З прызнаннем у любові «Берагіні»

Культура Нумары Факты, падзеi, людзi

315
Для чалавека 20 гадоў – многа. А для мастацкага калектыву? Яшчэ больш. У адносінах да народнага вакальнага ансамбля «Берагіня» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў гэта спалучаецца ў адно цэлае, таму што кожная з чатырох удзельніц прайшла з калектывам гэты шлях. Чаго дасягнуў ансамбль, можна было ўбачыць падчас юбілейнага канцэрта ў раённым Цэнтры культуры ў час светлых ражджэственскіх вечароў, якія атрымалі назву «святки». У рэпертуары юбілейнай праграмы былі і духоўныя творы.
Перш чым апавядаць пра творчы вечар, хочацца падзяліцца такім уражаннем. Для нашага горада вялікі набытак, што стаўбчане навучыліся адпачываць. Яшчэ помняцца часы, калі ў рэпартажах мы вымушаны былі заўважаць пра незапоўненую глядацкую залу, якое б мерапрыемства ні праходзіла. А тут – поўны аншлаг! Давялося яшчэ падстаўляць збоку крэслы. Павіншаваць калектыў з юбілейнай датай прыйшлі з падарункамі і кветкамі прадстаўнікі райвыканкама, дзеячы культуры і мастацтва, калегі, родныя, сябры – аматары творчасці «Берагіні».
Назва канцэрта – «Поры года» – сімвалічная. Так склалася, што ўсе ўдзельніцы ансамбля нарадзіліся ў розныя поры года: Алена Бохан (першы альт) – лета «Берагіні», Тамара Барэхава (другое сапрана) – восень «Берагіні», Ірына Пазняк (першае сапрана) – зіма «Берагіні», Ірына Карніцкая (другі альт) – вясна «Берагіні». На гэтым была і пабудавана святочная праграма, якую зрэжысіравала выкладчыца Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Вольга Навіцкая, дзе і працуюць настаўнікамі музыкі ўдзельніцы вакальнага ансамбля (Ірына Пазняк цяпер – дырэктар Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў).
Праграма была яркай, вельмі прыгожай, яна дазволіла калектыву выканаць самыя розныя песні са свайго рэпертуару, у тым ліку і аўтарскія творы нязменнага кіраўніка ансамбля Тамары Барэхавай. За 20 гадоў Тамарай Барэхавай створана каля 150 аўтарскіх песень. Некаторыя з іх сталі візітнай карткай Стаўбцоўшчыны, палюбіліся слухачам. Гэта песні «Мае родныя Стоўбцы», «Зорка нараджэння Іісуса», «Здравствуй», «Адлюстраванне», «Балтыка».
Для многіх калектываў віншаваннем «Берагіні» стала іх выдатнае выступленне на сцэне ў святочнай праграме. Такое прывітанне ансамбль атрымаў ад узорнага харэаграфічнага ансамбля «Лявоначкі» пад кіраўніцтвам Людмілы Несцярук, народнага ансамбля віяланчалістаў Дзяржынскай дзіцячай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Вольгі Халадзінскай, сола дырэктара Стаўбцоўскай школы мастацтваў Дзмітрыя Слесарчыка, дуэт скрыпачоў Таццяны Кот і Наталлі Крывовай (канцэртмайстар Алена Блашко), народнага інструментальнага ансамбля «Кругліца» пад кіраўніцтвам Генадзя Несялоўскага, дзіцячага хору «Верасень» пад кіраўніцтвам Святланы Швечыкавай (канцэртмайстар Зоя Драбышэўская). Усе гэтыя выступленні стварылі цудоўны ражджэственскі вечар, падарылі гледачам сапраўднае мастацтва.
Пад вялікім уражаннем выходзілі на сцэну ўсе, хто падрыхтаваў для «Берагіні» віншавальнае слова: намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргей Шэсцель, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Суднік, рэдактар раённай газеты «Прамень» Нэлі Астрэйка, госць з Расійскай Федэрацыі — прафесар Маскоўскага інстытута ваенных дырыжораў, мастацкі кіраўнік губернатарскага аркестра Маскоўскай вобласці Алег Лебядзінскі, кіраўнік абласнога клуба самадзейных аўтараў «Жывіца» абласнога цэнтра народнай творчасці Ірына Карнавухава і іншыя спецыялісты абласнога цэнтра народнай творчасці, дырэктар раённага Цэнтра культуры Галіна Азановіч, дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Слесарчык і іншыя.
Сярод падарункаў хочацца выдзеліць тыя, што яшчэ больш упрыгожаць адметны ансамбль «Берагіня», – новыя сцэнічныя касцюмы ад райвыканкама і знакамітыя паўлапасадскія хусты ад Алега Лебядзінскага. У іх і былі выкананы ўдзельнікамі «Берагіні» нумары на «біс».
З прывітальным словам, удзячнасцю да ўсіх прысутных звярнулася мастацкі кіраўнік народнага вакальнага ансамбля «Берагіня», паэт і кампазітар Тамара Барэхава.
Прыемна было быць на гэтым канцэрце, адчуць, што такія самабытныя мастацкія калектывы з доўгім творчым жыццём – сапраўдная каштоўнасць Стаўбцоўшчыны. Спіс лаўрэацкіх дыпломаў, гастрольных паездках «Берагіні» ў розныя краіны свету быў агучаны ў нашай газеце ў матэрыяле пра калектыў у снежні мінулага года. Далучымся да віншаванняў калектыву, якія прагучалі ў цёплы вечар юбілейнай урачыстасці, з пажаданнямі далейшых творчых поспехаў ансамблю.
Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *