Для БРСМ Год моладзі стаў казырным

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

 На Стаўбцоўшчыне пражываюць 7 500 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года, гэта 19 працэнтаў ад агульнай колькасці жыхароў раёна. Моладзь – не толькі значная яго частка, а і самая актыўная, мабільная, прагрэсіўная. Яе ідэі ідуць у нагу з часам і нават нярэдка апярэджваюць яго (варта прыгадаць адзін з праектаў БРСМ – «100 ідэй для Беларусі»).

У мінулым годзе, аб’яўленым у нашай краіне Годам моладзі, увасаблялася і нямала грамадска-дзяржаўных ініцыятыў, накіраваных на патрыятычнае выхаванне моладзі, развіццё студатрадаўскага руху і т. п. У першых радах па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі на Стаўбцоўшчыне знаходзіцца раённы камітэт БРСМ.

Што зроблена моладдзю і для моладзі за гэты адметны год? Пра пачынанні і традыцыі маладзёжнага руху на Стаўбцоўшчыне мы гутарым з першым сакратаром раённага камітэта БРСМ Анастасіяй КАЛОДЗІНСКАЙ.

– Яшчэ ў лістападзе Мінскай абласной арганізацыяй ГА «БРСМ» былі падведзены першыя вынікі Года моладзі. Для нас яны сталі асабліва прыемнымі. Па выніках абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр» Стаўбцоўскі раённы камітэт удастоены падзякі ад Мінскага абласнога Савета дэпутатаў за арганізацыю на высокім узроўні занятасці моладзі ў трэцім працоўным семестры. Адпаведна, ПДСУП «Профі-Аграцэнтр», якое істотна пасадзейнічала нам, заахвочана падзячным пісьмом. Акрамя таго, раённы камітэт і створаны пры ім валанцёрскі атрад «БраДабрэі» аб’яўлены пераможцай рэспубліканскага конкурсу «Валанцёр года – «Добрае Сэрца».

– Анастасія, працоўная занятасць моладзі ў летні перыяд, валанцёрства – гэта асноўныя козыры дзейнасці раённага камітэта ў Год моладзі? 

– Відавочна, што мы нямала дасягнулі на гэтых напрамках, але толькі імі наша дзейнасць не абмяжоўваецца. Варта назваць і іншыя, таксама самадастатковыя накірункі дзейнасці – патрыятычнае і экалагічнае выхаванне моладзі, прафілактыку правапарушэнняў у маладзёжным асяроддзі, работу ў інтэрнэт-прасторы і інш. Раённы камітэт сапраўды можа пахваліцца сёлетнім трэцім працоўным семестрам (было сфарміравана 23 студэнцкія атрады агульнай колькасцю 313 чалавек, дзейнічаў 21 добраахвотніцкі атрад), але не толькі ім. Вялікая і карпатлівая работа праведзена ў той жа інтэрнэт-прасторы, дзе з верасня аб дзейнасці раённага камітэта БРСМ можна падрабязна даведацца не толькі з групы «Молодёжь Столбцовщины» «ВКонтакте», а і са старонак у «Твиттере», «Инстаграме», на канале «Ютуба». Адным словам, у нас ёсць добрыя напрацоўкі, пэўны вопыт і дасягненні, каб ацэньваць свае намаганні з пункту гледжання дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Задачы перад маладзёжным рухам ставяцца сучасныя, з павышаным узроўнем адказнасці перад грамадствам.      

– Моладзь раёна далучылася і да збору другасных матэрыяльных рэсурсаў.

– Збор другасных матэрыяльных рэсурсаў – адна з надзённых задач раённага камітэта, над якой мы мэтанакіравана працуем. Яшчэ ў мінулым годзе гэта пацвердзілі добраахвотніцкі атрад гімназіі № 1, пераможца рэспубліканскай акцыі БРСМ па зборы адходаў ПЭТ-бутэлек, і добраахвотніцкі атрад школы № 3, пераможца абласнога конкурсу па зборы другаснай сыравіны ў намінацыі «Збор макулатуры». Гэта работа працягваецца.

– Год моладзі супаў са значнай датай у нашай гісторыі – 70-годдзем Вялікай Перамогі. Чым уславіла гэтую дату наша моладзь?  

– Сучасная моладзь шэфствуе над ветэранамі вайны і працягвае запавет дзядоў і бацькоў служыць Айчыне, быць актыўнымі членамі грамадства. Членскія білеты сваім новым членам мы ўручаем ва ўрачыстай абстаноўцы, запрашаем ветэранаў вайны і працы. Сёлета праз Стаўбцоўшчыну прайшоў абласны эколага-патрыятычны марафон, ладзілася акцыя «Сярэбраныя ніці», іншыя мерапрыемствы, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі. Стала добрай традыцыяй, што на базе воінскай часці, у ваенным гарадку Аколіца, праходзіць злёт камандзіраў і актыву маладзёжных атрадаў аховы правапарадку Міншчыны.

Скажу, што лепшыя маральныя якасці нашай моладзі былі прадэманстраваны падчас абласнога маладзёжнага фестывалю-выстаўкі «проСВЕТление», які праходзіў на Стаўбцоўшчыне. Прадстаўнікі царквы сумесна з маладзёжным актывам Мінскай вобласці арганізавалі адкрыты дыялог – «Моладзь. Традыцыі. Будучае». Упершыню на фестывалі адбыўся брэйн-рынг для валанцёраў, удзельнікаў мінулагодняй рэспубліканскай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі».

– Стаўбцоўшчына застаецца ў цэнтры маладзёжнага жыцця Міншчыны і рэспублікі ў цэлым?

 – Гэта так. Варта хаця б прыгадаць І рэспубліканскі форум сельскай моладзі, які праходзіў на Стаўбцоўшчыне на базе аздараўленчага лагера імя Я. М. Чайкі. У праграме форуму быў прадугледжаны і абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта – «Уладар сяла-2015». У свой час БРСМ ініцыіраваў гэты праект, таму садзейнічае яго шырокай папулярызацыі. Сёлета наша маладая шматдзетная сям’я – Аляксандра і Марыі Руч’ёвых з аграгарадка Дзераўная – упэўнена заняла першае месца ў раёне, вобласці і дастойна прадставіла Міншчыну ў фінале праекта. 

Ёсць яшчэ адзін значны праект БРСМ, у якім мы заўсёды з гонарам прымаем удзел. Гэта фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», дзе ў рамках афіцыйнай праграмы праходзіць Дзень моладзі. Сёлета ён стаў адметным – у Віцебску разгарнулася маштабная разнапланавая інтэрактыўная экспазіцыя «Маладзёжны падворак».         

Як бачна, Год моладзі прайшоў недарэмна. Спадзяёмся, што ў нашай моладзі і надалей знойдзецца столькі энергіі і матывацыі, каб і год будучы быў плённым на здабыткі, на ўдзел маладых у грамадскім жыцці свайго раёна і краіны.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *