Удава капітана міліцыі

Людзі і лёсы Нумары

image_pdfimage_print

Стаўбчанка Ірына Дубатоўка ніколі не працавала ў міліцыі, але яе лёс самым цесным чынам пераплецены з райаддзелам міліцыі. Яго супрацоўнікі абавязкова наведваюцца да яе з кветкамі (так было і да Дня маці), цікавяцца побытам, каб дапамагчы ў вырашэнні надзённых праблем, або запрашаюць на святочны прыём да начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама. Праўда, звычайна Ірына Мікалаеўна сціпла аднекваецца, каб нікому не дакучаць. Усё ў яе, маўляў, у парадку, хвалявацца не варта: атрымлівае пенсію, дзеці і ўнукі дапамагаюць, радуюць гарэзы-праўнукі… Балазе, амаль усе жывуць побач, у Стоўбцах.        

Пра кожнага са сваіх трох унукаў і трох праўнукаў Ірына Мікалаеўна знаходзіць добрае слова. Адна з унучак, Таццяна, з’явілася на свет акурат у 1980-м годзе. У той год сям’я Дубатоўкаў, перш чым спазнаць папаўненне, панесла вялікую страту. 23-га чэрвеня загінуў пры выкананні службовых абавязкаў Аляксандр Васільевіч, муж Ірыны Мікалаеўны. Ён служыў у міліцыі, быў начальнікам аддзялення ДАІ. У той злашчасны дзень накіроўваўся на месца здарэння і сам трапіў у дарожную аварыю… Таццяна нарадзілася ў старэйшай дачкі неўзабаве, праз 10 дзён пасля дзядулевай гібелі. 

Таццяне, унучцы загінуўшага 42-гадовага капітана міліцыі, ужо споўнілася 35. Столькі ж няма і яго. У Таццяны за гэты час з’явіліся свае дзеці, у бабулі – праўнукі. Таццяна, дарэчы, працуе там, дзе калісьці і яе дзядуля, – у райаддзеле міліцыі. Па суботах у аддзяленні па грамадзянстве і міграцыі рабочы дзень, таму адпраўляе сваіх хлопчыкаў «пад нагляд» Ірыны Мікалаеўны. А  тая з імі яшчэ як умее ладзіць! Пячэ ім блінчыкі, цукеркамі частуе…

Сапраўды, жыццё, хоць месцамі бывае і вельмі горкае, скрушнае (крыху больш за год таму Ірына Мікалаеўна пахавала сваю 52-гадовую дачку), але працягваецца. Ды і лёс, разумее жанчына, не перайначыш.     

– Былі іншыя планы на жыццё, – удава Аляксандра Дубатоўкі скіроўвае погляд на партрэт маладжавага, з усмешлівымі вачыма капітана. – Думалі, пераедзем з Коласава ва ўласны вялікі дом, што будавалі ў Стоўбцах… У нас жа дзве дачкі, адна тады ўжо замуж выйшла… Так і не паспелі пажыць у гэтым доме разам. Зяць мне дапамагаў завяршыць будаўніцтва…

– Ірына Мікалаеўна, якім вы памятаеце свайго мужа, ваша сумеснае жыццё?

– Мы з ім родам з Баханоў, толькі мая сям’я жыла на хутары, а яго – у вёсцы. У адзін год нарадзіліся. У 18 пажаніліся. Калі яго забралі ў армію, у нас нарадзілася наша першая дачка. Адслужыўшы, муж застаўся працаваць у воінскай часці ў Коласаве. Далі кватэру, і я з дачкой пераехала да яго. Працавала таксама ў воінскай часці. Адрабіла там да пенсіі, а муж захацеў служыць у міліцыі… Яшчэ ў яго было жаданне вучыцца. Я падтрымлівала яго ў гэтым. Думала, няхай вучыцца, і мне будзе лягчэй. Ён пасля арміі закончыў у Засуллі завочную школу, а незадоўга да сваёй гібелі атрымаў дыплом Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі. Для яго гэта важны дакумент, таму і паклала яму яго назаўсёды з сабою…

– Муж вам расказваў пра сваю службу?

– Служба ў яго была няпростай. Ён падрабязнасцяў асабліва не расказваў, стараўся не хваляваць. Дома фактычна не бываў. Пераначаваў – і зноў на работу. І ў тую раніцу, памятаю, усё было як звычайна. Адыходзіў – развітаўся. Як адчуваў нешта, пацалаваў мяне. А вечарам даведалася пра страшнае, што здарылася непадалёку ад Варнавугла…

Не хочацца вярэдзіць застарэлыя раны Ірыны Дубатоўка. Яна і так малайцом трымаецца, не здаецца, годна нясе свой крыж. Кранаюць яе жаночая, не падуладная гадам, абаяльнасць, мудрасць разваг (да прыкладу, «унукі і праўнукі адкрылі мне другое жыццё»). І ў доме яе – адмысловы парадак. «Гэта ўнучкі Вольгі заслуга», – тлумачыць бабуля.

Усе стараюцца разгрузіць яе ад рознай дамашняй работы. Маўляў, няхай бабуля лепш адпачне, паглядзіць тэлевізар. Раней Ірына Мікалаеўна вышывала, шыла. Цяпер беражэ свае аперыраваныя вочы. Галоўнае – у іх па-ранейшаму свеціцца агеньчык радасці, дабрыні, пяшчоты.

– Унукі ў мяне слаўныя, талковыя, ёсць і з дзвюма вышэйшымі адукацыямі. Хачу, каб і праўнукі былі не горшыя, – марыць бабуля.

Ну, а на ўнучцы Таццяне, якая працуе ў міліцыі і працягвае міліцэйскую дынастыю, ляжыць асаблівая адказнасць – не падвесці тых, хто даў ёй жыццё, хто яе любіць.

НА ЗДЫМКУ: Ірыну Дубатоўка віншуе з Днём маці намеснік начальніка райаддзела міліцыі Сяргей Богач. 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ           

 

АД РОДНАЕ ЗЯМЛІ

Вочы Любові Антонаўны Крывель – чыстыя і ясныя, як дзве крынічкі. А ля вачэй – не маршчынкі, а маленькія промнікі дабрыні і цяпла. Можа, таму восемдзесят пяць гадоў назад яе і назвалі Любоўю, а па-вясковаму – Любай. За светлымі вачыма – памяць, а яна – балючая і колкая: «У 1940 годзе пажар выпаліў амаль усю Мікалаеўшчыну, толькі ўцалела адна вуліца над Нёманам. Трэба было адбудоўвацца. А тут праз год грымнула вайна. Мне тады было дзесяць гадоў. Мужчыны пайшлі ў армію, а хто падаўся ў партызаны. Немцы шалелі, хацелі спаліць недабудаваную вёску. Але неяк абышлося…»

З яе сынам Віктарам сядзім на лаўцы, моўчкі слухаем нетаропкі аповед і, відаць, слаба ўяўляем, як цяжка было ёй, Любові Антонаўне, у дзяцінстве: рана пазнала дарослую працу, перанесла з аднавяскоўцамі жахі вайны…

«Адкуль браліся сілы? Ад непасільнай працы, ад жадання выжыць, пакінуць свой працяг. Карміла родная зямля, лес і Нёман. Толькі трэба было не раз пакланіцца ім, прыкласці рукі. Вайна пакінула цяжкі след, не усе мужчыны вярнуліся дадому. Многія маладзіцы засталіся ўдовамі. А пасля вайны трэба было адбудоўвацца. Дзякуй вялікі нашаму земляку Якубу Коласу. Ён многім дапамог нам: кожнай сям’і далі па дваццаць пяць сотак зямлі, бясплатна выдзелілі па трыццаць кубоў дзерава, далі цэглу, цвікі і шкло…»

Мы ўважліва слухаем, не перабіваем, каб не перарваць гэты клубок успамінаў, які будзе не першы раз раскручвацца, весці да нашых дзён…

«Пасля вайны арганізаваўся калгас, адкрыўся цагельны завод. Калгасу потым дадуць імя народнага паэта. Паколькі калгасная праца была знаёмай і блізкай – палоць, грэбці, жаць, – я выбрала гэтую долю. Было цяжка. Плацілі мала, але ніхто не бурчаў, не лаяўся, бо ведалі, што краіне цяжка ўставаць на ногі пасля вайны, адбудоўвацца. Што рабілі ў калгасе? Сёння і не пералічым, і ўсё не ўспомнім. Галоўнае – каб зямля радзіла».

У вачах Любові Антонаўны ўспыхваюць агеньчыкі, быццам нейкая струна закранула ў душы нябачную жарынку.

«Потым выйшла замуж, нарадзіліся дзеці – сын і дачка. Мой Валодзя быў працавіты, умеў рабіць усё, моўчкі, без крыку. Шкада, што рана пайшоў з жыцця: атрымаў толькі першую пенсію…»

Здаецца, жаль і смутак прабеглі ў вачах. Але яна глянула на неба і зноў у яе зрэнках успыхнуў агеньчык.

«Амаль шэсцьдзесят гадоў працавала я ў калгасе. Толькі ў сем-дзесят пяць пакінула яго. Цяпер «Радзіма Якуба Коласа» – у ліку  лепшых у раёне. Ды і тэхніка замяняе людзей. І зарплата добрая. А я гляджу на серп, матыку, драпашку і ўспамінаю мінулае…»

Любоў Антонаўна кожную вясну садзіць сотак дзесяць бульбы. А на яе грады можна вадзіць школьнікаў на экскурсіі: праполаныя, дагледжаныя, ураджайныя.

«Не магу я сядзець спакойна. Зямля дае мне сілы. І не толькі сілы, але і смачныя пачастункі».

Іду летам па вуліцы і бачу, як яна шчыруе на агародзе, развешвае вымытую бялізну, закатвае слоікі з агуркамі ці вішнямі. А кожную нядзелю ідзе ў царкву маліцца. Яна нарадзілася на Каляды – 7 студзеня. І на гэтыя Каляды ёй, простай вясковай жанчыне, працавітай і спагадлівай, споўнілася 85 гадоў. Дай жа ёй, Божа, моцнага здароўя, радасці за дзяцей, унукаў і праўнукаў.

Алесь КАМАРОЎСКІ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *