Наша бяспека

Нумары Соцыум

КАМПЕТЭНТНАСЦЬ НАЙМАЛЬНІКА І ЯГО АБАВЯЗКІ

Прадстаўнікі Міністэрства працы і Дэпартамента дзяржінспекцыі працы, а таксама рэдакцыі часопіса «Ахова працы і сацыяльная абарона» выступілі ў Стоўбцах па пытаннях апошніх зменаў у заканадаўчай і нарматыўнай базе ў вобласці аховы працы.

На сустрэчу, якая ладзілася ў раённым Цэнтры культуры, былі запрошаны кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, спецыялісты, якія займаюцца кантролем і аналізам бяспечных умоў працы.

– Наша мэта – пасадзейнічаць павышэнню вашай кампетэнцыі, – звярнулася да залы першы намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама Таццяна Дамарацкая і патлумачыла, што аналагічныя адукацыйныя семінары ўжо прайшлі ў шасці раёнах Мінскай вобласці. Такім чынам, на Стаўбцоўшчыне завяршаецца своеасаблівы цыкл гэтых сустрэч, размова на якіх скіравана, у першую чаргу, на ўдасканаленне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб ахове працы» і правілаў расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

Таццяна Дамарацкая падкрэсліла, што з боку аблвыканкама ўдзяляецца вялікая ўвага пытанням бяспечных умоў працы. Так, за кожны няшчасны выпадак са смяротным зыходам на вытворчасці кіраўнік раёна трымае асабісты даклад перад губернатарам. Калі сярод прычын такога выпадку ўстанаўліваюцца недахопы, упушчэнні з боку кіраўніцтва прадпрыемства, то наступае  звальненне дырэктара з пасады. Зыходзячы з гэтага, кіраўнік прадпрыемства павінен адчуваць персанальную адказнасць за жыццё і здароўе кожнага работніка. Яго першы памочнік – спецыяліст па ахове працы, у якога, без ніякіх агаворак, павінен быць ідэальны парадак у дакументацыі. А ўвогуле сістэма кіравання аховай працы павінна стаць самадастатковым дакументам, які дакладна вызначае алгарытм абавязкаў наймальніка ў плане аховы працы.

На працягу 2015 года ў Стаўбцоўскім раёне адбылося тры няшчасныя выпадкі з цяжкім зыходам. У адным з выпадкаў дапушчана халатнасць: рабочага пасля зварвання дзвярэй прыдавіла гэтымі ж дзвярыма, якія ўпалі, – ён атрымаў траўму пазваночніка. У другім – у вока рабочаму трапіў цвік, што сведчыць пра адсутнасць кантролю з боку начальніка цэха за выкарыстаннем індывідуальных сродкаў абароны.            

Перад прысутнымі выступіла кансультант упраўлення аховы і дзяржаўнай эспертызы ўмоў працы Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Рэспублікі Беларусь Ірына Маршчак, якая прааналізавала выкананне дзяржаўнай праграмы па паляпшэнні ўмоў і аховы працы на 2011-2015 гады. Аналіз дае падставу гаварыць аб змяншэнні колькасці рабочых месцаў са шкоднымі ці небяспечнымі ўмовамі працы (з 759 576 рабочых месцаў у пачатку 2013 года да 702 267 рабочых месцаў у пачатку 2015 года). Акрамя таго, звернута ўвага на ўмовы работы асобных катэгорый – жанчын і падлеткаў (у адпаведнасці з новым артыкулам у законе «Аб ахове працы»). Былі дадзены тлумачэнні адносна выдзялення кампенсацый па выніках атэстацыі рабочых месцаў розным катэгорыям работнікаў. Істотным змяненнем ва ўмовах працы стала права работадаўцы на карэкціроўку рэжыму работы на адкрытым паветры і ў неацепленых памяшканнях пры моцным марозе (гэта тэмпература ад  -25 оС да -34 оС) і моцнай спёцы (ад +30 оС да +34 оС).

Кансультант аддзела нагляду за выкананнем заканадаўства аб ахове працы Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства па працы і сацыяльнай абароне Алена Сапега пазнаёміла са змяненнямі і дапаўненнямі ў правілах расследавання няшчасных выпадкаў на вытворчасці, прынятымі пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 654 ад 31.07.2015, з парадкам афармлення неабходнай дакументацыі.

Карэспандэнт-аглядальнік часопіса «Ахова працы і сацыяльная абарона» Таццяна Конюх заклікала ўдзельнікаў сустрэчы да супрацоўніцтва – дасланыя імі ў рэдакцыю часопіса тыя ці іншыя ўнутраныя інструкцыі могуць быць карыснымі і іншым, прычым перад тым, як быць апублікаванымі, іх «дашліфуюць» высокакваліфікаваныя юрысты.

Мерапрыемства атрымалася канструктыўным і, трэба спадзявацца, паслужыць змяншэнню колькасці няшчасных выпадкаў на вытворчасці.

НА ЗДЫМКУ: галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Віктар Філіповіч (справа) абмяркоўвае пытанні аховы працы з кіраўніцтвам ААТ «Жацерава».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ВАЖНЫ КЛОПАТ ПРАФСАЮЗАЎ

Адбыўся пленум абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу з удзелам прадстаўнікоў абласнога аграмысловага саюза. Праводзіўся ён у Пухавіцкім раёне на базе сядзібна-паркавага комплексу «Дукорскі маёнтак». Удзельнікі мерапрыемства (ад нашага раёна прысутнічала старшыня райкама галіновага прафсаюза Тамара Калошыч) правялі цікавую экскурсію па цэнтры адраджэння шляхецкай культуры.

На пасяджэнні з дакладам «Аб рабоце па ажыццяўленні грамадскага кантролю за ўмовамі працы і быту на вытворчасці, зніжэнні траўматызму ў арганізацыях АПК» выступіў старшыня абкама прафсаюза Андрэй Някрэвіч. Падкрэслівалася, што за справаздачны перыяд прафсаюзныя камітэты ўсіх узроўняў паслядоўна адстойвалі інтарэсы членаў прафсаюза за бяспечныя ўмовы працы на рабочым месцы і захаванне іх здароўя, прытрымліванне наймальнікамі нормаў заканадаўства аб працы. Перад прафсаюзнай аўдыторыяй таксама выступілі намеснік старшыні рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК Канстанцін Лебедзеў і галоўны інжынер па ахове працы і пажарнай бяспецы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Уладзімір Новікаў.

Пр

 

НЕ ПРОСТА ПРАСТУДА

Адзёр – гэта віруснае захворванне, якое перадаецца ад хворага чалавека паветрана-кропельным шляхам праз слізістую абалонку верхніх дыхальных шляхоў. Хворы заразны з першых двух дзён інкубацыйнага перыяду да чацвёртага дня з моманту з’яўлення высыпкі. Інкубацыйны перыяд доўжыцца 9-11 дзён.

У пачатку хваробы тэмпература цела павышаецца да 38-39 градусаў, з’яўляюцца рэзкая слабасць, адсутнасць апетыту. Павялічваецца насмарк, пачынаецца грубы кашаль, рэзка выражана пачырваненне кан’юнктыў. Спачатку з’яўляецца сып у выглядзе дробных чырвоных плям на паднябенні, слізістай абалонцы шчок. На трэці-чацвёрты дзень тэмпература паніжаецца, затым з кожным этапам з’яўлення сыпу на целе павышаецца да больш высокіх лічбаў. Павялічваюцца лімфатычныя вузлы. Праз тры-чатыры дні элементы сыпу бляднеюць, з’яўляюцца пігментныя плямы.

Як і любая інфекцыя, адзёр небяспечны ўскладненнямі, такімі, як бранхіт, запаленне гартані і верхніх дыхальных шляхоў, пнеўманіяй. Захворванне небяспечнае для цяжарных. Калі цяжарная жанчына захварэла, то прыкладна кожны пяты выпадак заканчваецца выкідышам ці паталогіяй плоду.

Лепшым спосабам абароны ад адзёру з’яўляецца вакцынацыя. Яна праводзіцца дзецям ва ўзросце да 12 месяцаў. Другая прышчэпка праводзіцца ва ўзросце 6 гадоў.

Ларыса САДОЎСКАЯ, памочнік урача-эпідэміёлага

 

УВАГА ДА ГРАМАДСКІХ МЕСЦАЎ

Падчас святаў работнікі міліцыі нясуць службу ва ўзмоцненым рэжыме. Акрамя таго, на тэрыторыі раёна прайшло спецыяльнае комплекснае мерапрыемства «Правапарадак», накіраванае на папярэджанне правапарушэнняў і злачынстваў у грамадскіх месцах.

Як правіла, у грамадскіх месцах фіксуюцца часцей за ўсё грабяжы і разбоі, факты хуліганства, угонаў і разукамплектавання транспартных сродкаў. У пераважнай большасці вінаватымі ў іх становяцца раней судзімыя і грамадзяне, якія знаходзяцца ў міліцыі на прафілактычным уліку.

За час правядзення  «Правапарадку» правераны 52 раней судзімыя, а таксама 68 асоб, якія вядуць асацыяльны лад жыцця і знаходзяцца на прафуліку ў райаддзеле міліцыі. Да іх былі прыменены меры індывідуальнай прафілактыкі. Мэтанакіравана адпрацоўвалі падвалы і гарышчы дамоў, кватэры, якія здаюцца ў наём, і іншыя месцы магчымай канцэнтрацыі асоб, схільных да супрацьпраўных дзеянняў.

За ўчыненне розных правапарушэнняў падчас правядзення «Правапарадку» былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці 213 грамадзян, у прыватнасці, трое – за выраб, набыццё самагону і захоўванне апаратаў для яго вытворчасці, 46 – за знаходжанне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе або распіванне ў грамадскім месцы алкагольных напіткаў і піва, трое – за пражыванне без рэгістрацыі ці без дакументаў, якія засвядчаюць асобу. Самай масавай катэгорыяй парушальнікаў аказаліся вадзіцелі, якія дапусцілі розныя парушэнні правілаў дарожнага руху.

Прынятыя меры дазволілі ў перыяд правядзення спецыяльнага комплекснага мерапрыемства стабілізаваць аператыўную абстаноўку ў грамадскіх месцах, абысціся без цяжкіх злачынстваў.

Руслан ХАРУТА, намеснік начальніка райаддзела міліцыі

 

ХТО ГАСПАДАРЫЦЬ НА ДАЧЫ?

На тэрыторыі Мінскай вобласці летась зарэгістравана звыш дзвюх тысяч крадзяжоў, учыненых з пранікненнем у жыллё грамадзян. Аб’ектам злачынных дзеянняў з’яўляецца маёмасць, якая застаецца на дачы без нагляду. Зламыснікі крадуць посуд, рэчы, прадукты харчавання, электраінструменты. «Карыстаюцца попытам» у нячыстых на руку людзей чорны і каляровы металалом, будаўнічыя матэрыялы.

У асноўным крадзяжы з дач і садовых домікаў учыняюцца ў зімовы перыяд, з лістапада па сакавік, калі гаспадары рэдка іх наведваюць ці не бываюць там наогул. Асаблівымі  скаладанасцямі ў раскрыцці данага віду злачынстваў з’яўляецца тое, што паміж крадзяжом і момантам выяўлення такога факта праходзіць шмат часу, і раскрыць па гарачых слядах злачынства ўжо практычна немагчыма. Складана ўстанавіць сведкаў, губляюцца сляды злачынства, у зламыснікаў ёсць час, каб схаваць і збыць украдзеную маёмасць.

Зразумела, лепш прадухіліць крадзеж, чым знайсці злачынцу і вярнуць крадзенае законнаму ўладальніку.

У першую чаргу, уладальнікам дачных участкаў неабходна самім прыняць меры па захаванні маёмасці, якая ім належыць. Безумоўна, найбольш эфектыўнай аховай маёмасці грамадзян з’яўляецца абсталяванне дач ахоўнай і трывожнай сігналізацыяй з падключэннем да сігнальнага пульта пазаведамаснай аховы. Але калі такой магчымасці няма, то мэтазгодна выкарыстаць простыя парады.

Па-першае, не пакідайце на дачы каштоўныя рэчы. Забярыце іх з сабой у горад ці пакіньце на захоўванне добра знаёмым людзям, якія пастаянна пражываюць у населеным пункце, дзе размешчана ваша дача. Папрасіце іх наглядаць за вашым дачным домам. Зрабіце максімальна цяжкім доступ у жыллё пабочным асобам. Устанавіце моцныя дзверы, абсталюйце іх складанымі замкамі, на вокны пастаўце рашоткі. Часцей наведвайце сваё жыллё за горадам. Па нерасчышчаных ад снегу дарожках зламыснікі зразумеюць, што гаспадары на дачы бываюць рэдка. Па магчымасці, абсталюйце дом сродкамі відэаназірання.

Калі крадзеж адбыўся, неадкладна паведаміце аб гэтым у міліцыю. Да прыезду супрацоўнікаў міліцыі пастарайцеся пакінуць сляды злачынства.

Бяспечнаць гаспадароў маёмасці з’яўляецца адной з асноўных прычын учынення крадзяжоў. Пракуратура заклікае быць пільнымі, сачыць за захаванасцю  маёмасці.

Ларыса ПАРХІМОВІЧ, старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці

 

ВЫКЛІК З КОЛАСАВА

Адзін з выклікаў, што паступіў у аператыўна-дзяжурную часць райаддзела міліцыі з Коласава, ператварыўся ў сапраўдны дэтэктыў: 44-гадовы грамадзянін, які пакутуе на псіхічнае расстройства, уцякаў ад супрацоўнікаў міліцыі і кінуўся на аднаго з іх з палкай, нанёс траўмы…

У суботні дзень мужчына ўчыніў скандал з маці, з якой пражывае сумесна, аб чым яна і паведаміла ў міліцыю. Да таго як нарад прыбыў на месца, у доме ўжо знаходзілася брыгада хуткай медыцынскай дапамогі. Скандалісту ўводзілі заспакойлівыя прэпараты. Ён вёў сябе мірна, пакуль не пачуў пра неабходнасць шпіталізацыі. У адно імгненне выскачыў з дому і шмыгануў у бліжэйшы лясны масіў. Міліцыянеры – за ім, пераскокваючы праз галлё. Аднаму з іх удалося насцігнуць уцекача.

Аднак уцякач не адгукнуўся на прапанову вярнуцца дамоў, а стаў хапаць з зямлі каменне ды палкі.  Ён махаў палкамі, набліжаўся з імі ў руках да міліцыянераў. Калом амаль паўтараметровай даўжыні ён трапіў супрацоўніку міліцыі па назе. Спатрэбіўся выстрал у паветра з табельнай зброі, каб адцягнуць увагу раззлаванага мужчыны. Яго давялося прымусова дастаўляць у бальніцу для абследавання і лячэння.

Па гэтым факце раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа.

Сяргей БОГАЧ, намеснік начальніка райаддзела міліцыі

 

Паляўнічы з незаконнай зброяй

У мінулым годзе жыхарамі раёна было здадзена 101 боепрыпасаў і 11 адзінак незарэгістраванай зброі. З улікам таго, што гэта зроблена імі добраахвотна, ніводзін  не панёс адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.   

Незарэгістраваная зброя часцей за ўсё становіцца сродкам для незаконнага палявання. Пад незаконным паляваннем разумеецца пошук, высочванне і пераслед дзікіх звяроў і птушак, а таксама іх здабыча без адпаведнага на тое дазволу. Знаходжанне ў паляўнічых угоддзях з паляўнічай зброяй і іншымі сродкамі палявання або са здабытай жыўнасцю, з паляўнічымі сабакамі, спушчанымі з павадка, а таксама знаходжанне з расчахлёнай паляўнічай зброяй ці здабытай жыўнасцю на дарогах агульнага карыстання прыраўноўваецца да палявання.

За незаконнае паляванне ў адпаведнасці з адміністрацыйным заканадаўствам прадугледжаны штраф у памеры да 50 базавых велічынь, а ў адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам (калі незаконнае паляванне ўчынена паўторна на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання або нанясення страт у буйным памеры) цягне адказнасць у выглядзе штрафу або арышту да шасці месяцаў, або абмежаванне волі да двух гадоў, ці пазбаўленне волі да трох гадоў.

Незаконнае захоўванне і нашэнне паляўнічай агнястрэльнай гладкаствольнай зброі ў адпаведнасці з адміністрацыйным заканадаўствам цягне накладанне штрафу ад 10 да 30 базавых велічынь, у адпаведнасці з крымінальным заканадаўствам – адказнасць у выглядзе выпраўленчых работ да двух гадоў, або абмежаванне волі да пяці гадоў, ці пазбаўленне волі да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці.

Для атрымання больш поўнай інфармацыі неабходна звяртацца ў райаддзел міліцыі. Прыём вядзецца па серадах і пятніцах з 08.00 да 13.00, па аўторках і чацвяргах – з 15.00 да 20.00, па суботах – з 09.00 да 13.00 (тэлефон для даведак – 5-14-88).

Аляксандр ПАРХІМОВІЧ, інспектар па дазвольнай рабоце райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *