Пра культуру сэрвісу

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

Абвешчаны ў Беларусі 2016-ты як Год культуры, дае падставы, так бы мовіць, «падцягнуцца» нам, бадай, ва ўсіх сферах дзейнасці. Каб быць сапраўды культурнымі людзьмі. І няхай на першы план паставім звыкла традыцыйнае, якое адразу атаясамліваецца з азначэннем «культура» – мастацтва, творчасць і іншае, што энцыклапедычна акрэсліваецца як духоўная культура, будзем мець на ўвазе і шмат што іншае. Культура вытворчасці, культура гаспадарання, добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Вядома ж, і культура земляробства, дарэчы, і сельскагаспадарчыя расліны называюць іншым словам – культуры.

Усё не ахопіш. І тут размова аб тым, што нам не толькі ацэньваць, але і ўспрымаць даводзіцца літаральна кожны дзень, аб культуры абслугоўвання. Куды клічуць надзённыя патрэбы? На пошту, у касу іншай установы, калі трэба атрымаць, пералічыць, аформіць… У цырульню ці атэлье – трэба ж яшчэ больш папрыгажэць, падмаладзіцца, падрамантаваць што з рэчаў, з гардэроба. І паліклініку не мінеш: здароўе ж за ўсё даражэй. А самы пастаянны маршрут – у гандлёвы цэнтр, магазін, павільён, шапік, на кірмаш. Натуральная гаспадарка – у гісторыі. Сёння ж купляем хлеб наш надзённы і ўсё да хлеба.

Набылі тавар, падалі грошы. «Але раптам мілы тварык прадаўшчыцы набывае воблік Бабы-Ягі: «Шукайце тысячу, сотню, дзе я вам вазьму здачу. Усе падсоўваюць двухсоткі!» Мітусіцца, знаходзіць ўсё ж тую здачу, са злосцю кідае на прылавак. Выходзіш расчырванелы, з адчуваннем нейкай  віны. Не падумаў, што трэба мець у кашальку купюры рознай вартасці. А яшчэ лепш скарыстоўваць пластыкавую  картку, хаця і з ёю можна дзесьці стаць без віны вінаватым, паколькі стапрацэнтнага ахопу плацежнымі тэрміналамі пакуль не дасягнулі.

Ды і мы не ўсе маем той узровень свядомасці, што не толькі тады спакойна, калі напіцаваны кашалёк (а  яшчэ ж будуць і капейкі!) ірве кішэнь.

Усё ж будучае за каштоўным пластыкам. І за цывілізаваным сэрвісам. Ужо не здзіўляемся, а радуемся, калі за тое, што набылі пакупку, нам дзякуюць. Заўважаюцца такія адносіны часцей у прыватных крамах. Якім бы ні быў матыў, а прыемна.

Хаця не заўсёды ўсмешлівы пагляд сведчыць, што вас паважаюць як спажыўца. Паводле  жыццёвай тэорыі, што дрэннае даўжэй помніцца, чым добрае, прывяду свежы прыклад, а кожны прыгадае, пэўна, падобны, і не адзін. У магазіне зацішша, адзін пакупнік пакінуў залу, другі зайшоў. Атрымаў патрэбнае яму, прадаўшчыца назвала суму аплаты. Ды нешта мнагавата налічыла. «Прабачце, але вы,  відаць, памыліліся…» Вопытная гаспадыня прылаўка і брывом не павяла: «Зараз пералічу. Так, гэта сума пакупкі з папярэдняга чэка перайшла яшчэ і на ваш». Магчымы падобны тэхнічны збой? А хто яго ведае, мы ж не спецыялісты. Адзначу толькі абыякавы тон, з якім паведамлена гэта: ні здзіўлення, ні «прашу прабачэння». Маўляў, адстаяў свае дваццаць тысяч і ідзі задаволены.

Падобныя «памылкі» наўрад ці магчымы ў сучасных маркетах, дзе падлік вядзецца на апаратуры, са счытваннем штрых-кода тавару, хутка, дакладна, зручна. Паклалі выбранае з карзіны на рухомы прылавак, падалі дысконтную картку (хаця і малая, ды скідка), разлічыліся, атрымалі чэк, дзе таксама пазначана «дзякуй за пакупку». І сказалі дзякуй прыгожай прадаўшчыцы ў прыгожай форме. Адкрыццё ўніверсама «Еўраопт» – адна з прыемных змен апошняга часу ў нашым горадзе. А цяпер такіх магазінаў ужо два – былы «Дабраном» пераведзены ў сістэму ААТ «Еўрагандаль». Сапраўдны еўрапейскі ўзровень!

Запатрабаваны і іншыя гандлёвыя кропкі. Ад прыватнікаў стараюцца не адставаць і магазіны сістэмы райспажыўтаварыства. Асартымент  тавараў, па магчымасці меншая гандлёвая надбаўка, скідкі – чым яшчэ заахвоціць пакупніка? У аддаленыя,  маланаселеныя вёскі спяшаюцца загружаныя ўсім неабходным аўталаўкі. Прытым яны ўсё больш запатрабаваныя, бо, на жаль, даводзіцца закрываць некаторыя магазіны, нерэнтабельнасць – прычына, няхай і не надта прыемная, але аб’ектыўная. Наяўныя ж рамантуюцца, абнаўляюцца, прадаўцы з адказнасцю за культуру абслугоўвання гатовы задаволіць любы заказ вяскоўцаў.

Але вернемся ў горад. Калі ўявіць карту забяспечанасці гандлёвым абслугоўваннем, то самы «шматнаселены» ўчастак – у раёне бальніцы. Тут і «Еўраопт», і яшчэ з дзясятак гандлёвых кропак. І ўвогуле жыхарам вуліц Ленінскай і Цэнтральнай можна хутка выбраць усё, што патрэбна. А вось мікрараён «Паўночны», вядомы больш у народзе як «Царскае сяло», пакрыўджаны ў гэтым плане. І адкрытая там гандлёвая кропка несумненна была б асабліва запатрабаванай.

Ці павераць нашы дзеці, што быў час дэфіцыту? Даўно-нядаўна, а з чвэрць стагоддзя таму сустракалі людзей пустыя прылаўкі. А калі «выкідвалі» што, то людзі мелі «радасць» стаяць гадзінамі ў чэргах. І ці вялікае шчасце было любавацца на мілую ўсмешку прадаўшчыцы, якая даводзіла несвядомаму: маўляў, нічога з патрэбнага вам у продажы няма і невядома калі будзе. А ўвогуле прад’яўляйце вашы талоны, купоны на туалетную паперу і мыла, гарэлку і «чарніла». «Хлеба на ўсю сям’ю? Адзін бохан у рукі!»

Жылі-перажылі. Сёння праблемы зусім іншага кшталту: ці хопіць грошай, каб набыць усё, чаго нам хочацца і аб чым марыцца. Наведваючы гандлёвыя кропкі, больш увагі звяртаем на культуру сэрвісу. Увогуле ж, паводле закліку класіка савецкай паэзіі Маякоўскага «Товарищи люди, будьте культурны!» будзем жыць усе мы – кліенты, спажыўцы, і выканаўцы той ці іншай справы, паслуг.

Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *