Сапсаванае ў электрычцы сядзенне – не бяскрыўднае свавольства

Ахова правапарадку Нумары Увага - дзецям

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўшчыне завяршыўся міжведамасны комплекс прафілактычных мерапрыемстваў «Бяспечныя канікулы», адной з асноўных задач якога была папулярызацыя сярод падлеткаў прававых ведаў.

На жаль, колькасць правапарушэнняў, учыненых непаўналетнімі, не змяншаецца.

Не кожны з-за сваіх узроставых асаблівасцяў здольны асэнсоўваць характар учыненых ім супрацьпраўных дзеянняў, якія вядуць да непапраўных наступстваў.

Пачнем з таго, да якога ўзросту падлетак лічыцца непаўналетнім. Непаўналетнім прызнаецца той, каму да часу ўчынення правапарушэння не споўнілася 18 гадоў. Прычым, паўналецце наступае не ў сам дзень нараджэння, а акурат з наступных сутак.  Адказнасць – неабходнасць, абавязак адказваць за свае дзеянні, учынкі, быць за іх у адказе. Адказнасць бывае крымінальнай, адміністрацыйнай, дысцыплінарнай. Крымінальная адказнасць наступае за злачынства, адміністрацыйная – за правапарушэнне. Якое паміж імі адрозненне? Нормы Крымінальнага кодэкса і Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях вельмі падобныя, галоўнае адрозненне правапарушэння ад злачынства – гэта ступень грамадскай небяспекі, якая пры ўчыненні злачынства нашмат вышэйшая, чым пры адміністрацыйным правапарушэнні.

Крымінальнае права падзяляе злачынствы на некалькі катэгорый: асабліва цяжкія, цяжкія, менш цяжкія і тыя, якія не нясуць вялікай грамадскай небяспекі. У залежнасці ад катэгорыі злачынства прызначаецца і пакаранне.

Хуліганства з’яўляецца адным з найбольш распаўсюджаных злачынстваў сярод падлеткаў і нярэдка садзейнічае ўчыненню больш цяжкіх злачынстваў. Крымінальная адказнасць за хуліганства (артыкул 339 КК), таксама як і адміністрацыйная адказнасць за дробнае хуліганства (артыкул 17.1 КоАП), наступае з 14 гадоў. Крымінальна караемае хуліганства ў залежнасці ад абставін учынення адносіцца да катэгорыі менш цяжкага або цяжкага злачынства. Да дробнага хуліганства адносяцца: нецэнзурная лаянка ў грамадскім месцы, абразлівае прыставанне да грамадзян і іншыя наўмысныя дзеянні, якія парушаюць грамадскі парадак, дзейнасць арганізацый або спакой іншых, выражаюць яўную непавагу да грамадства. Акрамя таго, да ўказаных дзеянняў можна аднесці і выкарыстанне піратэхнікі ў грамадскіх месцах (піратэхнічныя вырабы адносяцца да прадметаў павышанай небяспекі).

За ўчыненне дробнага хуліганства прадугледжана пакаранне ў выглядзе папярэджання або накладання штрафу ў памеры да 30 базавых велічынь (да ведама: на даны момант адна базавая велічыня складае 210 000 рублёў). Калі такое правапарушэнне ўчыніў падлетак ва ўзросце да 14 гадоў, то да адміністрацыйнай адказнасці могуць быць прыцягнуты яго бацькі (артыкул 9.4 КоАП «Невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей», які прадугледжвае папярэджанне або штраф да 10 базавых велічынь).

Хуліганствы бываюць наступных відаў: простае, злоснае і асабліва злоснае.

Простым хуліганствам (частка 1 артыкула 339 КК) лічацца наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, суправаджаюцца прымяненнем насілля або пагрозай яго прымянення, знішчэннем ці пашкоджаннем чужой маёмасці, адрозніваюцца па сваёй сутнасці выключным цынізмам. Грубае парушэнне грамадскага парадку можа выражацца ў нанясенні шкоды законным правам і інтарэсам чалавека (свабоды перасоўвання, асабістай недатыкальнасці і т. п.), зрыве масавага мерапрыемства, часовым спыненні функцыянавання ўстаноў, прадпрыемстваў, грамадскага транспарту і т. п. Яўная непавага да грамадства мае месца тады, калі чалавек дэманстратыўна ігнаруе дзеючыя ў грамадстве нормы паводзін і маралі, супрацьпастаўляе сябе грамадству і асобным грамадзянам. Заўважу, што хуліганствам лічыцца аналагічны ўчынак нават у малалюдным ці бязлюдным месцы. Грубае парушэнне грамадскага парадку і яўная непавага да грамадства могуць быць прызнаны злачынным хуліганствам, калі да некага прымяняецца насілле без пэўнай на тое прычыны. Хуліганства – гэта і дзеянні супраць чужой маёмасці, і праяўленне выключнага цынізму (здзек над цяжка хворым, малалетнім або састарэлым, які не можа сам сябе абараніць, над звычаямі і традыцыямі, і т. п.). За іх учыненне магчыма пакаранне ў выглядзе штрафу, арышту, абмежавання або пазбаўлення волі на тэрмін да трох гадоў.

Злосным хуліганствам (частка 2 артыкула 339 КК) прызнаецца любое з вышэйапісаных дзеянняў, учыненае паўторна або групай асоб, калі яно звязана з супраціўленнем асобе, якая спыняла хуліганскія дзеянні, з нанясеннем менш цяжкага цялеснага пашкоджання. Такія дзеянні караюцца арыштам, абмежаваннем або пазбаўленнем волі да шасці гадоў.

Асабліва злоснае хуліганства (частка 3 артыкула 339 КК) утвараюць хуліганскія дзеянні з прымяненнем зброі, іншых прадметаў для нанясення цялесных пашкоджанняў, выбуховых рэчываў і такіх жа прыстасаванняў або з пагрозай іх прымянення. За гэта прадугледжана абмежаванне волі або яе пазбаўленне да дзесяці гадоў.

Заўважана, што большая частка хуліганстваў, учыненых падлеткамі, звязана з прымяненнем гвалтоўных дзеянняў. Адна з асноўных прычын гэтага – ужыванне алкагольных напіткаў або адурманьваючых рэчываў. Адказнасць за іх распіванне і ўжыванне ў грамадскім месцы, або з’яўленне ў грамадскім месцы ці на рабоце ў стане ап’янення (артыкул 17.3 КоАП) прадугледжвае папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 15 базавых велічынь. Каля 40 працэнтаў выпадкаў хуліганстваў з боку падлеткаў пацягнулі пашкоджанне або знішчэнне маёмасці, што, безумоўна, кваліфікавана як злачынства. Разам з тым, ад абвінавачаных нярэдка прыходзіцца чуць наіўныя разважанні: маўляў, не ведаў, што парэзаць сядзенне ў электрычцы, разбіць акно ў чыімсьці доме, падрапаць транспартны сродак або пракалоць на ім колы і т. п. цягне крымінальную адказнасць.

У сувязі з усім сказаным падкрэслю галоўнае – любыя наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і выражаюць яўную непавагу да грамадства, кваліфікуюцца як крымінальна каральнае дзеянне (хуліганства). Адказнасць наступае нават тады, калі пры ўчыненні хуліганства ніхто, акрамя самога правапарушальніка, не прысутнічаў. Ён павінен усведамляць, што вынік яго дзеянняў усё роўна будзе відавочным.

Міхаіл АЗАНОВІЧ, начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *