Медаль ад Чэшскай Рэспублікі

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Мінулы год, год 70-годдзя Вялікай Перамогі, завяршыўся неардынарнай падзеяй – ветэрану вайны Мікалаю Ярашэвічу ўручаны памятны медаль Чэшскай Рэспублікі ў сувязі з 70-годдзем заканчэння Другой сусветнай вайны.  

Ветэран вайны Мікалай Ярашэвіч застаўся на Стаўбцоўшчыне адзіным, хто браў удзел у вызваленні Чэхаславакіі. Уручыць яму памятную ўзнагароду (рашэнне аб ёй было прынята Міністэрствам абароны Чэшскай Рэспублікі акурат 9 мая 2015 года) прыехаў у Перакопаўшчыну раённы ваенны камісар Аляксей Дзядкоў. Да юбілейнага медаля з замежжа – моцны мужчынскі поціск рукі, жывыя кветкі, словы ўдзячнасці…

– Я чакаў гэтай узнагароды, – шчыра прызнаўся Мікалай Паўлавіч, былы воін-вызваліцель многіх гарадоў на тэрыторыі Чэхаславакіі, Польшчы. Яму давялося фарсіраваць Віслу, Одэр. На Одэры ледзьве не расквітаўся з жыццём, калі хваляй ад разрыву бомбы перакуліла лодку, у якой было сямёра байцоў. Выплыць удалося толькі двум… «Даплыў да берага, а дна не дастаю. Стала жудасна…» – ветэрана перасмыквае ад гэтага даўняга горкага адчування і сёння. Ён дадае: – Выратавала тое, што ў дзяцінстве на падзерыцкай рэчцы навучыўся добра плаваць».

Сімвалічнае супадзенне: мінулым летам дачка Мікалая Паўлавіча разам з унукамі наведала Чэхію па турысцкай пуцёўцы. Нашчадкі, гуляючы па тых месцах, што вызваляў іх бацька, дзед, міжволі ўяўлялі яго перад вачыма, успаміналі яго франтавую эпапею і адчувалі сувязь, непадуладную часу і адлегласці. І вось, следам за імі, «прыляцела» ў Беларусь, на Стаўбцоўшчыну, такая дарагая для Мікалая Паўлавіча вестачка – медаль. Апошнім часам ён крыху прыхварэў, але ад таго, што ўзнагарода знайшла яго, героя, пачынае спяваць, гаварыць вершамі, жартаваць… Мікалай Паўлавіч частуе мёдам з уласнай пасекі.

Уперамешку з успамінамі пра вайну – «нямецкія танкі ідуць на мяне, а я даю, даю па іх з гаўбіцы – аж ствол зробіцца чырвоным, а як танк падаб’ю, душа радуецца – ужо бліжэй канец вайне!» – Мікалай Паўлавіч з уласцівым яму аптымізмам выказвае ўпэўненасць: «Мне 90, але я таксама яшчэ пабываю ў тых мясцінах, дзе некалі ваяваў».

З тых мясцін Мікалай Паўлавіч калісьці вёз дадому трафеі – акардэоны. Ён заўзяты акардэаніст-самавучка, і з музычнымі інструментамі не расстаецца ўсё жыццё. Па вечарах, калі працаваў у калгасе брыгадзірам, надумаў браць урокі ў Стаўбцоўскай школе мастацтваў. Зімы стаялі снежныя, і на заняткі дабіраўся са сваёй Перакопаўшчыны… на лыжах. А пасля позніх практыкаванняў «музыканта» чакала дома вялікая сялянская гаспадарка. Затое – душа яго спявала нават у сне, прыцягвала да сябе моладзь. Як зайграе – збярэ поўны двор дзяўчат, хлопцаў. І сёння дзіву даешся: гаспадар трымае ў кожным пакоі па акардэоне, а ў святліцы – магнітафон. Мікалай Паўлавіч уключае яго на поўную моц, калі чакае гасцей.

Пасля вайны Мікалаю Ярашэвічу, які закончыў толькі чатыры класы, давялося быць яшчэ і вучнем вячэрняй школы. Пасля рабочага дня ў калгасе спяшаўся ён на ўрокі разам з жонкай – Ірынай Іосіфаўнай. Праўда, Ірына Іосіфаўна была… настаўніцай, філолагам. Ісці ў адзін бок ім – 5 км. Назад вярталіся позна, у гадзіну ночы… Мужу-франтавіку не выпала атрымаць вышэйшую адукацыю (хаця гэта акалічнасць не перашкодзіла яму быць і заставацца паважаным сярод калег і аднавяскоўцаў), яго жонка закончыла дзве ВНУ – Баранавіцкі і Мінскі педагагічныя інстытуты. Да слова, па слядах маці пайшла адна з дачок Ярашэвічаў – Галіна, а таксама ўнучка Наталля (яны працуюць у школе № 3 г. Стоўбцы). Іх настаўніцкая дынастыя ўжо аддала народнай асвеце Стаўбцоўшчыны больш за сто гадоў!

А што датычыць уменняў Мікалая Паўлавіча, то іх проста не злічыць: ён можа ўсё, за што ні возьмецца. Франтавік. Гаспадар. Творчая асоба. Аптыміст. Здольны быць душой кампаніі. Ён выхадзец з таго пакалення, якое цвёрда трымае сваё слова.  «Альфонс Ільіч Цішкевіч прымаў мяне ў партыю», – з гонарам гаворыць Мікалай Паўлавіч. У свой час яго абіралі народным засядацелем суда раёна. 

Здаецца, не так даўно муж і жонка Ярашэвічы адсвяткавалі брыльянтавае вяселле. Гэта ўрачыстая цырымонія праходзіла ў раённым Цэнтры культуры. Гасцей сабралася багата, бо толькі самых блізкіх у іх родзе – дзяцей, унукаў і праўнукаў – 22 чалавекі! Мікалай Паўлавіч для іх – бясспрэчны аўтарытэт, скарбніца мудрасці, добры жыццёвы прыклад.             

У Перакопаўшчыне сёння засталося вельмі мала непустых хат. Некаторы час ляжаў у бальніцы і Мікалай Паўлавіч. Застаўся задаволены, як яго даглядалі медыкі. А яшчэ з раённага савета ветэранаў не забывалі наведваць таварышы. Ад увагі, здаецца, ветэран на вачах памаладзеў. І падоранае яму даўгалецце – нібыта ўзнагарода, Божая адзнака за ўсе яго намаганні, у тым ліку і ратныя.

Перамогу, якую здабылі нашы ветэраны, цэніць увесь свет.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *