Пераднавагоднія падзеі

Адукацыя Нумары Факты, падзеi, людзi

ПАД КРОНАМІ ВЕКАВЫХ ЛІПАЎ

Напярэдадні Новага года калектыў ДУА «Горкаўская СШ» адзначыў 70-гадовы юбілей.

У пачатку свята дырэктар Я. І. Шавель перарэзаў стужку з лічбай «70», як сімвал адліку новага дзясятка ў гісторыі школы. Прагучаў гімн установы адукацыі.

У святочна ўпрыгожанай зале сабралася шмат гасцей. Цёплыя словы-віншаванні гучалі ад намесніка начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Стаўбцоўскага райвыканкама М. М. Мазура, які адпрацаваў у школе амаль 25 гадоў, ад былога намесніка начальніка аддзела адукацыі Стаўбцоўскага райвыканкама Г. І. Грэкавай, галоўнага бухгалтара ААТ «Жацерава» А. Я. Чатырка, старшыні Вішнявецкага сельвыканкама Н. І. Гурыновіч, начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладдзі А. В. Суднік, былога старшыні СВК «Жацерава» М. І. Карніцкага, дырэктара Наваколасаўскай школы мастацтваў Н. А. Кур’яновіч. Прыгожыя вершы з нагоды юбілею школы чытаў паэт, сябар школы Я. В. Карпуць. Сяброўскія адносіны склаліся са школамі-суседкамі, таму прыгожыя віншаванні прывезлі М. Р. Кандраціна і Н. І. Аляшкевіч – дырэктары Залужскай і Старасвержанскай сярэдніх школ. З хваляваннем віншавала сваю школу і настаўнікаў выпускніца, загадчыца Савонскага дзіцячага сада Ю. І. Сарока.

Свае школьныя гады, настаўнікаў успаміналі выпускнікі Алена Анісім, супрацоўніца інстытута мовазнаўства Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, Людміла Крамко, выкладчыца Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Сяргей Амельчыц і Віталій Ганчарэнка, студэнты БДАТУ, прыйшлі ўпрыгожаныя пунсовымі стужкамі «Пераможца жніва – 2015». Падчас канікул хлопцы рупіліся на палетках ААТ «Жацерава», дапамагаючы ўбіраць ураджай. Марыя і Арцём Кабылінскія ў падарунак школе адрамантавалі клас, у якім вучацца іх дачушкі.

Ганарыцца школа сваімі выпускнікамі. У Варшаўскім універ-сітэце працуе прафесар, кандытат філалагічных навук Альберт Барташэвіч, у Гродзенскім універсітэце – дацэнт, кандыдат філалагічных навук Зінаіда Данільчык. Канстанцін Булаш мае званне «Выдатнік народнай адукацыі ГДР, Расіі, Беларусі», у галіне сельскагаспадарчых навук мае кандыдацкую ступень Станіслаў Лук’янчык. Спіс знакамітых выпускнікоў можна працягваць яшчэ.

Асаблівая ўвага на свяце была да настаўнікаў-ветэранаў – Станіслава Іванавіча і Любові Юльянаўны Войнаў. Гэтыя прыгожыя, інтэлігентныя людзі былі ля вытоку, у пачатку дзейнасці школы ў Горках. Аповед-успаміны Любові Юльянаўны ўсе слухалі з захапленнем.

Пранікнёным было выступленне І. М. Агароднік, нявесткі былога дырэктара школы Віктара Сцяпанавіча Агародніка. На пасадзе кіраўніка ўстановы ён ад-працаваў з 1950 года па 1987. За вялікі ўклад у навучальны працэс В. С. Агародніку было прысвоена ганаровае званне «Заслужаны настаўнік школ БССР».

Вучні і настаўнікі школы падрыхтавалі цікавую святочную праграму, якую вялі Я. Э. Душкевіч і З. А. Аўласіна. Прыгожым быў падарунак выкладчыцы Новаколасаўскай школы мастацтваў – музычны нумар на саксафоне. Падарункам выпускніцы школы Р. Ч. Васілеўскай, мастацкага кіраўніка Горкаўскага СДК, было выступленне народнага ансамбля вакальнай песні «Дольніца».

Сёння ДУА «Горкаўская СШ» – дружны, творчы калектыў. Ужо на працягу 25 гадоў яго ўзначальвае Я. І. Шавель. Больш за 30 гадоў педагагічнай працы аддалі настаўнікі Я. В. Барысевіч і А. І. Ярмак, каля 30 гадоў – Я. І. Шавель, В. М. Шавель, Я. Э. Душкевіч, В. А. Камейша, А. У. Цвік.

Напрыканцы святочнага мерапрыемства быў вынесены святочны торт са свечкамі.

…Шапацяць сваімі магутнымі кронамі векавыя ліпы ў школьным парку. Яны ведаюць аб марах вучняў і настаўнікаў, што шчыруюць у гэтай невялічкай школцы. Няхай яны споўняцца, а салавей, які пасяліўся ў ліпавым парку, спявае ім свае цудоўныя песні.

З юбілеем, родная школа!

Яніна ДУШКЕВІЧ, настаўніца ДУА «Горкаўская СШ»

 

ПАД КАЛЯДНАЮ ЗОРКАЮ

Напярэдадні навагодніх святаў гасцінна расчыніў дзверы аздараўленчы лагер «Сонейка», які штогод працуе падчас канікулаў у Навасвержан-скай сярэдняй школе.

Зімовыя канікулы – гэта час асаблівы, святочны для вучняў, таму і быў распрацаваны праект «Пад каляднаю зоркаю». Педагогі школы імкнуліся зрабіць для 30 навучэнцаў малодшых класаў кожны дзень цікавым, насычаным шматлікімі мерапрыемствамі, накіраванымі на фарміраванне ў дзяцей матывацыі да духоўна-маральнага развіцця. Віртуальная экскурсія «Па храмах Беларусі», віктарына «Казачны маскарад», конкурс малюнкаў «Зімовыя ўзоры», конкурс «Зорка карнавальнага касцюма» – найбольш цікавыя з іх.

Дзейсную дапамогу выхавацелям аказалі спецыялісты школьнай  службы СППС. Педагог сацыяльны А. А. Мастоўская арганізавала работу майстэрні Дзеда Мароза. Сваімі рукамі вучні падрыхтавалі навагоднія падарункі для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, якія пражываюць на тэрыторыі школьнага мікрараёна. Педагог-псіхолаг Л. М. Крыт правяла з дзецьмі ролевую гульню «Ад шкодных звычак да хваробы – адзін крок», прэзентацыю «Музея шкодных звычак».

Наогул здароўезберажэнню падчас работы лагера была нададзена асаблівая ўвага. Кожны дзень пачынаўся з гутаркі «Аб самым галоўным».

Сумесна з відэапракатам вучням былі прапанаваны два кіналекторыі «Урокі асцярожнасці». Падчас іх прайшла сустрэча з супрацоўнікам аддзела па надзвычайных сітуацыях В. Я. Салей.

Патрэбна адзначыць вялікую дапамогу соцыуму, без якой рэалізацыя праекта не ўяўлялася бы магчымай. Дзеці наведвалі гурткі «Умелыя ручкі», што працавалі пад кіраўніцтвам супрацоўніка цэнтральнага Дома культуры М. С. Ажгірэвіч. Незабыўны след у душах дзяцей пакінула наведванне Петрапаўлаўскага касцёла і гутарка са свяшчэннікам Янякам Марэкам.

Завяршыўся праект яркім цікавым святам «Пад каляднаю зоркаю», якое прайшло ў цэнтральным Доме культуры вёскі Новы Свержань.

Святлана БАНДАРОВІЧ, настаўніца рускай мовы і літаратуры Навасвержанскай СШ

 

МОТАФРЫСТАЙЛ – ДУХ ЗАХОПЛІВАЕ

У рамках выканання комплекснага плана мерапрыемстваў па прафілактыцы безнагляднасці, правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі, таксікаманіі непаўналетніх была арганізавана паездка ў горад Мінск. Навучэнцы гарадскіх школ і школ Стаўбцоўскага раёна ў суправаджэнні педагога сацыяльнага ДУА «СШ № 3 г. Стоўбцы» М. Р. Мар’юшыч і ўчастковага інспектара інспекцыі па справах непаўналетніх І. П. Рыбака наведалі Мінск-Арэну, дзе праходзіў МотаЭкстрымФэст.  Мотафрыстайл – гэта адносна новы, але ўжо папулярны від спорту, які заключаецца ў выкананні трукаў на матацыкле,  падчас скачкоў на вялікай вышыні.

Галоўная зорка мотафры-стайла ў Расіі – чэмпіён свету Аляксей Калеснікаў са сваёй камандай выканалі неверагодныя трукі на вышыні 15 метраў, даўжыня палёту складала 35 метраў. У праграме таксама было выступленне спартсменаў з дзіцячай школы па мотаспорце. Гэта маштабная падзея стала знакавай у спартыўным жыцці краіны. Лепшыя трукі, нерэальны накал запалу і хваля адрэналіну захліснулі аматараў экстрэмальнага віду спорту. Пасля прагляду шоу хлопцы атрымалі яркія і незабыўныя ўражанні, якімі дзяліліся, калі ехалі дадому. Магчыма гэта паслужыць ім прыкладам, як можна правільна наладзіць сваё жыццё і стаць на шлях выпраўлення.

Алена БУДНІК, настаўніца СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *