Устанаўленне прыняцця спадчыны

Нумары Пракурорскі нагляд

Дзеючым заканадаўствам устаноўлены два спосабы прыняцця спадчыны: падача натарыусу па месцы адкрыцця спадчыны заявы аб яе прыняцці, або заявы аб выдачы пасведчання аб праве на спадчыну. І фактычнае ўступленне ў валоданне ці кіраванне спадчыннай маёмасцю.

У адпаведнасці з п. 2 арт. 1070 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь, прызнаецца, пакуль не даказана іншае, што прынята спадчына, калі грамадзянін учыніў дзеянні, якія сведчаць аб фактычным яе прыняцці. У прыватнасці, калі ўступіў у валоданне ці кіраванне спадчыннай маёмасцю, прыняў меры па яе захаванні, абароне ад замахаў ці прэтэнзій трэціх асоб. Ці правёў за свае сродкі расходы па ўтрыманні маёмасці, аплаціў даўгі спадчынадаўцы, атрымаў ад трэціх асоб належныя спадчынадаўцу грашовыя сродкі і т. п.

Прыведзеная норма права не ўтрымлівае ўказанне на тое, што пералік дзеянняў з’яўляецца вычарпальным. З гэтага вынікае, што спадчыннік можа ўчыняць любыя дзеянні, якія сведчаць аб тым, што ён адносіцца да спадчыннай рэчы, як да сваёй.

Доказамі фактычнага прыняцця спадчыны могуць быць: даведка жыллёва-эксплуатацыйнай арганізацыі аб тым, што спадчыннік пражываў сумесна са спадчынадаўцам на момант яго смерці, даведка падатковай інспекцыі аб аплаце канкрэтным спадчыннікам падаткаў на нерухомую маёмасць, якая належала спадчынадаўцу, квітанцыя аб аплаце камунальных плацяжоў (газу, водазабеспячэння), даведка выканаўчых і распарадчых органаў улады аб тым, што спадчыннік ажыццяўляў догляд спадчыннага дома (кватэры), паказанні сведкаў аб тым, што спадчыннік узяў сабе што-небудзь з маёмасці спадчынадаўцы і г. д.

Указаныя дзеянні могуць быць ажыццёўлены на працягу шасці месяцаў пасля смерці спадчынадаўцы.

Заява аб устанаўленні факта прыняцця спадчыны (артыкулы 363-367 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь) разглядаецца судом у парадку асобнай вытворчасці. У заяве павінна быць указана, для якой мэты заяўніку неабходна ўстанавіць даны факт. Зацікаўленымі асобамі будуць выступаць натарыус, а таксама іншыя асобы, якія звязаны з данай маёмасцю. Заява аплачваецца дзяржпошлінай у памеры дзвюх базавых велічынь.

У парадку асобнай вытворчасці можна разглядаць заяву аб устанаўленні факта прыняцця спадчыны толькі ў выпадках, калі адсутнічае спрэчка аб праве. Пры гэтым аб наяўнасці спрэчкі аб праве можна гаварыць ужо тады, калі хто-небудзь з зацікаўленых асоб не згаджаецца з доказамі заяўніка аб фактычным прыняцці ім спадчыны.

У выпадку ўзнікнення спрэчкі ў адносінах да спадчыннай маёмасці неабходна звяртацца ў суд з іскам аб прызнанні права ўласнасці на спадчынную маёмасць, несапраўднасці пасведчанняў аб праве на маёмасць, выдадзеных іншым спадчыннікам, падзеле спадчыннай маёмасці і г. д.

Таццяна СЧАСНАЯ-ЛЯГЧЫНЯ, старшы пракурор аддзела пракуратуры Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *