Прызавая стабільнасць

Нумары Спорт

image_pdfimage_print

Зборная жаночая каманда па баскетболе нашага раёна – сярод мацнейшых у вобласці. Штогод нашы баскетбалісткі становяцца прызёрамі першынства Міншчыны. Такое прызавое пастаянства пацвердзіў і турнір, які напрыканцы мінулага года прайшоў у Барысаве. Стаўбчанкі мелі значную перавагу па ходзе ўсіх сустрэч у падгрупе. Прыкладна на 20 ачкоў больш яны набралі ў кожным матчы – з камандамі Вілейскага, Пухавіцкага і Мінскага раёнаў. А вось фінальны паядынак са зборнай Барысаўскага раёна быў упартым. Тут поспех спадарожнічаў гаспадыням пляцоўкі – 58:50. Такім чынам, занята другое прызавое месца.

Віншуем членаў каманды – Людмілу Мяшкову, Юлію Макарэвіч, Паліну Луніну, Настассю Шкут, Надзею Тарасенка. А таксама іх трэнера Валерыя Кузняцова.

ПАЕДУЦЬ У БРЭСТ І ГОМЕЛЬ

Юніёрскія зборныя па лёгкай атлетыцы Стаўбцоўскага раёна занялі агульнакамандныя прызавыя месцы на першынстве Мінскай вобласці. І такім чынам заваявалі права выступаць на рэспубліканскіх спаборніцтвах па праграме спартакіяды ДЮСШ і ДЮШАР, якія адбудуцца ў абласных цэнтрах. Нашы юныя лёгкаатлеты 1999-2000 гадоў нараджэння паедуць у Брэст, а іх малодшыя на год-два сябры – у Гомель.

Такі вось прыемны вынік дзейнасці трэнераў, асабліва Анатоля Турчановіча, і рупнасці, настойлівасці рабят. Усяго на рахунку нашых спартыўных зорачак 18 прызавых узнагарод, з іх 13 – у вучняў СШ № 3 г. Стоўбцы.

Двойчы на п’едэстал гонару выклікалі Аліну Навіцкую, якая стала пераможцай у бегу на 800 і 1500 метраў. Па дзве ўзнагароды ва Уладзіслава Лапко, Максіма Вераб’я і Яўгена Валадзько. Уладзіслаў паказаў лепшы вынік у скачках у даўжыню і трэці – у трайным скачку. Максім адначаны другім прызавым месцам у скачках у даўжыню і трэцім – у бегу на 60 метраў. Для Яўгена сталі «бронзавымі» бегавыя дыстанцыі на 400 і 800 метраў. Чатырохсотметроўка стала пераможнай для Ксеніі Гацура. Павел Гамза фінішаваў другім у бегу на 200 метраў.

Гэта вынікі выступленняў спартсменаў у старэйшай узроставай групе. А ў малодшай найбольшы здабытак у Андрэя Ліпніцкага і Дзяніса Дзям’янкі. Першае і другое месцы адпаведна яны ўзялі ў скачках у даўжыню і бегу на 60 метраў, бегу на 2000 метраў з перашкодамі і на 800 метраў. У Аляксандра Недзеня пераможны фініш у бегу на 200 метраў і трэці прыз – на 400 метраў. Карына Уліч стала другой у штрурханні ядра, Яўген Грышан – трэцім у бегу на 60 метраў.

Такія выдатныя адзнакі няхай натхняюць юных на далейшы спартыўны шлях.

 

Здатныя ў валейболе

У спартыўнай зале ФАКа «Меліяратар» аграгарадка Дзераўная адбылося першынство раёна па валейболе сярод школьнікаў у праграме спартакіяды навучэнскай моладзі, прысвечанай 80-годдзю прафсаюзнага спорту. У спаборніцтвах прынялі ўдзел шэсць камандаў юнакоў і чатыры каманды дзяўчат сярэдніх школ раёна.

На дзвюх валейбольных пляцоўках праходзілі спачатку папярэднія гульні, а затым – фінальныя. У дзяўчат спрэчку за галоўны прыз вялі пастаянныя сапернікі –  каманды Дзераўнянскай і Налібацкай школ. Перамогу святкавалі валейбалісты Дзераўнянскай СШ. На трэцім месцы каманда Рочавіцкай СШ, якая дабілася перамогі над спартыўным калектывам Шашкоўскай школы.

Гаспадары пляцоўкі сталі мацнейшымі і ў рашаючай сустрэчы камандаў Дзераўнянскай і Рочавіцкай СШ. Трэцяе месца ў валейбалістаў Любкаўшчынскай школы.

Усе каманды – пераможцы і прызёры –  узнагароджаны пераходнымі кубкамі і граматамі. За паспяховае правядзенне мерапрыемстваў і ў сувязі з 80-годдзем Беларускага фізкультурна-спартыўнага таварыства прафсаюзаў старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Галіна Шапецька ўручыла Дзераўнянскай спартыўнай  школе камплект спартыўнай формы і пажадала поспехаў і перамог.

Дарэчы, навучэнец Дзераўнянскай ДЮСШ Ілья Супрановіч унёс свой уклад як член зборнай Мінскай вобласці па валейболе ў перамогі каманды над калектывамі Віцебскай і Гомельскай абласцей. Гэта былі сустрэчы першага тура валейбольнай лігі ў праграме рэспубліканскай спартакіяды сярод юнакоў. Валейбалісты Міншчыны пакуль на чацвёртым месцы.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *