Закруціць кола падарожжаў

Год гасцiннаcцi Нумары

image_pdfimage_print

Цырк, Музычны тэатр і Тэатр юнага гледача, Палац Рэспублікі, Белавежская пушча – гэта адрасы тых відовішчных тураў, на якіх пабывала каля адной тысячы стаўбчан акурат на мяжы года старога і года новага – 2014.
Шматлікім святочным турам не перашкодзіла і тое, што прырода да таго часу абдзяліла нас снегам. Усе аўтобусы аўтапарка № 17, якія адпраўляліся па заказных маршрутах, былі запоўнены, а гэта 43-46 чалавек, з кваліфікаванымі вадзіцелямі за рулём. Кожнага з іх вызначае высокая культура абслугоўвання, дакладнае веданне маршруту і ўвогуле – сваёй справы.
Сімвалічна, што так пачынаецца 2014 год, аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Годам гасціннасці. Гэты год якраз і прызваны замацаваць надалей турысцкую цікаўнасць, падтрымаць актыўнасць да неспазнанага і нязведанага. У сувязі з гэтым важна паглядзець сваю краіну, глыбей яе спасцігнуць і самім, але і адкрыць яе нашым гасцям, у тым ліку замежным.
Напачатку гэтага знакавага для развіцця турызму года вядучы спецыяліст службы аддзела перавозак аўтапарка № 17 Леаніда Высоцкая дзеліцца свежай ідэяй – сумесна з партнёрамі са сталічнай фірмы «Кола падарожжаў» запланаваныя маршруты па культурна-гістарычных мясцінах Беларусі з выкарыстаннем анімацыйных праграм або касцюміраваных прадстаўленняў а-ля «Гісторыя ў асобах». Сярод такіх маршрутаў акрэсліваюцца, напрыклад, Ракаў – Тупальшчына – Івянец – аграсядзіба «Свет пчол», па памежжы з Літвою – Гудагай – Варняны – Трокенікі – Гервяты і іншыя. На валах замчышча ў Заслаўі можна будзе ўбачыць, як зараджалася беларуская шляхта, у Жупанах – традыцыі сярэднявякоўя ці «Шляхецкі радавод», у Любчы, дзе вядзецца аднаўленне храма, – пазнаёміцца з князем Міндоўгам. Добрыя гістарычныя касцюмы і пераўвасабленне артыстаў сапраўды даюць такую магчымасць усім жадаючым.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *