Дабрыня, увага, чуласць

Нумары Соцыум

image_pdfimage_print

ЛЮДЗЯМ У ПАГОНАХ УЛАСЦІВА ДАБРО

Перад Новым годам місію дабрачыннасці ў аддзяленні дзіцячага сацыяльнага прытулку ДУ «Сацыяльна-педагагічны цэнтр» Стаўбцоўскага раёна здзейснілі начальнік 25-га арсенала ракетна-артылерыйскага ўзбраення палкоўнік Віктар Нікіцін, яго намеснік па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Уладзімір Якубовіч і старшыня прафсаюзнага камітэта вайсковай часці Вадзім Мартос. Яны прыехалі з настроем парадаваць дзяцей, якія аказаліся ў гэтыя прыгожыя зімовыя святы па-за сценамі роднага дома, зрабіць ім падарункі і цеплыню сваіх сэрцаў. Уручэнне падарункаў адбылося каля навагодняй ёлкі. Загадчыца аддзялення Марына Протас з вялікай удзячнасцю прыняла плазменны тэлевізар Samsung, музычны цэнтр Philips. Уладзімір Якубовіч з сардэчнымі пажаданнямі быць паслухмянымі, расці здаровымі, разумнымі, прыгожымі, дастойнымі грамадзянамі нашай краіны раздаў дзецям пачастункі – сокі, апельсіны, мандарыны і іншыя фрукты.

–       У рамках штогадовай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці», якая праводзіцца ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, – расказвае Уладзімір Якубовіч, – наш 25-ты арсенал ракетна-артылерыйскага ўзбраення прымае ўдзел у ёй з дабрачыннай місіяй. Напярэдадні навагодніх і ражджэственскіх свят у вайсковай часці прайшлі сходы, на якіх былі абмеркаваны пытанні ўдзелу ў справе міласэрнасці. Нам было вельмі прыемна, што многія афіцэры і прапаршчыкі ахвяравалі для дзяцей, якія аказаліся у цяжкіх жыццёвых абставінах, большыя сумы, чым было вынесена рашэннем сходу. У выніку ў нас з’явілася магчымасць купіць плазменны тэлевізар і музычны цэнтр правераных брэндаў, набыць пачастункі для дзяцей. Напярэдадні мы сазваніліся з кіраўніцтвам аддзялення, узгаднілі іх патрэбы, каб нашы падарункі сапраўды былі жаданымі. І вось мы сёння ў дзіцячым прытулку, каб падзяліцца з педагогамі і дзецьмі ражджэственскай радасцю, павіншаваць дзяцей, сагрэць іх цяплом сваіх сэрцаў.

Такая дабрачынная місія ўпрыгожвае людзей у пагонах. Яны атрымалі словы вялікай удзячнасці кіраўніцтва аддзялення і шчырыя ўсмешкі дзяцей. На свята былі запрошаны і дзеці, якія нядаўна знаходзіліся на рэабілітацыі ў прытулку, а цяпер вярнуліся ў родныя сем’і.

Святлана ЖЫБУЛЬ,  фота аўтара

 

УНІВЕРСІТЭТЫ ПАЖЫЛЫХ

Вынікі свайго першага года дзейнасці падвяло аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, адкрытае ў тэрытарыяльным цэнтры акурат у першых чыслах 2015 года.

Прайшло пасяджэнне клуба «Гады – не бяда», вядомага сваёй рупнасцю яшчэ задоўга да адкрыцця аддзялення. Кожнае з пасяджэнняў клуба па-свойму адметнае. На гэты раз, у пярэдадзень Новага года, яго ўпрыгожыла святочнае тэатралізаванае прадстаўленне з Дзедам Марозам і Снягуркай. А падарылі яго пажылым людзям вучні Старасвержанскай школы разам са сваім рэжысёрам і мастацкім кіраўніком – намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце Людмілай Вайдзілевіч. Пасля выступлення было традыцыйнае цёплае чаяпіцце (не паскупілася прыватнае прадпрыемства «Гном-сэрвіс»), а таксама ўшанаванне актывістаў, валанцёраў клуба падзячнымі пісьмамі і падарункамі. Падарункі прадаставіла раённая арганізацыя Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, з якою аддзяленне тэрытарыяльнага цэнтра звязваюць даўнія і плённыя стасункі. Дарэчы, без падарункаў не засталіся і пацешныя артысты – старасвержанскім школьнікам уручаны на памяць мяккія цацкі, з любоўю сабраныя ўдзельнікамі дабрачыннай акцыі БРСМ і БРПА «Цуды на Ражджаство».        

Заключнае ў адыходзячым годзе пасяджэнне прайшло і ва ўніверсітэце трэцяга ўзросту. «Я своё одиночество величаю по имени-отчеству…» – такім метафарычным і шматабяцальным быў яго дэвіз-заклік. Ва ўніверсітэце працавалі тры факультэты – краязнаўчы, азбука здароўя і калейдаскоп пазнання. Як заўсёды, заняткі на іх праводзілі кампетэнтныя спецыялісты самага рознага профілю. Гэты раз на сустрэчу з пажылымі людзьмі былі запрошаны загадчык паліклінікі ЦРБ Алена Падалянчык і дырэктар ТАА «РусБелІмпарт» Кацярына Царук, якія расказалі (і прадэманстравалі з дапамогай буклетаў) пра новыя магчымасці і паслугі сваіх арганізацый, прадугледжаныя для пенсіянераў скідкі. Тэму здароўя і актыўнага ладу жыцця працягнула і эканаміст фізкультурна-аздараўленчага комплексу Інеса Нежавец. Увогуле, размова атрымалася цікавай, і пасля яе выспела ідэя – у новым годзе правесці выязное пасяджэнне ўніверсітэта трэцяга ўзросту, на базе ФАКа, каб была магчымасць усё ўбачыць сваімі вачыма і, пры жаданні, запасціся абанементам на  наведванне басейна, трэнажорнай залы або, да прыкладу, групы па аэробіцы. Пра бяспеку пажылых людзей гаварыў супрацоўнік райаддзела міліцыі Сяргей Печанко, пра фінансавую граматнасць – спецыяліст аддзела рознічнага бізнесу ЦБП № 624 філіяла № 500 ААТ «ААБ «Беларусбанк»  Таццяна Гардзіевіч, якая, акрамя таго, прааналізавала вынікі анкетавання, праведзенага раней сярод слухачоў універсітэта трэцяга ўзросту.   

Разам з пажаданнямі на новы год загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Сяргей Есіс зазначыў наступнае:

– Хаця наша аддзяленне адкрыта нядаўна, нам шмат што ўдалося зрабіць. З ліку наведвальнікаў клуба «Гады – не бяда» быў створаны  хор «Родны кут». Хор ужо праявіў сябе ў міжрэгіянальным фестывалі песні ў Клецку. І вось нядаўна ў аддзяленні з’явіўся новы від сацыяльнай дзейнасці – дзённы нагляд за пажылымі людзьмі. Для гэтага, дзякуючы дырэкцыі тэрытарыяльнага цэнтра, створаны добрыя бытавыя ўмовы – аснашчана памяшканне для прыёму ежы, пакой адпачынку і т. п. Падводзячы вынікі года, неабходна падзякаваць і хармайстру Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры Але Янскай – за пастаянную метадычную дапамогу, увагу да дзейнасці нашага аддзялення. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ЦІКАВАЯ СТАТЫСТЫКА

Па традыцыі, перагорнем запісы аддзела актаў грамадзянскага стану. Яны нам сведчаць, што за 2015 год пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 458 дзетак, а гэта на 19 нараджэнняў менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Колькасць нованароджаных дзяўчынак – 236, хлопчыкаў – 222. У сельскай мясцовасці нарадзіліся 142 немаўляці, 316 нараджэнняў зарэгістраваны ў горадзе. Самая высокая нараджальнасць у сельскай мясцовасці адзначана ў Старасвержанскім (25 рэгістрацый), Заямнаўскім (17), Наваколасаўскім (16) і Вішнявецкім (15)  сельсаветах. Думаю, цікавасць выклікае, якія ж імёны ў мінулым годзе былі найбольш распаўсюджанымі.

Лідарамі сярод мужчынскіх імён сталі Арцём, Максім, Кірыл (па 12), на другім месцы – Аляксей, Мацвей, Цімафей (па 11). Па адным зарэгістраваны: Алесь, Усевалад, Герман, Давід, Сцяпан, Фелікс, Ігар, Міраслаў і некаторыя іншыя. Сярод жаночых імён, як і ў мінулым годзе, пераважаюць Софія, Ксенія, крыху знізілася папулярнасць такіх імён, як Ганна, Дар’я, Анастасія. Адзін раз зарэгістраваны: Святлана, Рыта, Мар’яна, Таццяна, Міраслава і некаторыя іншыя. Увогуле ж, у тым годзе для нарачэння дзетак  бацькамі было выкарыстана 59 мужчынскіх імён і 66 жаночых.

Прыемна адзначыць, што ў мінулым годзе знізілася колькасць нараджэнняў дзетак у мам, шлюб якіх не зарэгістраваны ў адпаведнасці з заканадаўствам, што свечыць аб узмацненні статусу сямейных каштоўнасцяў у грамадстве, сур’ёзным стаўленні да стварэння сям’і. Колькасць такіх нованароджаных – 67 чалавек, што складае 14,6 працэнта ад усіх дзетак. Мамамі сталі тры дзяўчыны ва ўзросце да 18 гадоў. У 2015 годзе на Стаўбцоўшчыне нарадзіліся адна тройня і пяць двойняў. З кожным годам павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў. Так, у мінулым годзе трэцяе дзіця нарадзілася ў 87 сем’ях, чацвёртае – у 14 сем’ях, пятае – у шасці, шостае – у дзвюх, сёмае – у адной.

За 2015 год зарэгістравана 67 устанаўленняў бацькоўства, што на 21 актавы запіс менш, чым у пазамінулым годзе.

Што датычыць зарэгістраваных шлюбаў, то іх колькасць у параўнанні з 2014 годам  зменшылася на 19 і за год склала 301. У горадзе зарэгістравалі свае шлюбы 217 пар. У сельскай мясцовасці найбольш шлюбаў зарэгістравана ў Літвенскім і Дзераўнянскім сельсаветах (па 13 у кожным). Калі гаварыць пра ўзроставыя катэгорыі зарэгістраваных шлюбаў, то сярэдні ўзрост мужчын, якія ўступаюць у шлюб,  29 гадоў, жанчын – 27 гадоў. Летась зарэгістравана два шлюбы з непаўналетнімі. У раённым аддзеле ЗАГС  зарэгістравана 24 шлюбы з замежнымі грамадзянамі. Сярод іх пераважаюць шлюбы з грамадзянамі Расійскай Федэрацыі (15), Украіны (5). Па адным шлюбе зарэгістравана з грамадзянамі Казахстана, Грузіі, Малдовы.

Для працэдуры скасавання шлюбу за  мінулы год у ЗАГС звярнуліся  26 сямейных пар, што на 10 менш, чым пазалетась.

За 2015 год на 20 павялічылася колькасць рэгістрацый смерці, што ў цэлым па раёне склала 775. У сельскай мясцовасці найбольш высокая смяротнасць адзначаецца ў Мікалаеўшчынскім сельсавеце (92 чалавекі). Высокім гэты паказчык застаецца ў Літвенскім (77), Дзераўнянскім (66), Старасвержанскім (59) сельсаветах. Сярод усіх памерлых адышлі ў іншы свет 124 чалавекі працаздольнага ўзросту, што на 28 чалавек менш, чым у папярэднім годзе. Сярэдні ўзрост памерлых сярод мужчын складае 68 гадоў, сярод жанчын – 77 гадоў.

У 2015 годзе ў аддзел ЗАГС для змены ўласнага імя, прозвішча і імя па бацьку звярнуліся 23 чалавекі. Менавіта столькі актавых запісаў састаўлена работнікамі аддзела. Паводле зваротаў грамадзян і дзяржаўных устаноў выдадзена больш за паўтары тысячы даведак.

Хочацца спадзявацца, што ў  2016 годзе дэмаграфічная сітуацыя ў раёне парадуе нас стварэннем новых шчаслівых сем’яў  і нараджэннем у іх жаданых дзетак. 

Віншую ўсіх стаўбчан з Новым годам і Калядамі. 

Надзея КАРТУЗАВА, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *