Юрый Горлаў: «З цудоўным настроем і знакавымі падзеямі – у 2016 год!»

Нумары

image_pdfimage_print

Гадзіннік адлічвае апошнія хвіліны адыходзячага 2015 года. Якім выдаўся 2015 год для Стаўбцоўшчыны? Якімі знакавымі падзеямі ён запомніцца? З якімі планамі і задумкамі вы сустракаеце 2016 год? З гэтымі і іншымі пытаннямі я звярнулася да кіраўніка раёна, старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя ГОРЛАВА.

– 2015 год адлічвае свае апошнія гадзіны. Для Стаўбцоўскага раёна ён быў паспяховым. У параўнанні з 2014 годам, калі з сацыяльна-эканамічных паказчыкаў раёна не быў выкананы ні адзін, у гэтым годзе з 11 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця не выконваюцца толькі чатыры. Патрэбна адзначыць, што наш раён сельскагаспадарчы, і большую палову выручкі мы атрымліваем ад рэалізацыі сельскагаспадарчай прадукцыі. У гэтым годзе аблвыканкамам нам было даведзена заданне па тэмпе росту валавой сельскагаспадарчай прадукцыі 107 працэнтаў. Фактычна мы выконваем заданне на 113 працэнтаў. Я хацеў бы адзначыць заслугу ўсяго аграпрамысловага комплексу. Людзі падышлі да справы з вялікай адказнасцю, хоць год быў няпросты, нават у кліматычным плане. Прыходзілася паглыбляць свае веды, каб адрэагаваць на зменлівасць надвор’я. І як вынік – раён справіўся з заданнем і выканаў прагнозныя паказчыкі па тэмпе росту валавога прадукту ў сельскай гаспадарцы.

У гэтым годзе мы зрабілі вялікі задзел на будучае і рывок у будаўнічай сферы ў сельскай гаспадарцы. У 2015 годзе пабудавана больш за 50 аб’ектаў сельскагаспадарчага прызначэння. Гэта будынкі для вырошчвання буйной рагатай жывёлы, траншэі для захоўвання кармоў, прафілакторыі для ўтрымання цялят і інш., г. зн. праведзена вялікая работа.

У гэтым годзе мы добра папрацавалі і па стварэнні кармавой базы. Калі ў 2014 годзе было пасеяна 2300 гектараў шматгадовых траў, то ў 2015 годзе – 7400 гектараў. Гэта сур’ёзны рывок і запас на 2016 год.

У 2015 годзе раён дасягнуў максімальнай ураджайнасці збожжавых і збожжабабовых культур – 41,9 цэнтнера з гектара. Гэта найбольшы вынік за ўсю гісторыю Стаўбцоўскага раёна. Таксама маем найбольшы вал збожжа за ўсю гісторыю суверэннай дзяржавы Беларусь і другі паказчык за ўсю гісторыю раёна. У 1987 годзе валавы збор збожжавых культур складаў 111 тысяч тон. У гэтым годзе мы дасягнулі 104,5 тысячы тон. Укладзены вялікая работа, шмат рэсурсаў. Вынікі радуюць, але па аб’ектыўных прычынах мы недаатрымалі прадукцыі раслінаводства: буракоў, бульбы. Маглі б  больш атрымаць і кармоў.

У жывёлагадоўлі мы папрацавалі таксама нядрэнна. У перспектыве раён можа паказаць яшчэ больш высокія вынікі.

Хачу сказаць вялікі дзякуй за работу ў 2015 годзе кожнаму аграрыю.

Нядрэнна складваюцца справы і ў прамысловасці. Гэта відаць на прыкладзе работы стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната і філіяла ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы. У гэтым годзе раён ідзе з паказчыкамі 125 % да ўзроўню мінулага года. На маторным заводзе ў 2015 годзе была ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга завода высокатрывалага чыгуннага ліцця, у 2016 годзе будзе ўведзена другая чарга. Для раёна – гэта дадатковыя рабочыя месцы. Хацелася б прыцягнуць у раён больш інвестараў і стварыць якую-небудзь вытворчасць. Ужо наладжваюцца кантакты. У гэтым плане дапамагае і аблвыканкам.

Хацеў бы адзначыць, што ў 2015 годзе праведзена сур’ёзная работа па рамонце гаспадарчым спосабам устаноў сацыяльнай сферы: у ЦРБ, ва ўстановах адукацыі, культуры. Раён выканаў план па ўводзе жылля. Гэта гаворыць аб тым, што маладыя сем’і, якія стаялі ў чарзе, атрымалі жыллё. Многія будуюць дамы. Упэўнены, што жыхары нашага раёна адчулі, што работа ў раёне не стаіць на месцы, яна працягваецца. Усе бачаць, як змянілася ЦРБ: зроблены рамонт паліклінікі, жаночай кансультацыі, хірургічнага і радзільнага аддзяленняў, кабінетаў. Праведзена вялікая работа па добраўпарадкаванні тэрыторыі ЦРБ. Палепшылася якасць абслугоўвання пацыентаў. У гэтым годзе не было ніводнага звароту ў райвыканкам ад жыхароў Стаўбцоўшчыны наконт работы ЦРБ. Гэта заслуга ўсяго медперсаналу. Будзем імкнуцца зрабіць у бліжэйшы час капітальны рамонт бальніцы і надаць ёй еўрапейскі ўзровень.

У дашкольных і школьных установах адукацыі таксама праводзіцца вялікая работа па рамонце гаспадарчым спосабам. Прыкладам для ўсіх устаноў адукацыі можа стаць работа СШ № 2 г. Стоўбцы. Дырэктар школы Аксана Лось за праведзены рамонт школы атрымала падзяку старшыні райвыканкама.

Горад жыве і развіваецца. 2015 год усім жыхарам нашай Стаўбцоўшчыны запомніцца значнай падзеяй – здачай у эксплуатацыю фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Хачу выказаць словы ўдзячнасці нашым будаўнікам, людзям, якія ў тэрмін і якасна выканалі работы і задачы, што перад імі стаялі. Адкрыццё ФАКа дазволіць развівацца спорту ў нашым раёне. Сёння мы бачым, што аб’ект карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў горада і раёна.

Знакавая падзея, якая адбылася ў раёне ў 2015 годзе, – гэта ўтварэнне Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната. Дзякуючы сумеснай рабоце райвыканкама, аблвыканкама, падтрымцы нашых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, калектыву мясакамбіната гэтае прадпрыемства стала самастойным і сустрэла свой 70-гадовы юбілей. У 2016 годзе на мясакансервавым камбінаце плануецца будаўніцтва новага цэха па вытворчасці сыравэнджаных і сыравяленых каўбасных вырабаў. Чаканы эфект – каля 12 млрд руб. у год прыбытку ад рэалізацыі данага праекта.

У гэтым годзе праведзена рэарганізацыя ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» і ААТ «Аталезь-агра». У выніку ўтворана адна арганізацыя – сельскагаспадарчы філіял «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». У гаспадарку пачаўся прыток маладых кадраў. Калі раней таварыства па вытворчасці малака займала апошняе месца, то  цяпер выйшла на 8-ю пазіцыю. Сёння яны дояць 13,5 літра малака, г. зн. паступова  дасягаюць сярэдняга раённага ўзроўню. Праводзячы дні жывёлавода і сустракаючыся з людзьмі, бачу, што ў іх з’явілася ўпэўненасць у заўтрашнім дні: ёсць работа, дастойная зарплата.

Па тым жа шляху мы пайшлі, калі правялі рэарганізацыю СЖК «Налібакі» шляхам далучэння зямель ПМК-74. На адной і той жа зямлі ўраджайнасць у арганізацый была рознай: у СЖК «Налібакі» – 50 ц/га, а ў ПМК-74 – 25 ц/га. Створана новае прадпрыемства – ААТ «Налібакі-агра». У новай гаспадаркі ўжо ёсць новыя задумкі і планы. Напрыклад, будаўніцтва малочнатаварнага комплексу з сучасным абсталяваннем. Вырашаецца пытанне з рэарганізацыяй ПМК-74 і ПМС. Будзе створана адна меліярацыйная арганізацыя.

Лічу, што значнай падзеяй для нашага раёна было правядзенне 1-й Міжнароднай выстаўкі «Еўрабульба» на базе СФГ «Сула» (кіраўнік У. Радзевіч), а таксама  абласнога этапу рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», дзе сям’я Руч’ёвых з а. г. Дзераўная стала пераможцай. Дастойна наш раён адсвяткаваў і 70-годдзе Вялікай Перамогі. Дасягнула пэўных вынікаў і наша культура. Зводны духавы аркестр г. Стоўбцы ў фестывалі «Напевы зямлі маёй» заваяваў Гран-пры і атрымаў падарунак – мікрааўтобус. Так трымаць! Радуйце і далей жахароў нашага раёна вынікамі сваёй працы.

Сёння хочацца выказаць словы ўдзячнасці і віншаванняў усім нашым людзям. Да нашага гонару ў 2015 годзе праславілі Стаўбцоўшчыну Генадзь Цвірка з ААТ»Агранёманскі», які правёў 50 уборачных кампаній, Мікіта Сазановіч, які атрымаў сярэбраны медаль на 27-й Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы ў Казахстане, і яго настаўнік Уладзімір  Радзіон, які стаў Чалавекам года Міншчыны (2014 г.). Прысвоена званне Ганаровага грамадзяніна Мінскай вобласці Герою Сацыялістычнай Працы брыгадзіру МТФ «Пагарэлае» ААТ «Радзіма Якуба Коласа» Зінаідзе Ярашэвіч. Дзякуй вам за працу! Я думаю, што ў наступным годзе гэты прэстыжны спіс дастойных грамадзян нашага раёна папоўніцца новымі прозвішчамі.

У гэтым годзе адбылася яшчэ адна значная падзея не толькі ў жыцці нашага раёна, але і ўсёй краіны – выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтая палітычная кампанія ў раёне прайшла на дастойным узроўні. Грамадзяне прынялі максімальны ўдзел у выбарах і прагаласавалі за будучыню нашай краіны і нашага раёна: за стабільнасць, бяспеку, незалежнасць.

У 2015 годзе аблвыканкам выступіў з ініцыятывай аб правядзенні ў кожным раёне святаў вёсак. Гэта была ўнікальная прапанова. У бягучым годзе мы правялі 12 святаў вёсак. Дзякуй усім арганізацыям, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы гэтых мерапрыемстваў. Наведзены парадак, задаволены людзі. У 2016 годзе такія ж святы пройдуць яшчэ ў 14-ці вёсках раёна. Дзякуй дэпутацкаму корпусу, старшыням сельскіх Саветаў, кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, якія арганізоўваюць мерапрыемствы і выконваюць такую работу.

У горадзе мы таксама стараемся наводзіць парадак. Правялі капітальны рамонт трох дамоў па вуліцы Ленінскай, якія ўпрыгожылі наш горад. Правялі добраўпарадкаванне пляжных тэрыторый. План па добраўпарадкаванні тэрыторый, асфальтаванні вуліц выкананы ў поўным аб’ёме.

Аб планах на будучае?.. У вобласці ёсць традыцыя падтрымліваць – узнагароджваць – раёны, якія добра спрацавалі за год. Мы займаем лідзіруючую пазіцыю. Па выніках работы за 2015 год, калі будзем бачыць, хто з’яўляецца пераможцам, будзем гаварыць і аб нашых планах. Няхай гэта будзе сюрпрызам для стаўбчан. І яшчэ адна з галоўных задач – у 2016 годзе пачнём будаўніцтва дзіцячага сада ў г. Стоўбцы, а 1 верасня 2017 года ён будзе ўведзены ў эксплуатацыю. Я лічу, што гэта таксама значная падзея для горада і раёна. У 2016 годзе будзем працягваць будаваць жыллё з дзяржпадтрымкай. Значыць, горад будзе расці і маладзець.

Напрыканцы нашай сустрэчы я хачу выказаць словы падзякі за працу нашым сродкам масавай інфармацыі, журналістам раённай газеты «Прамень» і праграмы радыёвяшчання «Радыё Стоўбцы». Вы асвятляеце яркія падзеі, якія праходзяць у раёне, вы даносіце да кожнага чытача ўсе навіны, усебакова і аб’ектыўна асвятляеце падзеі грамадска-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця рэгіёна. Дзякуй вам за працу.

Паважаныя жыхары Стаўбцоўшчыны! Прыміце шчырыя віншаванні з наступаючым Новым 2016 годам, з Нараджэннем Хрыстовым. Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах, удачы, сямейнага дабрабыту, дабра і міру. Давайце будзем рабіць усё магчымае ў імя, на карысць і для росквіту нашай Стаўбцоўшчыны.

З наступаючым Новым годам, дарагія жыхары Стаўбцоўшчыны!

P.S. – Паважаны Юрый Мікалаевіч, дзякуй за інтэрв’ю і віншаванні. У сваю чаргу, ад імя ўсіх жыхароў раёна мы Вас  віншуем з Новым годам, Ражджаством. Зычым Вам, Вашым родным і блізкім шчасця, добрага здароўя, поспехаў і ўдачы.

Гутарыла Нэлі АСТРЭЙКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *