Ля нашай ёлкі – малыя даследчыкі

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Зноў у раёне адбыўся традыцыйны конкурс даследчых работ дзяцей дашкольнага ўзросту (ад 5 да 7 гадоў) і малодшых школьнікаў «Я – даследчык».  Гімназія № 1 прадаставіла для іх выдатныя ўмовы для абароны сваіх работ.

На конкурс была прадстаўлена 51 работа даследчага характару з 28 устаноў адукацыі – 10 дашкольных і 18 – агульнай сярэдняй адукацыі.

Даследчыя работы дашкольнікаў былі прадстаўлены па намінацыях: «Дзіця і прырода», «Незвычайнае ў звычайным», «Бюро знаходак». Работы малодшых школьнікаў разглядвалі ў чатырох секцыях: «Матэматыка. Фізіка. Тэхніка», «Грамадазнаўства (Жывая прырода)», «Грамадазнаўства (Нежывая прырода)», «Гуманітарныя веды».

Юныя даследчыкі вывучалі ўплыў навушнікаў на слых, выкарыстанне натуральных угнаенняў пры вырошчванні культур, як уплывае імя на жыццё чалавека і іншыя тэмы. Журы даведалася аб карысці малака, бісквітнага пірожнага, аб выкарыстанні магнітаў у паўсядзённым жыцці. Былі раскрыты тайны камянёў, асінага гнязда. Яны паведамілі аб тым, як пазбаціцца ад назойлівага паху, падрыхтаваць барометр.

У рамках конкурсу прайшла стэндавая абарона работ з элементамі інтэрв’ю і гутаркі, кірмаш праектаў, шоу-гульня з клоўнам Міні. Для педагогаў і бацькоў быў прадэманстраваны відэафільм «Першыя крокі да новых адкрыццяў».

У намінацыі «Дзіця і прырода» пераможцамі сталі: выхаванец дзіцячага сада № 4 Аляксей Караневіч (кіраўнікі работы Н. Л. Славінская, А. М. Ясючэня), выхаванка Навасвержанскіх ясляў-сада Ульяна Шэлест (кіраўнік работы Л. М. Цвірка).

У секцыі «Матэматыка. Фізіка. Тэхніка» перамогу атрымаў вучань СШ № 2 Максім Губанаў (кіраўнік А. В. Ярмак), у секцыі «Грамадазнаўства (жывая прырода)» – вучаніца СШ № 3 Ірына Міцякіна (кіраўнік А. Л. Бець), у секцыі  «Грамадазнаўства (нежывая прырода)» – вучаніца Коласаўскай СШ Дар’я Хадаркевіч (кіраўнік работы Л. І. Шабуня), у секцыі «Гуманітарныя веды» – вучань Дзераўнянскай СШ Станіслаў Звярок (кіраўнік А. А. Канановіч).

Гэтыя дзеці прымуць удзел у абласным конкурсе «Я – даследчык».  Былі адзначаны таксама юныя даследчыкі, якія занялі другое і трэцяе месцы.

Ірына Міцякіна, выдатніца вучобы СШ № 3 г. Стоўбцы, мае вопыт удзелу ў конкурсах даследчых работ, прадметных алімпіядах. І не дзіва – чацвёртакласніца наведвае Школу юных інтэлектуалаў, вельмі сур’ёзна працуе. Яна паспявае прысвячаць час і мастацтву. Захапляецца тэхнікай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва квінінг, а таксама бісерапляценнем, выцінанкай. Як бачым, яна шмат што паспела, хоць вучыцца толькі ў чацвёртым класе.

Дар’я Хадаркевіч вучыцца ў чацвёртым «Б» класе Коласаўскай СШ. Гэтая дапытлівая дзяўчынка не губляе часу для самаразвіцця. Усё ў яе ладзіцца. Яна – актыўная ўдзельніца  школьных мерапрыемстваў, вельмі яркая асоба, выдатная артыстка – і станцуе, і праспявае. Даша паспяхова займаецца харэаграфіяй і вакалам у школе мастацтваў.

Выхаванец дзіцячых ясляў-сада № 4 Аляксей Караневіч у свае шэсць гадоў добра чытае, ён можа справіцца нават з энцыклапедыяй. Вельмі зацікавіла яго «Чырвоная кніга». Яму шкада жывёлін і раслін, якія могуць знікнуць, таму задумваецца, як іх выратаваць. Лёша вельмі цікавіцца светам прыроды. І, як і ўсе хлопчыкі, ўсё ведае пра тэхніку.

Ульяна Шэлест – дзяўчынка дапытлівая, рухомая, жвавая. Умее спяваць, танцаваць, кнігі чытаць, прыклады рашаць, хоць у школу яшчэ не ходзіць. У Навасвержанскіх яслях-садзе яе называюць фантазёркай. Яна сапраўдная артыстка, можа пераўвасобіцца ў любога мастацкага героя. Яе любімыя цацкі – конікі і русалкі. У яе іх – цэлая калекцыя. Ульяна – чулая і добрая дзяўчынка, таму ў яе шмат сяброў.

Максім Губанаў ужо чатыры разы з першага класа прадстаўляў СШ № 2 г. Стоўбцы на конкурсе юных даследчыкаў. І кожны год яго работы былі адзначаны дыпломамі. Максім паспявае не толькі займацца даследчай работай, але і наведваць школу мастацтваў, дзе асвойвае ігру на баяне. У свабодны ад заняткаў час шмат чытае, любіць гуляць у развіваючыя гульні, усё гэта дапамае яму інтэлектуальна абагачацца.

Станіслаў Звярок ужо не першы раз удзельнічае ў конкурсе даследчых работ. У Дзераўнянскай школе трэцякласнік мае рэпутацыю даследчыка, эксперыментатара, канструктара, займаецца разьбой па дрэве. Для трэцякласніка інтарэс уяўляюць такія школьныя прадметы, як матэматыка, англійская мова, фізічная культура, чытанне. Дома  ў яго – калекцыя энцыклапедый і цікавых дзіцячых кніг.

Аксана ДАВЫДЗЕНКА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *