Атрымаўся марафон дабрачыннасці

Нумары Соцыум Тэма тыдня

Яшчэ задоўга да новага года, фактычна, цэлы месяц доўжыўся навагодні марафон Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам». Ён атрымаўся дзякуючы нашым дабрачынным памкненням і той сацыяльнай актыўнасці, якая ўласціва членам гэтай арганізацыі.

– Адчуванне такое, што ўсе мы – разам, што ўяўляем сабою супольнасць, якая жыве актыўным жыццём, і дзейнасць яе не пазбаўлена сэнсу, – падзялілася старшыня пярвічнай арганізацыі Ніна Ганісеўская. – Дзяржава шмат робіць для нашых дзяцей, з году ў год не застаюцца ўбаку спонсары і дабрачынцы, а таксама бацькі нашых дзяцей – свайго роду рухавікі гэтага працэсу, людзі, якіх аб’ядноўвае зацікаўленасць.

Каб зразумець гэтую зацікаўленасць, адчуць яе канкрэтны кантэкст, варта хаця б завочна далучыцца да мерапрыемстваў навагодняга марафону. Асноўнае з іх, якое запатрабавала найбольшай падрыхтоўкі, – гэта свята ва ўтульным  кафэ «Прывал рыцара». За салодкім сталом сабраліся мамы з дзецьмі. Кампанія немалая – каля 60 чалавек,  але работнікі кафэ пастараліся прыняць і абслужыць яе цёпла, па-дамашняму. Накрыць стол дапамаглі спонсары. Сярод іх – ЦБП № 624 ААТ «ААБ Беларусбанк», які пералічыў сродкі на рахунак грамадскай арганізацыі. Пачастункі прывезлі індывідуальныя прадпрымальнікі: як даўнія сябры арганізацыі Сяргей Брода і Іван Заяц, так і новыя – Валянціна Шэга, Андрэй Шпадарук, Іна Дударэвіч. Кола дабрачынцаў, варта сказаць, з кожным годам пашыраецца. Прадпрымальнікі раёна дапамаглі сфарміраваць для дзяцей падарункі. «Заўсёды ён ёсць у нас», – не прамінула заўважыць Ніна Ганісеўская пра прадпрымальніка Сяргея Пяткевіча, які і на гэты раз выручыў з транспартам, даставіў эфектныя падарункі ў выглядзе баулаў-малпачак ад адной са сталічных фірмаў. Дарэчы, падзяка і мінскім кандытарам, якія выдзелілі для святочнага стала імбірныя пернікі і пірожныя.

А павесяліў усіх прысутных у кафэ Сяргей Крамко, апрануты ў касцюм Дзеда Мароза (касцюмам падзялілася Стаўбцоўская дзіцячая школа мастацтваў). Ён рабіў усё – жартаваў, танцаваў, арганізоўваў конкурсы (за ўдзел у іх уручаў разам са Снягуркай сувеніры – мыла ручной работы). Гэты навагодні дзед аказаўся надзіва праніклівым да дзяцей (ведаў, як да кожнага знайсці падыход!) і музыкальным – экспромтам падбіраў мелодыю, як толькі нехта выказваў жаданне павіншаваць яго і ўсіх прысутных песняй.

Не сумавалі на свяце і мамы, таму што сярод іх праводзіўся конкурс на лепшае ўпрыгажэнне навагодняга століка. Ласункі «падсалоджвала» іх выдумка, фантазія, а самымі крэатыўнымі аказаліся сем’і Канашэнкаў (першае месца за міні-ёлачку з арганзы), Падчашаў (другое месца за кампазіцыю «Снегавік на паляне») і Дабравольскіх (трэцяе месца за кампазіцыю «Зімовая казка»).    

У калядныя дні для дзяцей і іх бацькоў былі арганізаваны навагоднія паездкі –  на  лядовае шоу, якое праходзіла ў спартыўным комплексе «Чыжоўка-Арэна», у Палац Рэспублікі на галоўную ёлку краіны. Білеты на іх выдзеліла Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. І гэта – таксама незабыўныя ўражанні дабрачыннага навагодняга марафону. Нельга не назваць і паход у царкву «Возрождение». «Нас запрашаюць кожны год і кожнаму дзіцяці ўручаюць падарунак – імянны, сабраны веруючымі з любоўю, са шчырым жаданнем дапамагчы», – тлумачыць Ніна Ганісеўская.

Яшчэ адно незвычайнае шоу прыбыло да дзяцей непасрэдна ў Стоўбцы. Гэта «Караван Кока-Колы», які прывёз з сабою цудоўных Санта-Клауса і Белага Мядзведзя, а таксама масу вясёлых сюрпрызаў. Адзін з іх – незвычайная фотакабінка з імгненным фота. Яно затым аздаблялася ў рамку і – разам з дзецьмі – яго ўпрыгожвалі зорачкамі, блішчынкамі і іншымі святочнымі атрыбутамі.                             

Новы год для Стаўбцоўскай пярвічнай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» пачынаецца не толькі з  памятнай фотакарткі, а і з… раённай газеты «Прамень». Для яе членаў рэдакцыя таксама выдзеліла падарунак – дзесяць бясплатных экземпляраў падпіскі на першы квартал. Няхай у новым годзе гэтая грамадская арганізацыя па-ранейшаму застаецца няўрымслівай, актыўнай, таму што праз яе ініцыятывы, ідэі і задумкі мы ўсе – гэта відавочна – становімся дабрэй і міласэрней. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

МОЛАДЗЬ НАША АКТЫЎНАЯ

Сёння кадравая праблема  на вёсцы па-ранейшаму вострая. І менавіта таму, што маладыя спецыялісты, якія прыязджаюць на сельгаспрадпрыемствы па размеркаванні, не застаюцца там працаваць. У многіх гаспадарках адзін спецыяліст і «швец, и жнец и на дуде игрец». Нярэдка прыходзіцца працаваць звышурочна, у выхадныя дні, якіх у вясковых працаўнікоў і так нямнога. Маладому спецыялісту ставяць дзяжурства, таму што «дома дзеці не плачуць». Усё гэта, а таксама не вельмі высокая заработная плата, адсутнасць развітой інфраструктуры адыгрывае сваю ролю, таму малады спецыяліст, адпрацаваўшы два гады, едзе за лепшай доляй у горад. На жаль, паступілі так і многія маладыя спецыялісты нашай гаспадаркі. Таму задача кіраўніцтва – даць магчымасць маладым даказаць сваю годнасць і запатрабаванасць.

Сёння ў таварыстве працуюць 140 чалавек, з іх 25 – моладзь ва ўзросце да 31 года. Сярэдні ўзрост работніка арганізацыі зараз складае 44 гады, пяць гадоў назад быў сорак. Кадры паступова «старэюць». З сямнаццаці маладых спецыялістаў, якія прыехалі на работу ў 2010-2011 гадах, засталіся працаваць толькі два. Гэта заатэхнік Вікторыя Касцюкевіч і бухгалтар, па сумяшчальніцтве спецыяліст па ідэалагічнай рабоце, Уладзімір Рапецкі. Яны стварылі сям’ю і пусцілі тут карані. Кіраўніцтва выдзеліла маладой сям’і новы дом, гаспадары завялі хатнюю гаспадарку. Пакуль што ехаць нікуды не збіраюцца.

Як вядома, наша таварыства не самае моцнае фінансава. Сярэднямесячная заработная плата складае звыш 3800 мільёнаў рублёў, але кіраўніцтва стараецца выплачваць яе рэгулярна, не карыстаючыся крэдытамі банка. Зразумела, пры такім становішчы гаспадарка не можа дазволіць сабе плаціць людзям высокія грашовыя ўзнагароджанні, арганізоўваць турыстычныя паездкі. Аднак па магчымасці гэта робіцца. Згодна з калектыўным дагаворам выплачваецца аднаразовая матэрыяльная дапамога на аздараўленне пры прадастаўленні водпуска ў памеры 50 працэнтаў сярэднямесячнага заробку, юбілярам, у сувязі з выхадам на пенсію, з нагоды нараджэння дзіцяці, прызыву на тэрміновую воінскую службу, уступлення ў шлюб. Аказваецца дапамога работнікам у апрацоўцы прысядзібных участкаў, вядзенні падсобнай гаспадаркі. Закупляюцца падарункі да дзяржаўных святаў. За апошнія тры гады нашы работнікі пабывалі ў Белдзяржцырку, тэатры імя Янкі Купалы, «Мінск-Арэне», на канцэртах. Сёлета па жаданні працаўнікоў здзейснілі экскурсію ў Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны. За кошт прафсаюзнага бюджэту закупляем кандытарскія вырабы для фарміравання навагодніх падарункаў. Арганізоўваем віншаванне  з навагоднімі святамі з удзелам Снягуркі і Дзеда Мароза.

Стараемся прымаць удзел у розных мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца райкамам прафсаюза, – у турыстычных злётах, зімовай і летняй спартакіядах, дзе пераважае моладзь. На зімовай спартакіядзе наша каманда заняла другое месца, на летняй – трэцяе. У наступным годзе мы рашуча настроены на перамогу. Для дасягнення добрых спартыўных вынікаў і з мэтай умацавання здароўя работнікаў плануем абсталяваць валейбольную пляцоўку.

Сёлета малады спецыяліст Хрысціна Місюкевіч прымала ўдзел у конкурсе «Міс-Стоўбцы-Аграпрам» і заваявала тытул «Міс Абаяльнасць». Гэтае мерапрыемства прынесла масу станоўчых эмоцый не толькі яе ўдзельніцы, а і гледачам у зале. Хрысціна таксама ўдзельнічала ў V Абласным форуме маладых спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. А Уладзімір Рапецкі – у I Рэспубліканскім форуме сельскай моладзі, які праводзіўся ў нашым раёне на базе дзіцячага аздараўленчага лагера імя Чайкі. Уладзімір – у рэзерве кадраў кіраўнікоў аграпрамысловага комплексу. Вясной каманда нашых маладых спецыялістаў прадстаўляла санітарнае фарміраванне грамадзянскай абароны, выступілі даволі ўдала. Моладзь наша актыўная, прымае ўдзел у розных мерапрыемствах. Хацелася б, каб больш іх праводзілася, бо гэта прыносіць маладым людзям радасць і задавальненне.

Кіраўніцтва таварыства цесна ўзаемадзейнічае з мясцовай школай, якой аказвае пасільную дапамогу. Дырэкцыя вучэбнай установы, у сваю чаргу, арганізоўвае для нас канцэрты. Мы прыглядаемся да выпускнікоў, якія заўтра змогуць прыйсці на працу ў нашу гаспадарку ў якасці маладых спецыялістаў. А лепшыя спецыялісты ў галіне сельскай гаспадаркі – гэта маладыя людзі, якія выраслі на зямлі, на справе ведаюць і выконваюць сялянскую работу.

Жанна НАВІЦКАЯ, старшыня прафкама ААТ «Рочавічы»

 

«ПЯРВІЧКА» ПАШТАВІКОЎ

Напрыканцы 2015 года пярвічная ветэранская арганізацыя створана ў раённым вузле паштовай сувязі.

Адбыўся ўстаноўчы сход, на якім выбраны актыў навастворанай пярвічнай арганізацыі. Узначаліла яе Вера Котава, намеснікам старшыні абраны Іван Цвірка.

На даны момант арганізацыя налічвае ў сваіх радах 10 чалавек, сярод якіх і такія старажылы пошты, як Вера Кожыч, Ганна Мацкевіч і іншыя. У перспектыве арганізацыя плануе пашырацца. З першых дзён у яе наладжаны цесныя сувязі з кіраўніцтвам і прафсаюзным камітэтам раённага вузла паштовай сувязі.

У першыя дні новага 2016 года дэлегацыя з ліку членаў ветэранскай арганізацыі наведала стаўбчанку Зінаіду Цвірка з вельмі прыемнай нагоды –  павіншаваць з 90-гадовым юбілеем. Зінаіда Цвірка – старажыл пошты, у свой час працавала начальнікам галоўнай касы. Можна ўявіць пачуцці гэтай пажылой жанчыны, якую не забылі на ранейшым месцы працы праз дзясяткі гадоў.

У ветэранскай арганізацыі ўжо падлічылі, што юбілеі рознай вартасці адзначаюць сёлета больш за дваццаць ветэранаў пошты. Да ўсіх іх мяркуюць наведацца з віншаваннямі.

Пр

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *