Клопаты сялянскія

Нумары Сельская гаспадарка

image_pdfimage_print

ЛАДЗІЦЦА РАБОТА Ў МАЙСТЭРНІ

Для механізатараў зімовыя месяцы – гэта магчымасць падрыхтаваць даручаную ім тэхніку да веснавых палявых работ. Акуратна, не спяшаючыся, бо ў міжсезонне часу дастаткова. У механічных майстэрнях ААТ «Налібакі-агра», былой «пээмкоўскай» базы, зараз вядзецца рамонт трактароў і сельскагаспадарчай тэхнікі. У памяшканнях створаны ўсе ўмовы для работы. Устаноўлены ацяпляльныя катлы на мясцовых відах паліва, каб работнікам было цёпла і ўтульна.

Падчас наведвання гаспадаркі ў майстэрні шчыравалі механізатары Сяргей Паляшчук, Іван Чарняўскі і зваршчык Генадзій Гарэлік (на здымку злева направа).

– Людзі гэтыя шчырыя, працавітыя, – гаворыць інжынер-механік Віктар Шчэцька. – Даручаную работу заўсёды выконваюць сумленна, карыстаюцца павагай у калектыве.

Сяргей Барысавіч рамантаваў свой энерганасычаны «Беларус-3022». Зняў рухавік, які адвезлі ў капрамонт, і дадаткова перабіраў усе «вантробы» трактара, каб тэхніка не падвяла ў полі. Старанны працаўнік звычайна заняты на падрыхтоўцы глебы. За рулём трактара механізатар чвэрць стагоддзя. Уладкаваўся на працу ў саўгас «Налібацкі» пасля заканчэння школы. Мянялася назва гаспадаркі, а Паляшчук заставаўся яе нязменным аратым.

У распараджэнні Івана Чарняўскага кормараздатчык «Хозяин» і трактар «Беларус-82». Механізатар практычна без выхадных шчыруе на ферме, дзе раздае кармы жывёле. Ад таго, ці своечасова ён накорміць рагуляў, таксама  залежаць надоі малака і прывагі буйной рагатай жывёлы. З даручанай работай дбайны працаўнік спраўляецца. У Генадзія Гарэліка работа «гарачая» і запатрабаваная. Асабліва ў перыяд напружаных палявых кампаній. Пятнаццаць гадоў ён працуе ў гаспадарцы. Сапраўдны майстар сваёй справы.

 

РАМАНТУЮЦЬ ТЭХНІКУ…

У майстэрні ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» гэтымі днямі назіраецца ажыўленне. Тут вядзецца рамонт сельскагаспадарчай тэхнікі, якая будзе першай выкарыстоўвацца падчас правядзення веснавых палявых работ. Гэта шыроказахопныя культыватары, іх даставілі рамонтнікам абслуговай арганізацыі ААТ «Рочавічы» і «Радзіма Дзяржынскага». Дзяржынаўцы, а таксама ААТ «Рубяжэвічы» і «Агранёманскі» разам здалі ў рамонт 73 каткі да АКШ.

– Паступіла з Рубяжэвіч і Цеснавой пяць секцый дыскавых барон, – гаворыць начальнік аддзела тэхнічнага сэрвісу і рамонту Аляксандр Пахадня. – Такім чынам, нашым рамонтнікам хопіць работы на ўвесь студзень наступнага года.

 

…І РОБЯЦЬ ВОКНЫ

У арганізацыі наладжаны выпуск вокнаў з металічнай трубы і полікарбанату – вынік рацыяналізатарскай прапановы каманды аднадумцаў, у склад якой уваходзяць кіраўнік, інжынерная служба і работнікі майстэрні. За паўгоддзе такія вокны ўстаноўлены ў памяшканнях новых малочнатаварных фермаў «Засулле» ААТ «Каганец» і «Апечкі»  СГФ «Аталезь-агра» ААТ  «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», а таксама «Дразды» ААТ «Агранёманскі» і «Слабодка» ААТ «Радзіма Дзяржынскага».

 

АДПАВЯДАЕ ПАСЯЎНОМУ СТАНДАРТУ

У склады сельгаспрадпрыемстваў раёна засыпана пад яравую сяўбу 4095 тон насення збожжавых і зернебабовых культур, што складае 131,1 працэнта да патрэбнасці. Усё насенне ачышчана і адпавядае пасяўному стандарту. Збожжа першай рэпрадукцыі па раёне засыпана 2541 тона, эліты – 575 тон у пяці сельгаставарыствах. У элітгасе ААТ «Агранёманскі» ёсць 31 тона насення збожжавых другога года размнажэння і 498 тон суперэліты. Да таго ж, у гэтай гаспадарцы ў наяўнасці для рэалізацыі 500 тон элітнага насення збожжавых: 100 тон піваварнага ячменю сорту «стратус» і 300 тон сорту «бровар», а таксама 100 тон аўса сорту «юбіляр».

У бульбасховішчах захоўваецца дастаткова і насення бульбы. Налічваецца 6388 тон пры заданні засыпаць 3120 тон. Начальнік інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Таццяна Шапецька расказвае, што з агульнай колькасці 165 тон супер-суперэліты сорту «волат», 268 – суперэліты беларускіх сартоў «уладар», «маг», «зорачка», «янка» і 241 – эліты «лілея», «рагнеда» і «вяснянка» належыць СФГ «Сула». Акрамя айчынных, у пераліку якіх і высокаўраджайны «маніфест», фермер размнажае і насенне такіх нямецкіх сартоў, як «джэлі», «белароза», «вінета», «румба» і «рэд фэнтэзі».

 

НАЗАПАШВАЮЦЬ «ВІТАМІНЫ»

Зіма ў самым разгары, але ў хлебаробаў гаспадарак раёна работа не спыняецца.   А іменна, пад яравую сяўбу назапашваюцца  ўгнаенні. Арганікі нарыхтавана каля 405 тысяч тон. Справіліся з даведзенымі заданнямі ААТ «Жацерава», «Каганец» і «Рубяжэвічы». Першыя два таварыствы і ААТ «Агранёманскі» вывезлі ўсе назапашаныя кампосты. Дастаўлена на палеткі больш за 360 тысяч тон арганічных угнаенняў, а ўнесена каля 130 тысяч тон. Больш за іншых унеслі ў глебу «вітамінаў урадлівасці» работнікі ААТ «Вялікі Двор».  Мінеральных тукаў  пакуль што небагата, але квоты на атрыманне NPK з беларускіх камбінатаў ужо размеркаваны. Неабходную колькасць калійных угнаенняў маюць хлебаробы ААТ «Жацерава», звыш сарака працэнтаў – ААТ «Вішнявецкі-агра» і «Вялікі Двор».

 

З КЛОПАТАМ АБ ЛЮДЗЯХ

Мяняецца ў лепшы бок машынны двор ААТ «Налібакі-агра», а менавіта такую назву атрымала сельгаспрадпрыемства пасля далучэння да ТАА «СЖК «Налібакі» ворыўных зямель і вытворчай базы былой аграбудфірмы «ПМК-74 – Налібакі». Адрамантавана дыспетчарская, дзе праводзяцца «планёркі»: заменены на пластыкавыя вокны, закуплена сучасная мэбля, устаноўлены новы ацяпляльны кацёл. З былога гаража побач абсталяваны невялікі бытавы пакой для работнікаў майстэрні і механізатарска-вадзіцельскага корпуса. Тут людзі могуць у цяпле пераапрануцца і паабедаць. Работы вяліся сіламі ўласнай будаўнічай брыгады, кіраўніцтва выдзеліла на гэтыя мэты фінансавыя сродкі. У бліжэйшых планах правесці рамонт боксаў для сельгасмашын і навесці адмысловы парадак на тэрыторыі. Ёсць намер з дапамогай спонсараў аднавіць работу заправачнага пункта.

 

ЭПІЗААТЫЧНАЯ СІТУАЦЫЯ ПАД КАНТРОЛЕМ

Адбылася прамая лінія з галоўным ветурачом раёна Анатоліем Гусачонкам па пытаннях ветэрынарнага абслугоўвання. 

Паступіла шмат тэлефанаванняў па пытанні, якое вельмі турбуе жыхароў раёна, а іменна: ці можна прадаваць парасят на гарадскім рынку?  

– Згодна з рашэннем Стаўбцоўскага раённага выканаўчага камітэта ад 22 мая 2014 года № 728 «Аб зняцці абмежаванняў па папярэджанні ўзнікнення і распаўсюджання афрыканскай чумы свіней на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна», рэалізацыя парасят на гарадскім рынку забаронена.

Гандаль мясам свініны на рынку дазволены. У мэтах забеспячэння ветэрынарнага дабрабыту забой свіней для наступнай рэалізацыі мяса і прадуктаў забою праводзіцца ў арганізацыях, якія ажыццяўляюць забой сельскагаспадарчай жывёлы.

Стаўбчанка Ярашэвіч спыталася, ці патрэбна мець ветэрынарную адукацыю для таго, каб уладкавацца ў райветстанцыю ветлабарантам?

– Работа ветлабаранта ў аддзеле лабараторнай дыягностыкі абавязвае мець сярэднюю спецыяльную адукацыю, таму што яна непасрэдна звязана з ветэрынарнай дзейнасцю.

Жыхар Кнотаўшчыны цікавіўся эпізаатычнай сітуацыяй па птушыным грыпе ў раёне і на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь.

– Абстаноўка па птушыным грыпе ў краіне спакойная. Праводзяцца ўсе прафілактычныя мерапрыемствы па недапушчэнні пранікнення гэтага захворвання на тэрыторыю Беларусі. У нашым раёне працуюць дзве птушкагадоўчыя арганізацыі, якія з’яўляюцца прадпрыемствамі закрытага тыпу. Там таксама праводзяцца адпаведныя мерапрыемствы па недапушчэнні занясення інфекцыі. У дзесяцікіламетровай зоне ад птушкагадоўчых арганізацый праводзяцца планавыя прышчэпкі дамашняй птушкі, якая ўтрымліваецца на падворках грамадзян, супраць хваробы Ньюкасла.

Патэлефанаваў грамадзянін і папрасіў азнаёміць з сітуацыяй па шаленстве жывёлы ў мінулым годзе на тэрыторыі Рубяжэвіцкага сельсавета і ўвогуле ў раёне.

– У мінулым годзе па раёне зарэгістравана 12 выпадкаў шаленства жывёлы. Дарэчы прыгадаць, што летась было напалову менш. Восем здарэнняў адбылося з дзікімі жывёлінамі. У Атцэдзе, Тонаве, Камейшах, Слабадзе (Заямнаўскі сельсавет) і на МТФ «Слабада» ПДСУП «Профі-Аграцэнтр» занатаваны выпадкі з хворымі лісамі. У вёсках Хутар-Барок і Апечкі шалёнымі былі два яноты. Адзін выпадак з хворым ласянём адбыўся ў лясным масіве ва ўрочышчы Міхачы. У Мешычах быў выяўлены шалёны сабака. Зарэгістравана тры выпадкі захворвання буйной рагатай жывёлы: адзін у ААТ «Радзіма Дзяржынскага» і два – у ААТ «Рубяжэвічы». З мэтай стабілізацыі эпізаатычнай абстаноўкі  ў раёне праводзіцца комплекс прафілактычных мерапрыемстваў. Запланаваны стапрацэнтны ахоп імунізацыяй супраць шаленства дамашняй жывёлы прыватнага сектара – катоў і сабак. Нагадваю, што ўсім уладальнікам дамашняй жывёлы неабходна строга прытрымлівацца ветэрынарна-санітарных правілаў па яе ўтрыманні – прышчапляць сваіх гадаванцаў у ветэрынарных установах. У лясным масіве праводзіцца аральная імунізацыя дзікай драпежнай жывёлы на тэрыторыі звыш 120 кіламетраў. На нядобранадзейных па шаленстве тэрыторыях перад выганам на пашу вакцынуецца грамадская жывёла.

Ці ёсць магчымасць зрабіць у гарадской ветлячэбніцы ўльтра-гукавую дыягностыку ўнутраных органаў кату або сабаку?

– На жаль, такой магчымасці няма. Для аказання гэтай паслугі ўладальнікам гадаванцаў раім звярнуцца ў ветлячэбніцы горада Мінска.

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *