Годам культуры аб’яўлены ў Беларусі 2016 год

Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны Тэма тыдня

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 28 снежня падпісаў указ нумар 522 «Аб аб’яўленні 2016 года Годам культуры», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.

Указ прыняты ў мэтах аб’яднання інтэлектуальных і духоўных сіл грамадства для вырашэння задач сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця народных традыцый, выхавання ў грамадзян любові да Айчыны, а таксама падтрымкі творчых ініцыятыў.

Ураду даручана сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам распрацаваць і зацвердзіць рэспубліканскі план мерапрыемстваў па правядзенні ў 2016 годзе Года культуры, які закранае ўсе сферы дзейнасці (культура вытворчасці і земляробства, культура сямейных адносін і быту, культура добраўпарадкавання населеных пунктаў).

Значная ўвага будзе ўдзелена мерапрыемствам у сферы мастацкай культуры, якая з’яўляецца адным з асноўных сродкаў выхавання ў моладзі патрыятызму і павагі да Радзімы. Таксама прадугледжваецца комплекс мерапрыемстваў, звязаны са знакавымі для культуры Беларусі юбілейнымі датамі.

***

Год культуры ў Беларусі абяцае быць цікавым і насычаным. Аб гэтым заявіў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Аляксандр Косінец пасля наведвання Сацыяльна-педагагічнага цэнтра Аршанскага раёна.

Аляксандр Косінец падкрэсліў, што надыходзячы год будзе багаты на юбілеі – 25 гадоў фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», 125 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча, 75 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Мулявіна і шмат іншых знакавых дат. «Што датычыцца «Славянскага базару», то яму ўжо цеснавата Алея зорак у Летнім амфітэатры. Мы будзем разглядаць магчымасці, каб правесці рэканструкцыю і ператварыць алею ў плошчу», – падзяліўся планамі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

Аляксандр Косінец адзначыў, што ў час, калі імкліва развіваюцца інфармацыйныя тэхналогіі, сапраўднае адраджэнне перажывае кнігадрукаванне. «З майго пункту гледжання, добрую кнігу нічым нельга замяніць, і, на шчасце, кнігу зноў пачалі шанаваць. Ствараюцца спецыяльныя факультэты па падрыхтоўцы і напісанні добрых падручнікаў», – сказаў Аляксандр Косінец. Ён дадаў, што на будучы год падрыхтавана цэлая праграма мерапрыемстваў. «Будзем дзейнічаць па ўсіх напрамках, вырашаць пытанні нягледзячы ні на якія цяжкасці. Год культуры атрымаецца цікавы і насычаны», – рэзюмаваў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *