Навагоднія ўрачыстасці

Адукацыя Нумары

ЗА ПЕРАМОГІ – УДЗЯЧНАСЦЬ ВУЧНЯМ

Апошнімі днямі 2015 года ў нашым раёне прайшлі дабрачынныя ёлкі, навагоднія ранішнікі для розных катэгорый дзяцей. Яны ўпрыгожылі зімовыя канікулы хлопчыкаў і дзяўчынак, даставілі радасць паездкі ў раённы Цэнтр культуры, дзе было падрыхтавана казачнае прадстаўленне. Прыемна было назіраць за дзецьмі –  у любым узросце навагоднія і ражджэственскія святы застаюцца самымі чаканымі, таму што дораць надзею і веру ў цуды. Для падарункаў дзецям на правядзенне дабрачынных ёлак з бюджэту райвыканкамам было выдзелена 49 мільёнаў рублёў, і яшчэ 45 мільёнаў – для прэміравання адораных вучняў за іх перамогі.

Ёлка для адораных вучняў – традыцыйная ў нашым раёне і праходзіць з удзелам кіраўніцтва райвыканкама. Запрашэнне на прыгожае свята ў раённым Цэнтры культуры атрымалі 250 чалавек – выдатнікі вучобы, пераможцы прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў і турніраў. У мінулым годзе школьнікі Стаўбцоўскага раёна неаднаразова дабіваліся перамог у розных спаборніцтвах на міжнародным, рэспубліканскім і абласным узроўнях, што падняло аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на высокія прыступкі ў вобласці.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў на гэтай урачыстасці цёпла і сардэчна прывітаў вучняў, падзякаваў ім за старанні ў вучобе і раскрыцці сваіх талентаў, за паспяховы ўдзел у розных конкурсах, алімпіядах. Юрый Мікалаевіч павіншаваў усіх з Новым годам і Ражджаством Хрыстовым, пажадаў вучням і надалей мець стараннасць, адказнасць у вучобе і дасягнуць новых вышынь на радасць бацькам, педагогам, якія ўкладваюць свае таленты і сілы для навучання і выхавання дзяцей, а таксама для папаўнення здабыткаў нашага раёна.

Юрый Горлаў уручыў салодкія падарункі і прэміі пераможцам алімпіяд.

Прыемным падарункам для вучняў з усяго раёна быў і выдатны навагодні спектакль, падрыхтаваны работнікамі раённага Цэнтра культуры. У атмасферу навагодняй казкі акунулі прысутных багатыя дэкарацыі сцэны, святлоэфекты.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

РАЖДЖЭСТВЕНСКІ ВЕЧАР

У Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў ёсць выдатная традыцыя – рыхтаваць ражджэственскі канцэрт. Ён прайшоў напрыканцы каляндарнага года і даў магчымасць вучням і педагогам падзяліцца радасцю вялікага хрысціянскага свята, даставіць задавальненне гледачам выкананнем ражджэственскіх твораў.

Рэжысёрам і вядучай вечара выступіла выкладчыца тэатральнага аддзялення Антаніна Бондарава, творчы і нераўнадушны чалавек. Калегі выканалі яе пажаданні, падрыхтавалі рэпертуар, які даў магчымасць адагрэцца душою, адчуць святасць вялікай падзеі Ражджаства Хрыстовага.

Адкрыла канцэрт выдатная кампазіцыя ў выкананні ансамбля скрыпачоў (кіраўнікі Таццяна Кот і Ала Імамутдзінава) і харэаграфічнага ансамбля «Шчабятушкі» (кіраўнікі Анастасія Бекасава і Аляксандра Варывоцкая).

«Святую ноч» і іншыя ражджэственскія творы выдатна выканала вакальная група хору «Верасень» пад кіраўніцтвам педагогаў Святланы Швечыкавай і Зоі Драбышэўскай.

Калядную замалёўку пры ўдзеле выканаўцаў розных узростаў паставіла кіраўнік узорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі» Людміла Канаплянікава-Доўнар.

Ражджэственскім дэбютам стала выступленне інструментальнага  ансамбля педагогаў у складзе Дзмітрыя Слесарчыка (баян), Алены Лубчонак (цымбалы), Арцёма Варанко (ударныя інструменты), Дзмітрыя Вяршэні (бас-гітара), Сяргея Лубчонка (дуда, флейта). Ансамбль яшчэ не мае назвы, але ўжо атрымаў прызнанне гледачоў. Прыязна быў успрыняты залаю і малады вучнёўскі ансамбль «Прэм’ера», якім кіруе Алена Лубчонак.

Удзельнікі тэатральнага аддзялення пад кіраўніцтвам Вольгі Навіцкай, Антаніны Бондаравай, Алёны Міцкевіч выканалі выдатныя тэатралізаваныя пастаноўкі, якія ставілі мэтаю данесці да прысутных прыгажосць хрысціянскіх дабрадзейнасцяў, такіх, як любоў да бліжняга, дабрыня, спагада, чуласць.

Канцэрт праходзіў адразу пасля экзаменаў, што дало магчымасць выбраць лепшых салістаў з розных аддзяленняў – яны паказалі на сцэне сваё выканальніцкае майстэрства на розных музычных інструментах. Вучні ўспрымаюць, што выступіць на гэтым канцэрце –  ганарова, таму вельмі-вельмі стараюцца.

–       Ражджэственскі канцэрт для ўсіх нас – прыгожая падзея, – гаворыць Антаніна Бондарава. – Як рэжысёр гэтай праграмы я б хацела падзякаваць сваім калегам за іх старанні і талент падрыхтаваць вучняў з яркімі прыгожымі нумарамі, за святочную атмасферу, за ражджэственскі настрой. Канцэртная праграма  вельмі вузкая, каб паказаць усіх таленавітых нашых вучняў, вельмі шкада. Усіх стаўбчан віншую са светлым святам Ражджаства Хрыстовага з пажаданнямі, каб у вашых дамах, у вашых працоўных калектывах, у вашых сэрцах былі мір, згода і ўзаемаразуменне.

Святлана ЖЫБУЛЬ

 

З падарункамі і цудамі

20 вучняў школ нашага раёна –  выдатнікі вучобы, школьныя актывісты, пераможцы алімпіяд і конкурсаў, дзеці, якія аказаліся ў цяжкіх жыццёвых абставінах, атрымалі запрашэнне на абласную дабрачынную ёлку, якая прайшла ў Барысаве.

Дзяцей з усёй Мінскай вобласці з прыгожымі зімовымі святамі павіншаваў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Сямён Шапіра.

Шчодры Дзед Мароз і Снягурка правялі конкурсы, карагод ля ёлкі сабраў казачных герояў.

Дамоў дзеці вярталіся з салодкімі падарункамі і масай уражанняў.

 

СУСТРЭЧА З КАЗКАЙ

Каля 300 дзяцей са шматдзетных, малазабяспечаных сем’яў, дзеці-інваліды, хлопчыкі і дзяўчынкі, якія аказаліся ў складаных жыццёвых абставінах, атрымалі запрашэнне пабыць на дабрачыннай ёлцы ў раённым Цэнтры культуры.

Сустрэча з казкай была для іх яркай – дзеці актыўна рэагавалі на дзеянні казачных герояў у навагоднім спектаклі, дапамагалі сваімі эмоцыямі, каб дабро перамагло, дзівіліся на прыгожа прыбраную сцэну і на іншыя дэкарацыі.

Дамоў яны ішлі ўзрушаныя, з салодкімі падарункамі.

Пр

 

З ЦЕПЛЫНЁЮ СЭРЦАЎ

Вучні Нававёскаўскай, Старасвержанскай, Дзераўнянскай, Вішнявецкай і Цясноўскай школ, а таксама школы № 3 і гімназіі № 1, Мікалаеўшчынскага ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа ў  ліку першых узялі ўдзел у дабрачыннай акцыі БРСМ і БРПА «Цуды на Ражджаство».

Дарэчы, частка падарункаў, сабраных школьнікамі, ужо знайшла адрасатаў. Уручаны яны маладым людзям з асаблівасцямі развіцця, якіх напярэдадні Новага года запрасілі ў раённы Цэнтр культуры на святочнае мерапрыемства «Ражджэственская казка». Дзейства было падрыхтавана педагогамі Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і аказалася сапраўдным казачным цудам, дапоўненым падарункамі, цеплынёю сэрцаў валанцёраў БРСМ.

– Спадзяёмся, што нашы падарункі – канцылярскія прылады, цацкі – прынясуць радасць усім, хто іх атрымае. У бліжэйшы час мы збіраемся наведаць дзіцячае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы, – падзялілася планамі першы сакратар раённага камітэта БРСМ Анастасія Калодзінская.

Збор калядных падарункаў у рамках дабрачыннай акцыі «Цуды на Ражджаство» працягнецца да 20-га студзеня.     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ 

 

ЦУД ПАД КАЛЯДЫ

Самыя сямейныя, самыя цудоўныя і прыгожыя святы – Каляды і Новы год. Яны нясуць у кожны дом, у кожнае сэрца супакой і радасць, а галоўнае – надзею і веру ў лепшае, у чыстае, у цуды і дабрыню.

Напярэдадні святаў у гімназіі № 1 адбылося незвычайнае мерапрыемства, якое акунула настаўнікаў, вучняў і гасцей установы адукацыі ў атмасферу каляднага настрою. «Дзень Святога Мікалая» – пад такой назвай праходзілі ўрачыстая пастаноўка, сюрпрызы на калідоры і традыцыйныя еўрапейскія перадкалядныя выставы.

Пра жыццё святога Мікалая вядома, што доўгія гады ён быў епіскапам у Мірах Лікійскіх у Малой Азіі. Памёр каля 345 года. Усё сваё жыццё прысвяціў справе міласэрнасці для душы і цела. Таямніца вялікага культу святога Мікалая сярод хрысціян у тым, што ён для ўсіх стаў сімвалам ахвярнай любові да бліжняга і спачувальнай міласці.  У Еўропе дзень Святога Мікалая традыцыйна святкуецца вельмі цікава. Аматары ладзяць пастаноўкі, спяваюць песні, распачынаюцца калядныя кірмашы. Святы Мікалай прыносіць дзецям невялікія салодкія падарункі.

У гімназіі тыдзень замежных моў распачаўся менавіта з Дня Святога Мікалая. На калідорах установы адукацыі праходзілі выставы адвэнтавых вянкоў і календароў, уласнаручна зробленых вучнямі і настаўнікамі. На перапынках адбывалася святочнае частаванне глінтвейнам і традыцыйным калядным пірагом. Водар і пах такой смакаты вабіў гасцей, вучняў і настаўнікаў, прымушаў забыцца пра ўсе клопаты і хоць на хвілінку акунуцца ў калядны дух. Атмасферу свята падтрымлівалі і дапаўнялі традыцыйныя мелодыі, якія на скрыпцы і саксафоне выконвалі вучні гімназіі – Раман Шайноў і Сабрына Пракаповіч.

Кульмінацыяй урачыстасці стала пастаноўка «Святы Мікалай ідзе да вас», у якой удзельнічалі вучні розных узростаў, пачынаючы ад пачатковай школы і заканчваючы выпускнікамі. У часе імпрэзы можна было дазнацца, хто такі Святы Мікалай, пабачыць сцэны з яго жыцця і цуды, паслухаць вясёлыя калядныя песні і патанцаваць разам з сябрамі Мікалайкамі. Завяршылася пастаноўка віншаваннямі гасцям свята. І Святы Мікалай, зразумела, прынёс і ўручыў  кожнаму падарунак-сюрпрыз. А ўвогуле, без увагі не застаўся ніхто.

Усё мерапрыемства праходзіла на англійскай мове. І вучні, і настаўнікі засталіся пад велізарным уражаннем ад свята, якое атрымалася дзякуючы нястомнай працы кожнага.

У дзень Св. Мікалая не толькі дораць і атрымліваюць падарункі, але і імкнуцца выканаць чыё-небудзь запаветнае жаданне. Наша жаданне як настаўнікаў таксама здзейснілася: падрыхтаванае свята закранула кожнага ў гімназіі, не пакінула нікога абыякавым і, мы спадзяемся, застанецца ў школьнай памяці светлым імгненнем надоўга.

Наталля БАНДАРОВІЧ, Ліна ЖУРОЎСКАЯ, настаўнікі замежнай мовы гімназіі № 1



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *