Прэс-канферэнцыя. Міншчына лідзіруе!

Нумары

image_pdfimage_print

Выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямёна Шапіры для рэспубліканскіх, расійскіх і раённых сродкаў масавай інфармацыі адбылася ў Лагойскім раёне.

Адказваючы на пытанні журналістаў, Сямён Барысавіч зрабіў аналіз развіцця Мінскай вобласці за 2015 год. Ён адзначыў, што Мінская вобласць займае лідзіруючыя пазіцыі па ўсіх паказчыыках работы аграпрамысловага комплексу, па вытворчасці прамысловай прадукцыі, аб’ёме валавога рэгіянальнага прадукту. Паводле словаў губернатара, сталічны рэгіён з’яўляецца адзіным у краіне, які па большасці асноўных паказчыкаў застаецца на ўзроўні 2014 года.

За апошнія тры гады ў Мінскай вобласці створана каля 8 тысяч рабочых месцаў дзякуючы рэалізацыі інвестдагавораў па стварэнні новых прадпрыемстваў, рэалізавана 170 інвестдагавораў.

Сямён Шапіра адзначыў, што адна з галоўных задач – «захаваць усе працоўныя калектывы. Рабочыя месцы будуць створаны дзякуючы стварэнню новых прадпрыемстваў, якіх будуецца нямала. Галоўнае – не страціць кадравы патэнцыял і не спыніць заводы».

Таксама кіраўнік сталічнага рэгіёна спыніўся на пытанні своечасовай выплаты зарплаты. «Амаль адсутнічае адпаведная запазычанасць за папярэднія месяцы бягучага года. Калі і ёсць, то такіх прадпрыемстваў нямнога», – адзначыў С. Шапіра.

Мінская вобласць з пункту гледжання сацыяльна-эканамічных і вытворчых паказчыкаў імкнецца завяршыць 2015 год дастойна. «Працуем з усімі рэгіёнамі, каб за апошнія дні не зніжаць аб’ёмаў вытворчасці. Тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі жывёлагадоўлі склаў 110 % да адпаведнага перыяду мінулага года, сабраны ўраджай збожжавых у аб’ёме 2 мільёны 177 тысяч тон. Але гарачае надвор’е, засуха не дазволілі атрымаць добры ўраджай цукровых буракоў, «падвёў» і лён», – канстатаваў факты Сямён Барысавіч. Па большасці паказчыкаў работы Мінская вобласць апераджае іншыя рэгіёны. «Але калі мы ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы ідзём на ўзроўні 100 %, то валавы рэгіянальны прадукт апусціўся на ўзровень мінулага года – 99 %. Гэта выклікана некаторымі фактарамі. Няпростая сітуацыя склалася на прамысловых прадпрыемствах, якія працуюць у цеснай сувязі з расійскімі вытворцамі. Рыхтуецца дакумент, які вызначыць прагнозныя паказчыкі на наступны год. Мы павінны павялічыць аб’ёмы, забяспечваючы рост больш за 100 % да ўзроўню мінулага года практычна ва ўсіх сферах»,  – падкрэсліў Сямён Шапіра.

Старшыня аблвыканкама расказаў, што раёны Мінскай вобласці, якія дабіліся найбольшага прыросту сельскагаспадарчай прадукцыі і прамысловай вытворчасці, прадэманстравалі лепшыя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця па выніках 2015 года, будуць прэміраваны аблвыканкамам. У ліку прэтэндэнтаў на пападанне ў гэты прэстыжны спіс Сямён Шапіра назваў Лагойскі і Стаўбцоўскі рэгіёны. «Гэтыя грошы (першае месца – 400 млрд руб.) дадуць магчымасць вырашыць многія пытанні ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, сацыяльнай сферы. Сярод паказчыкаў, якія будуць улічвацца пры ацэнцы раёнаў, – аб’ём вытворчасці валавой прадукцыі, зарплата і т. п. Сродкі будуць выдзелены з абласнога бюджэту», – праінфармаваў губернатар.

У бягучым годзе ў Мінскай вобласці ўведзена ў эксплуатацыю шмат значных збудаванняў, сярод якіх лядовая плошча ў Жодзіне, фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Стоўбцах і Чэрвені, футбольнае поле са штучным газонам у Слуцку. Сямён Шапіра адзначыў, што «такія аб’екты патрэбны для замацавання здароўя людзей, таму рабіць з іх  даўгабуды проста недазволена».

Сямён Барысавіч Шапіра адзначыў, што ў 2016 годзе ў Мінскай вобласці запланавана будаўніцтва двух дзіцячых садкоў, будзе і далей весціся добраўпарадкаванне населеных пунктаў Міншчыны.

Напрыканцы прэс-канферэнцыі старшыня аблвыканкама павіншаваў журналістаў з навагоднімі святамі. Наведваючы Лагойскі раён, журналісты пазнаёміліся з работай ААТ «Поліпрынт» (друкарня) і сялянска-фермерскай гаспадаркай «Цнянскія экапрадукты».

Нэлі АСТРЭЙКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *