткі. Пры прыходзе адкрыты хрысціянскі дабрачынны фонд “Бацькі за цвярозасць”, які вядзе актыўную работу з людзьмі, што жадаюць пазбавіцца ад згубных залежнасцяў. Тры разы на тыдзень збіраюцца групы для залежных і сазалежных людзей, г. зн. іх родных. Таксама чатыры разы на тыдзень пры прыходзе збіраецца група Таварыства ананімных алкаголікаў “Выратавальная Чаша”. Тут кожную нядзелю ў 17.00 служацца водасвятныя малебны з акафістам перад іконай Божай Маці “Неўпіваемая Чаша”, праходзяць духоўныя гутаркі. Пры прыходзе працуюць праваслаўная група “Лесвіца” для алкаголікаў і наркаманаў, праваслаўная група ўзаемадапамогі родным залежных людзей “Жыватворная Крыніца”, група “Чысты шлях”. Супрацоўнікамі фонду “Бацькі за цвярозасць” з’яўляюцца ўрачы псіхатэрапеўты, псіхолагі, педагогі і праваслаўныя свяшчэннаслужыцелі. Асаблівасць работы прыхода ў тым, што тут выкарыстоўваецца спалучэнне вопыту Царквы, медыцыны, псіхіятрыі, псіхалогіі і грамадскіх аб’яднанняў. Наколькі важная, патрэбная работа, якая праводзіцца гэтым прыходам, засведчыць статыстыка. У Беларусі на ўліку ў сувязі са злоўжываннем алкаголем стаіць каля 270 тысяч чалавек. У нашым раёне гэта лічба складае 1150 чалавек. З кожным годам павялічваецца колькасць жанчын, якія сутыкнуліся з гэтай бядой і, як вынік, пакутуе ўсё больш дзяцей.
Малады мінскі прыход пакуль не мае свайго храма, ён будуецца. Богаслужэнні здзяйсняюцца ў жылым доме па адрасе: вул. Мендзялеева, 4. Праезд да месца правядзення службаў на вуліцу Мендзялеева, 4, аўтобусамі 19, 84 да прыпынку вул. Бумажкова. Усе жадаючыя могуць звяртацца ў прыход іконы Божай Маці “Неўпіваемая Чаша”. Кантактныя тэлефоны: 8-017-299-59-74, 8-029-313-25-68.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *