Будзем уважлівымі!

Нумары РАНС інфармуе

image_pdfimage_print

МАРОЗ, НЕ ЗАМАРОЗЬ…

Пасля доўгай раскачкі зіма рэзка ўдарыла марозам. У сувязі з гэтым расце рызыка атрымаць пераахаладжэнне або абмаражэнне арганізма. У першыя дні новага года на тэрыторыі Мінскай вобласці атрымалі абмаражэнне (пераахаладжэнне) 10 чалавек. У Пухавіцкім раёне ад пераахаладжэння загінуў чалавек.

Ёсць некалькі простых рэцэптаў, якія дазволяць зберагчы сябе на моцным марозе.

Нельга ўжываць алкагольныя напіткі – яны выклікаюць страту цяпла, хаця пры гэтым ствараюць ілюзію камфорту. Не варта курыць на марозе – курэнне змяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што робіць канечнасці неабароненымі.

Асаблівую ўвагу трэба звярнуць на вопратку. Яна павінна быць свабоднай – гэта садзейнічае нармальнай цыркуляцыі крыві,  і апранута па прынцыпе «капусты», што дазволіць стварыць паміж слаямі вопраткі праслойкі паветра, якія выдатна ўтрымліваюць цяпло. Верхняе адзенне абавязкова павінна быць непрамакальным.

Цесны абутак, адсутнасць вусцілак, вільготныя шкарпэткі – прычына для абмаражэння. Асаблівую ўвагу на абутак трэба звярнуць тым, у каго часта пацеюць ногі. У такім выпадку ў боты можна пакласці цёплыя вусцілкі, а замест баваўняных шкарпэтак апрануць шкарпэткі з воўны – яны ўпітваюць вільгаць. Зразумела, што нельга выходзіць на мароз без рукавіц, шапкі і шаліка, які дапаможа абараніць шчокі і падбародак. У ветранае халоднае надвор’е перад выхадам на вуліцу лепш змазаць адкрытыя ўчасткі цела спецыяльным крэмам.

На марозе варта пазбягаць кантакту голай скуры з металам, у тым ліку не насіць на сабе металічныя (а таксама залатыя, сярэбраныя) ўпрыгажэнні. Калі змерзлі рукі, паспрабуйце адагрэць іх, засунуўшы пад мышкі.

Як толькі прыходзіць адчуванне пераахаладжэння або замярзання канечнасцяў, трэба як мага хутчэй зайсці ў цёплае месца – магазін, кафэ, пад’езд і т. п. Калі ў вас заглух аўтамабіль далёка ад населенага пункта або ў незнаёмай для вас мясцовасці, лепш заставацца ў машыне і выклікаць дапамогу па тэлефоне або чакаць, калі па дарозе праедзе іншы аўтамабіль. Хавайцеся ад ветру – верагоднасць абмаражэння на ветры значна вышэйшая.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

НАДЗЕЙНАСЦЬ «ВЯЛІКАГА ДВАРА»

На шчасце, здараюцца такія месяцы, калі інспектарам раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях прыемна рабіць кароткую справаздачу, у якой указваць у адносінах да шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый раёна адно і тое ж – маўляў, усё нармальна, парушэнняў  правілаў пажарнай бяспекі не выяўлена. 

Акурат так і адбылося напярэдадні Новага года, калі завяршыліся снежаньскія праверкі ПВГУП «Юмітэл», ТАА «СарматЭкаПласт», ТАА «ЮнисканСтройМатериалы», ПВУП «НовостройТорг», ТАА «Мігазтрэйд». Акрамя таго, былі правераны ААТ «Вялікі Двор» і, пазапланава, будынак шынамантажу і аб’екта рознічнага гандлю гумава-металічнымі вырабамі.

Як бачна, праверкі закранулі суб’екты гаспадарання рознай формы ўласнасці, але, нягледзячы на гэта, усе яны прадэманстравалі аднолькава высокі ўзровень пажарнай бяспекі. І гэта можна ставіць у заслугу як іх кіраўніцтву, якое разумее важнасць менавіта такога, а не якога іншага, узроўню пажарнай бяспекі, падтрымлівае вырашэнне гэтых пытанняў фінансава і арганізацыйна, так і ў цэлым калектывам, дзе бяспека напрамую звязана з навучаннем пажарна-тэхнічнаму мінімуму, вытворчай і асабістай дысцыплінай і т. п.

– На працягу ўсяго мінулага года намі рэалізоўваўся каардынацыйны план нагляднай дзейнасці. Вынікам яго можна лічыць тое, што сітуацыя з пажарнай бяспекай на прадпрыемствах і ў арганізацыях кардынальна мяняецца. Мы дабіліся таго, што яна паляпшаецца нават там, дзе раней ёй увогуле не надавалі значэння, – падкрэсліла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч.

 

ПЕРШЫ ЛЁД ЯШЧЭ ТОНКІ

Нарэшце зіма напомніла пра свае абавязкі: на вуліцах з’явіўся снег, мароз «кусае» за шчокі, а на вадаёмах утварыўся першы лёд.

Нагадваем правілы бяспечных паводзінаў на лёдзе і, у першую чаргу, звяртаем увагу, што пільнасць павінны праявіць бацькі, асабліва, калі вадаём знаходзіцца побач з домам. Нельга дапускаць, каб дзеці знаходзіліся без нагляду паблізу рэк, сажалак і кар’ераў, на замёрзлым вадаёме. На лёд можна выходзіць, калі ён мае зеленаватае або сіняватае адценне і таўшчыню не менш за 7 см. Жоўты або матавы лёд – ненадзейны. Варта памятаць, што тонкі лёд знаходзіцца ля берага вадаёма, у месцах перакатаў і быстрынь, зліцця рэк, на згібах, каля ўмёрзшых прадметаў, зліву ў вадаёмы цёплых і каналізацыйных сцёкаў.

У некаторых – часцей за ўсё гэта аматары зімняй рыбалкі, – з’яўляецца жаданне праверыць лёд на трываласць. Катэгарычна забаронена выпрабоўваць трываласць лёду ўдарам нагі па ім. Гэта можна рабіць з дапамогай палкі. Падчас руху па замёрзлым вадаёме імі трэба стукаць паперадзе сябе і па абодва бакі ад сябе некалькі разоў у адно і тое ж месца. Калі ў гэтым месцы пасля ўдараў вада не паказалася, значыць, лёд надзейны. Калі ж з першага ўдару лёд прабіваецца і на ім выступае вада, трэба неадкладна спыніцца і павярнуць назад. Ісці трэба па тых жа слядах, але няспешна і не адрываючы ступні ад лёду, слізготным крокам. Будзьце асцярожнымі на крутым і слізкім беразе, каб не скаціцца і не трапіць на тонкі лёд, які можа пад вамі праламацца.

Лункі неабходна свідраваць адна ад другой на адлегласці не менш за 5-6 м, каб не дапусціць вялікіх нагрузак на лёд. Для ўзмацнення апоры побач з лункай трэба класці прынесеную дошку. Лепш не збірацца вялікімі групамі вакол якой-небудзь адной «удалай» лункі.

Ні ў якім разе нельга пераходзіць замёрзлы вадаём аднаму, таму што, у выпадку правальвання пад лёд, не будзе ад каго чакаць дапамогі. Перасякаючы вадаём на лыжах, не лішне прыняць меры перасцярогі, у прыватнасці, рэкамендуем адшпіліць мацаванні, не намотваць на рукі петлі лыжных палак.

Дадатковую небяспеку прадстаўляе праломванне лёду для чалавека, які нясе цяжкі груз. Выходзячы на лёд, неабходна аслабіць лямкі рукзака і быць гатовым, у выпадку чаго, да яго хуткага скідвання з сябе.

Непажадана хадзіць па лёдзе ў цёмны час сутак. Неабходна захоўваць асаблівую асцярожнасць з  наступленнем адлігі, бо там, дзе яшчэ некалькі дзён таму лёд быў надзейны, раптам становіцца вельмі небяспечна.

 

НОВЫ ГОД НЕ НАСТУПІЎ…

Новы год у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях пачаўся з пажару ў Апечках, які прынёс дзве чалавечыя ахвяры. 

Паведамленне аб загаранні жылога дома на цэнтральнай вуліцы гэтай вёскі паступіла першага студзеня ў 00.10, калі большасць з нас сустракала за святочным сталом прыход новага года. Але, фактычна, пажар, які закончыўся так сумна, пачаўся яшчэ ў старым годзе, за некалькі гадзін да бою курантаў. Калі прыбылі пажарныя, дом быў ахоплены полымем. Агонь знішчыў дах і моцна «прагуляўся» па пакоях. Дзесьці праз паўгадзіны стала вядома аб сапраўдных маштабах трагедыі: у доме былі знойдзены целы гаспадыні дома 1932 года нараджэння і яе сына 1959 года нараджэння.

Як паведаміла інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч, загінуўшыя пражывалі сумесна. Сын атрымліваў дапамогу па доглядзе састарэлай маці. Яго, які меў звычку да курэння, ужываў спіртное, неаднойчы наведвалі супрацоўнікі пажарнай службы. Падчас аднаго з апошніх наведванняў, у кастрычніку мінулага года, ён знаходзіўся ў такім стане, што не змог падняцца з пасцелі… Мужчына «адпачываў» з цыгарэтай. Трывожным «званочкам» стала і тое, што ходнікі на падлозе былі скрозь прапалены акуркамі.

Інфармацыя аб нядобранадзейнасці домаўладання накіроўвалася ў розныя інстанцыі – райаддзел міліцыі, Шашкоўскі сельвыканкам, тэрытарыяльны цэнтр. Напрыканцы снежня гэтага грамадзяніна запрашалі ў сельвыканкам на пасяджэнне савета аховы правапарадку і прафілактыкі, які праходзіў з удзелам пракурора раёна. Гутарка з ім закранала самае надзённае: захаванне правіл пажарнай бяспекі, забарону на курэнне ў пасцелі і злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Мужчына абяцаў змяніць лад жыцця. На жаль, яго абяцанні так і засталіся нявыкананымі…

Сёлетнія навагоднія святы выдаліся гарачымі ў цэлым у рэспубліцы – паводле даных Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, ахвярамі агню сталі дзевяць чалавек. На жаль, Стаўбцоўшчына, дзе загінулі двое жыхароў Апечак, адкрыла гэтую сумную статыстыку. Жудасны факт зафіксаваны на Гомельшчыне, у вёсцы Патапаўка Буда-Кашалёўскага раёна. Ноччу 4 студзеня на пажары загінула жанчына з трохгадовым сынам і яшчэ адно дзіця – дзевяцігадовая ўнучка гаспадара. Яшчэ адна яго ўнучка, 12-гадовая дзяўчынка, знаходзіцца ў рэанімацыі з апёкамі І-III ступеняў, атручэннем прадуктамі гарэння. Прычына трагедыі высвятляецца. Падчас святаў, калі слупок тэрмометра сягаў адзнакі -20 оС і больш, у рэспубліцы зафіксаваны і факты абмаражэнняў, прычым адзін з іх – са смяротным зыходам.

Беражыце сябе і сваіх блізкіх!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *