За шчырую працу на зямлі

Нумары Сельская гаспадарка Факты, падзеi, людзi

image_pdfimage_print

Па традыцыі, напярэдадні свята Новага года года кіраўнік краіны ўручае ўзнагароды самым лепшым работнікам. Сёлета на ўрачыстую цырымонію ў Палац Незалежнасці запрасілі і брыгадзіра вытворчага ўчастка ААТ «Агранёманскі» Генадзя Цвірку. Генадзь Адамавіч бадай адзіны ў рэспубліцы чалавек, які пяцьдзясят сезонаў адпрацаваў на жніве за штурвалам камбайна. Уручаючы ўзнагароду, ордэн Пашаны, Прэзідэнт выказаў патомнаму хлебаробу шчырыя словы ўдзячнасці за працу і пажадаў далейшых поспехаў.

– Калі мне патэлефанавалі спачатку з аблвыканкама, а затым з адміністрацыі Прэзідэнта прыехаць у Палац Незалежнасці, я яшчэ не ведаў, якую атрымаю ўзнагароду, – сказаў падчас сустрэчы Генадзь Цвірка. – Удзячны, што дзяржава так высока ацаніла маю сціплую зямную працу. Вельмі ўражаны веліччу і прыгажосцю Палаца Незалежнасці.

Варта згадаць, што для Генадзя Адамавіча гэта не першая ўзнагарода. У сямідзясятыя гады за высокія паказчыкі ён атрымаў ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, а затым і юбілейны медаль «За доблесную працу». У сямейным архіве захоўваецца стос ганаровых грамат.

Працоўную дзейнасць Цвірка пачаў ў сямнаццацігадовым узросце. Бацькі завіхаліся ў паляводстве, і юнак пайшоў па іх слядах – шчыраваў на брыгадзе да паўналецця. Але больш цягнула яго да тэхнікі. Пасля заканчэння курсаў у ваенна-марскім клубе ДТСААФ (хлопцаў рыхтавалі да службы ў марфлоце) Генадзь атрымаў спецыяльнасць электраманцёра-рамонтніка. Адначасова ён паспяхова здае тэарэтычны і практычны экзамены і атрымлівае пасведчанне трактарыста.

– Практыка ваджэння ў мяне была з дзяцінства, бо жылі на хутары, і механізатары-суседзі, калі прыязджалі дадому, нярэдка дазвалялі мне праехаць на трактары, – працягвае гутарку брыгадзір. –  Устройства трактароў мы вывучалі на курсах.

Электрыкам у калгас Генадзю Адамавічу ўладкавацца не атрымалася. А вось у камбайнерах гаспадарка мела патрэбу, і ён сеў за штурвал, на той час СК-4 з бензінавым рухавіком і кабінай-парасонам. З таго часу Генадзь Цвірка не прапускаў ніводнага жніва. Сумленна працаваў, таму неўзабаве праўленне даручыла яму новую машыну «Колас» з дызельным рухавіком. На гэтым камбайне, які адслужыў пятнаццаць гадоў, дбайны працаўнік дабіваўся самага высока намалоту ў раёне, займаў першае месца ў спаборніцтве з вынікам 305 тон пры ўраджайнасці каля 15 цэнтнераў збожжа з гектара. «Адхадзіў» чатырнаццаць гадоў і «Дон-1500». Сёння ў распараджэнні камбайнера «Ліда-1300» з адзінаццацігадовым стажам. На гэтай машыне (выпрабоўваў на палях  Гродзеншчыны менавіта  яе сам Прэзідэнт) летась Генадзь Адамавіч намалаціў звыш тысячы тон збожжа.

Каля дзевяці гадоў ён адпрацаваў майстрам-наладчыкам, а пасля заканчэння тэхнікума яго прызначылі брыгадзірам вытворчага ўчастка. На гэтай пасадзе Генадзь Цвірка трыццаць два гады з агульнага пяцідзесяцігадовага стажу.

У гонар праслаўленага камбайнера райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і ўпраўленне райсельгасхарча заснавалі летась пераходны прыз. На свяце, якое было прымеркавана да Дня работніка сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, Генадзь Адамавіч уручыў пераходны прыз камбайнеру ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» Расціславу Васілевічу.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *