На фінішы года

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

АДРАЗУ ХЛЕБ, А ПОТЫМ – ДА ХЛЕБА

Якім бы багатым і арыгінальным па афармленні ні быў святочны стол, галава ўсяму – хлеб. У нашым горадзе працуе прыватны цэх, які дастаўляе для гараджан свежую выпечку ў павільён № 14 на рынку «Лебедзь». Тут можна купіць не толькі хлеб, але і кандытарскія вырабы, аб чым расказвае нам гаспадыня пякарні Наталля Гамза:

–       Прадстаўнікі некалькіх кампаній нашай рэспублікі падтрымалі нас, нашу ідэю выпякаць хлеб і розныя кандытарскія вырабы – паставілі абсталяванне і паўфабрыкаты для выпечкі. Адметнасцю нашай прадукцыі з’яўляецца тое, што мы ўзялі накірунак на выпечку натуральнага хлеба, без дабавак і кансервантаў. Любая гаспадыня жадае зберагчы гародніну, садавіну з меншымі дабаўкамі, працягваючы тэрміны захоўвання шляхам замарожвання прадуктаў. Тое ж самае адбываецца і з хлебам, тортамі, дэсертамі. Хоць гэта бюджэтна накладна, але найбольш каштоўна для здароўя чалавека. Мы клапоцімся аб здароўі кожнага пакупніка. І прапануем  цёмны і светлы хлеб Ciabatta, батоны з начынкай з часночным маслам, больш за шэсць відаў пончыкаў і піражкоў, каля 10 тыпаў слоек з рознымі напаўняльнікамі, круасаны з топінгамі са смакам міндалю, ляснога арэха, шакаладу, лясных ягад і т. п. На выбар пакупніка замарожаныя слойкі, струдлікі, круасаны, торты і дэсерты (па памяркоўным кошце). У нас можна набыць торт вагой ад 125 грамаў да 1,5 кілаграма ў індывідуальнай упакоўцы, палавіну торта ці кавалачак – колькі каму трэба і па даходах кожнага. У пераднавагоднія і ражджэственскія дні пастараемся стварыць нашым наведвальнікам прыемны настрой і запрашаем іх па пакупкі.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

У КНІГУ ГОНАРУ САЮЗДРУКУ

Начальнік стаўбцоўскага ўчастка рознічнага гандлю УП «Мінаблсаюздрук» Людміла Каробка занесена ў Кнігу гонару Саюздруку.

Чым жа заслужыла Людміла Альфонсаўна такое прызнанне? На працягу апошніх гадоў стаўбцоўскі ўчастак, які ўзбуйніўся да 12 кіёскаў з плюсам да чатырох стаўбцоўскіх у Дзяржынску, Фаніпалі і Уздзе, трымае лідарства ў Мінскай вобласці па аб’ёме тавараабароту на адну гандлёвую кропку. Людміла Каробка, якая з любоўю да сваёй справы ўжо 20 гадоў узначальвае калектыў, гаворыць, што такі поспех магчымы толькі пры добрасумленным выкананні сваіх абавязкаў кожным членам калектыву.

Напрыканцы снежня Ганаровай граматы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь удастоена Вера Філіпчык, якая выдатна абслугоўвае стаўбчан і гасцей горада ў кіёску каля гандлёвага цэнтра «Арманда». Падзякай УП «Мінаблсаюздрук» адзначана Валянціна Комар – адзін з лепшых кіяскёраў.

На асаблівым рахунку ў вобласці і прадаўцы Людміла Маліноўская і Таццяна Кавалеўская, якія абслугоўваюць кіёск каля цэнтральнай раённай бальніцы. Яны забяспечылі самы высокі ў вобласці тавараабарот на адзін кіёск і былі адзначаны ў бягучым годзе ўзнагародамі УП «Мінаблсаюздрук».

Працаўнікі Саюздруку разам з іншымі абавязкамі, звязанымі з пастаянным пашырэннем паслуг, па-ранейшаму прафесійна і ўмела распаўсюджваюць перыёдыку. Многія людзі нязменна спяшаюцца ў кіёск па свежую прэсу. І па добры настрой, які гатовы падарыць прадаўцы кіёскаў.

Пр

ВЕРЫЦЬ У СВАЮ МАРУ

Мая аднакласніца Алёна Гарохавік – дзіўны чалавек, з багатай адкрытай душой і вялікім талентам. Часова Алёна не займаецца з намі ў школе, хварэе, але наш 11 «Б» клас яе вельмі любіць, паважае і падтрымлівае. Яна – як праменьчык святла для ўсіх нас. Алёна выдатна малюе, і кожны малюнак захоўвае ў сабе часцінку яе душы. Пры нашай сустрэчы Алёна расказала мне аб сваёй творчасці, аб малюнках, аб тым, што натхняе яе.

– Я магу доўга не маляваць. Калі мне скажуць што-небудзь намаляваць, а ў мяне няма ў гэты момант натхнення, я буду спрабаваць, магу сапсаваць цэлы альбом, і ў мяне нічога не атрымаецца. Калі ж я адчуваю нейкія моцныя эмоцыі – сум, радасць, у мяне ўзнікае непераадольнае жаданне перанесці іх на паперу. Бывае, я ўстаю ноччу і малюю, часам – да раніцы. Здараецца, пакідаю пачатыя малюнкі, бяруся за штосьці іншае, але пры гэтым усё роўна вяртаюся да недаробленай працы, і яна ўжо будзе іншай – больш дасканалай.

 Алёна пракаменціравала кожны свой малюнак. На адным з іх – дзяўчынка, якая верыць у сваю мару. Ёй хацелася б на Новы год трапіць на галоўную вуліцу Нью-Ёрка, адчуць пышнасць, яркасць традыцый сустрэчы Новага года жыхарамі гэтага горада. І вярнуцца дамоў, у ціхую патаемную атмасферу ражджэственскай ночы. 

Алёна, усе вучні 11 «Б», наш класны кіраўнік Людміла Раманаўна Супрановіч, настаўнікі школы № 3, твае сябры і сваякі – усе мы любім цябе! У цябе ўсё будзе добра! Я веру, што твае мары абавязкова спраўдзяцца. І, калі ласка, Алёна, стоячы на вуліцы Нью-Ёрка ў Новы год, успомні нас – мы думкамі з табою – і ўсміхніся сваёй яснай прамяністай усмешкай!

Кацярына ІГНАТОВІЧ, вучаніца СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *