Прымяненне знойдуць энергія і талент маладых

Год моладзі Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

ВЯСЕЛЬНАЕ ПАДАРОЖЖА ПА МАСКВЕ

Сёлета ў асабістым жыцці Сяргея Амельчыца і Аліны Саванец адбылася важная і прыемная падзея – напрыканцы жніўня яны ўзялі шлюб. Сяргей вучыцца на апошнім курсе Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта і пасля яго заканчэння прыедзе на працу інжынерам-механікам у ААТ «Жацерава». Кіраўніцтва гаспадаркі з нецярпеннем чакае маладога спецыяліста, якога падтрымлівала матэрыяльна на працягу ўсяго часу вучобы – выплачвала імянную стыпендыю. Трэба сказаць, што Сяргей Амельчыц вядомы ў раёне як перадавы камбайнер. На працягу некалькіх гадоў ён штогод дабіваецца высокіх намалотаў на жніве і выходзіць прызёрам раённага і абласнога спаборніцтваў сярод моладзі. Вось і сёлета яго ўшаноўвалі на мерапрыемстве, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Пасведчанне трактарыста юнак атрымаў, калі яшчэ вучыўся ў школе, а дадатковую катэгорыю «адкрыў»  падчас вучобы ва ўніверсітэце. На камбайне ён працаваў спачатку памочнікам, а на працягу апошніх гадоў – камбайнерам.

Са сваёй суджанай Сяргей бліжэй пазнаёміўся на полі падчас уборачнай кампаніі. Раней яны проста сустракаліся позіркамі. Аліна кантралявала на жніве работу камбайнаў. Разгаварыліся. Як аказалася, маюць агульныя інтарэсы. Гэта быў першы год, як яна прыехала ў гаспадарку па размеркаванні, пасля заканчэння Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Яе прызначылі брыгадзірам паляводчай брыгады.

Глянулася дзяўчына хлопцу. І Аліне Сяргей спадабаўся. Завязалася сяброўства, якое перарасло неўзабаве ў каханне. Адразу пасля вяселля маладыя адправіліся ў падарожжа ў Маскву. У «златаглавай» раней не былі, таму паехаць было вельмі цікава. 

– Вырашылі паглядзець сталіцу Расіі, каб запомнілася гэтая падзея, – расказвае Аліна. – Ад прагулак па горадзе атрымалі масу прыемных уражанняў. Асабліва спадабаўся начны офісна-дзелавы комплекс Масква-Сіці. За тыдзень немагчыма ахапіць неабсяжнае, але намечаную культурную праграму практычна выканалі. І на магазіны хапіла часу. Пакупак зрабілі нямала. А самая каштоўная з іх – аўтамашына, якую купілі за падораныя на вяселлі грошы.

Здзейснілася мара Сяргея, які вельмі любіць тэхніку. Вярнуліся маладыя дадому на ўласнай іншамарцы.

У вучобе Аліна не саступае мужу, таксама вучыцца. Павышае веды на завочным аддзяленні ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Гарадская дзяўчына выбрала спецыяльнасць агранома і прыжылася ў вёсцы. Работа ёй падабаецца. Жыве маладая сям’я Амельчыцаў у Савонях. Зрабілі ў бацькоўскай хаце рамонт, набылі тое-сёе з мэблі. Аліна добрая гаспадыня. І ўмення ёй не пазычаць у любой справе –   нядаўна звязала кручком новы шалік, смачна гатуе. Добра ёй удаюцца кулінарныя вырабы. На свята Новага года стол абавязкова ўпрыгожыць спечаны ёю торт. Да іншых прысмакаў – традыцыйная салата «аліўе». Надыходзячы новы год, па словах Аліны, будуць сустракаць у кампаніі родных і сяброў. Наперадзе маладых чакае нямала розных прыемных хвілін, і хочацца пажадаць гэтай прыгожай і дастойнай маладой пары вялікага шчасця і доўгіх гадоў сумеснага жыцця. Каб у наступным годзе іх сям’ я папоўнілася сынам ці дачкой, і прырастала ў далейшым. Бо менавіта ім і іх дзецям адраджаць вёску і ствараць будучае.

Надзея БАТАЛКА

 

ГОД, ЯКІ ВЫБРАЎ ІХ

У сучаснай моладзі, у адрозненне ад старэйшага пакалення,  сваё адчуванне часу і адносіны да яго. І, разам з тым, 2015 год з яго пераменамі і імклівым рухам застанецца для многіх маладых людзей не толькі адметным, а і лёсавызначальным.

Кацярына БОНДА, загадчыца лабараторнага аддзела раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі:

– Адыходзячы год для мяне асаблівы – я стала самастойным чалавекам. Са студзеня прыступіла да працы. Пасля Гродзенскага медуніверсітэта мяне размеркавалі ў Стоўбцы. Мне, маладому спецыялісту, даверылі загадваць аддзелам. Гэта няпроста, але побач працуюць вопытныя лабаранты. Так атрымалася, што ў кастрычніку 2015 года праходзіла чарговая акрэдытацыя лабараторыі – гэта адказнае мерапрыемства, якое выпадае раз у пяць гадоў. Мы вытрымалі яго дастойна. За першы год сваёй работы даведалася нямала новага. Адначасова ўпэўнілася, што зрабіла правільны выбар прафесіі. Я – урач-бактэрыёлаг, па гэтай спецыялізацыі прайшла інтэрнатуру. Прывыкаю да  калектыву, пакрысе бліжэй знаёмімся адзін з адным. У інтэрнаце маторнага завода мне выдзелілі пакой. Блізка ад Стоўбцаў знаходзіцца сталіца нашай краіны, ды і дамоў (я родам са Слоніма) мне таксама зручна дабірацца – некалькі гадзін па аўтамагістралі. Планы на наступны год будаваць не варта – за год шмат што можа перайначыцца…           

Карына КРОТАВА, педагог-арганізатар і настаўніца гісторыі і грамадазнаўства школы № 3 г. Стоўбцы:

– 2015 год запомніцца мне як першы год маёй самастойнай працоўнай дзейнасці. Летам закончыла БДУ і прыехала па размеркаванні на родную Стаўбцоўшчыну. Ёсць свае плюсы ў тым, што побач дом, бацькі. Субота ў мяне – рабочы дзень, а вось у нядзелю можна наведацца да іх у Мікалаеўшчыну. Вельмі падабаецца работа з дзецьмі, вялікую цікавасць адчуваю да гісторыі.  Гэта, напэўна, сямейнае, таму што ў мяне мама, стрыечная сястра, дзядзька – усе выкладаюць у школе гісторыю. Паколькі нагрузка прадметніка не вельмі вялікая, то мне прапанавалі быць яшчэ педагогам-арганізатарам. Да Новага года ўпрыгожваем з дзецьмі ёлку, арганізуем розныя акцыі. І, акрамя таго, гэта канец другой чвэрці. Пара – напружаная. Калі задумваюся пра сваё будучае, хочацца аднаго – праявіць сябе, быць для дзяцей добрым настаўнікам. Пакуль абжываюся на новым месцы, у калектыве, а з часам, спадзяюся, з’явіцца магчымасць і для творчасці. З пары студэнцтва я люблю ўдзельнічаць у конкурсе «Што? Дзе? Калі?».          

Яўген НЯГОЦЬКА, вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

– Адметнасць 2015 года ў тым, што я вырашыў змяніць месца працы. Ужо чацвёрты месяц нясу службу ў МНС. Да гэтага адслужыў у арміі, закончыў курсы па грамадзянскіх спецыяльнасцях аўтакранаўшчыка, машыніста аўтавышкі і аўтагідрапад’ёмніка і працаваў у Мінску. Са зменай работы пераехаў жыць да бацькоў у Стоўбцы. Служба мне падабаецца, застаецца зарэкамендаваць сябе ў прафесіі выратавальніка. Задавальняе і зменны графік, таму што ў вольны час люблю рабіць што-небудзь сваімі рукамі. Распачаў рамонт бацькоўскага дома. Не так даўно закончыў спальню бацькоў. Стараўся для іх, улічыў усе пажаданні – і яны засталіся задаволенымі тым, што зроблена. Работы я не баюся, ёсць жаданне і энергія ствараць. Нямала чаго ўжо ажыццявіў, але задумак маю яшчэ больш. Буду іх рэалізоўваць. Сябрую з добрай дзяўчынай, таму на будучы год будую планы і адносна сямейнага жыцця.   

Вераніка ЛЯБЕДЗЬКА, інжынер-хімік ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат»:

– 2015 год запомніцца мне тым, што з ім пачаўся ў мяне новы этап жыцця – працоўны. Закончыла біялагічны факультэт БДУ і прыйшла на камбінат. На мяне звалілася такая адказнасць, але я задаволена. Пачынаць у вытворчай лабараторыі з такімі сучаснымі ўмовамі працы, у вопытным калектыве, якому я вельмі ўдзячна, – гэта дарагога каштуе. Не кожнаму такое выпадае. Пераканалася, што зрабіла ў свой час правільны выбар. Хачу далей развівацца, удасканальвацца. Калі заканчвала школу, на мой жыццёвы выбар паўплывала мама, а цяпер, напэўна, я ў нечым перадала сваю зацікаўленасць біялогіяй, стала прыкладам для брата Паўла, дзевяцікласніка гімназіі № 1. Прыемна, што на раённай алімпіядзе па біялогіі ён заняў першае месца. Напярэдадні Новага года ўсведамляю, што ў адыходзячым годзе было шмат добрага. Будзе яно і ў наступным годзе, калі настойліва дабівацца сваіх жыццёвых мэтаў.

Сяргей КРАПІЎНІЦКІ, электрамеханік Стаўбцоўскага вузла электрасувязі:

– Сапраўды, ёсць за што падзякаваць адыходзячаму году. Два месяцы таму ў нас з жонкай здарылася чаканая падзея – нараджэнне дачушкі. Гэта наш першынец і наша шчасце. Назвалі яе Маргарытай. Пачаліся радасныя бацькоўскія клопаты. Будуем свой дом. Участак выдзелілі нам у новым мікрараёне індывідуальнай жылой забудовы. Будуем самі, з дапамогай бацькоў. Ужо ўзведзена «каробка» дома. Ёсць перспектыва вырашэння жыллёвай праблемы. Тым больш, з нараджэннем дачушкі нашу маладую сям’ю паставілі на чаргу на атрыманне льготнага крэдыту. Будучы год абяцае быць для нашай сям’і таксама неардынарным: Анастасія заканчвае Акадэмію сувязі (мы з жонкай – калегі, абое працуем у вузле электрасувязі), а я, як выпускнік Вышэйшага каледжа сувязі, планую паступіць ва ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі на скарочаны курс навучання.  Здаецца, ёсць усё, каб радавацца жыццю.

 

ПЕРАМОГА МЕДЫКАЎ І ЭНЕРГЕТЫКАЎ

Вы ніколі не задумваліся над пытаннямі: «Што звязвае «дзяцей святла» з доктарам Айбалітам?»,  або  «Дзе яны пазнаёміліся?», ці  «Калі магло адбыцца гэтае знаёмства?».  Каб адказаць на іх, спатрэбіліся ажно тры спробы, амаль дадатковая гульня, і яна, на жаль, не змагла – як таго хацелася многім! – праліць святло на вынікі сёлетняга каляднага турніру «Што? Дзе? Калі?», што склікаў каманды вучнёўскай і працоўнай моладзі раёна.

На пачатку турніру дзве з сямі каманд-удзельніц – каманда «Айбаліт» з ліку работнікаў цэнтральнай раённай бальніцы і каманда «Дзеці святла» з ліку работнікаў Стаўбцоўскіх электрасетак – былі звычайнымі канкурэнтамі, а ўжо напрыканцы гульні – моцнымі і абсалютна роўнымі ігракамі, з аднолькавай колькасцю заваяваных балаў, таму абедзве – прэтэндэнты на першае месца. Вызначыцца на чыю-небудзь карысць – «Айбаліта» або «Дзяцей святла» – не дапамаглі першая, а затым другая і трэцяя спробы  з дадатковымі інтэлектуальнымі конкурсамі, і першае месца журы вымушана было прысудзіць ім абедзвюм. Віншуем медыкаў і энергетыкаў, і пры гэтым разумеем, што адказ на пытанне «Што?», «Дзе?» і «Калі?», зададзенае ў пачатку, для іх заключаецца ў адным ёмістым паняцці – перамога, здабытая на калядным турніры!

Другое месца па выніках гульні – у каманды «Цяжка…» (школа № 3), трэцяе – у каманды «Сектар газу» (Стоўбцыгаз). Удзел у турніры бралі таксама каманды школы № 2, мясакансервавага камбіната і ЦБП № 624 філіяла № 500 ААТ «ААБ Беларусбанк». Каверзныя пытанні для знатакоў  (эрудыт-лато і эрудыт-азбуку , заданні конкурсу «Дзед Мароз – чырвоны нос» і інш.) падрыхтавала нязменная вядучая – Вольга Трафімчук.

– Удзельнікі каляднага турніру, які стаў на Стаўбцоўшчыне традыцыйным, атрымалі ад яго арганізатараў – аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, – граматы, дыпломы і салодкія прызы. А арганізатары, у сваю чаргу, выказваюць удзячнасць кіраўніцтву школы № 3, на базе якой турнір знайшоў сталую прапіску і падтрымку, – зазначыла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Анастасія Віслаўская.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ  

 

ПРЫЙШЛІ  СЯБРЫ З ПАДАРУНКАМІ

У Цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі адбылася дабрачынная ёлка. Як і ў мінулы год з падарункамі – адраснай дапамогай для бацькоў дзяцей-інвалідаў – прыйшлі на свята прадстаўнікі РАУС. Старшыня раённага аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Галіна Шапецька ўручыла ўсім дзецям салодкія падарункі. У іх ліку былі і выпускнікі цэнтра, і дзеці, якія на надомным навучанні.

Святочныя мерапрыемствы ў цэнтры працягваюцца.

Пр



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *