«Смірна» – ад франтавой гвардыі

Грамадства Людзі і лёсы Нумары Раённыя навіны Факты, падзеi, людзi

111
1414
– На спіну закідваеш катушку з провадам і так цягнеш сувязь, – успамінае свае 19 у далёкім 1943 разведчыца-сувязістка Тамара БУЛАХ.
За сваё доўгае жыццё жыхарка Стоўбцаў Тамара Булах прывыкла быць сціплай і непрыкметнай – маўляў, як усе, – хаця мае перад Радзімай асаблівыя заслугі. У паліклініцы або магазіне яна звычайна стаіць у чарзе, не прызнаецца, што мае права на першачарговае абслугоўванне. Ды і можна пералічыць па пальцах аднае рукі тыя Дні Перамогі, калі Тамара Ігнатаўна выходзіла ў свет як належыць ветэрану вайны – з франтавымі ўзнагародамі на святочным пінжаку. Зрэшты, падобная “маскіроўка” атрымлівалася ў былой франтавой разведчыцы-сувязісткі да 15 студзеня 2014 года, акурат да яе юбілейнага, 90-га, дня нараджэння…
З віншаваннямі да ветэрана вайны сабралася цэлая каманда. Вестка пра яе юбілей ад старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Іосіфа Язвінскага дайшла і да раённага ваеннага камісара, раённага выканаўчага камітэта, дзе жанчына, дарэчы, працавала сакратар-машыністкай на працягу сямнаццаці гадоў. У Тамары Ігнатаўны захаваліся вельмі добрыя ўспаміны пра трох кіраўнікоў раёна, поруч з якімі ёй давялося працаваць. Гэта І. М. Плахатнюк, У. П. Радзевіч, М. В. Пархімовіч. Разам з яе франтавымі ўзнагародамі – ордэнам Айчыннай вайны, медалём “За Перамогу над Германіяй” проста “ляжаць у каробачцы” і працоўныя адзнакі.
…Сустракае гасцей у сваім доме стройная, падцягнутая гаспадыня – бадай, і ў 90 фігура ў яе такая, як у 19, калі трапіла ў падмаскоўнае Крылацкае, у першую гвардзейскую зенітна-артылерыйскую дывізію. “Нічога, у арміі цягнула на сабе катушку з провадам – 13 кілаграмаў, – пераводзіць “стрэл” дасціпная Тамара Ігнатаўна і прапаноўвае: – У ваеннай форме магу вам сябе паказаць…” І яна бадзёрым крокам накіравалася ў свой пакой па запаветнае фота – памяць пра тыя два гады і сем месяцаў незабыўнай эпапеі “жанчына і вайна”.
На здымку амаль 70-гадовай даўнасці, які добра захаваўся, – прыгожая дзяўчына ў ваеннай форме з гвардзейскім значком. Прычоска-ўкладка, здаецца, ніяк не вяжацца з вайной. “А хто вас фатаграфаваў?” – цікаўлюся ў Тамары Ігнатаўны. “У Маскве ў атэлье. Нас вадзілі ў лазню, акурат пасля яе і забеглі “шчоўкнуцца”…” – голас у яе такі ж бадзёры, як і рухі, а ў вусны чамусьці заблукала ўсмешка. Відаць, узяўшы ў рукі дарагое фота, нахлынулі ўспаміны маладосці… Ад каментарыя да ваеннай фотакарткі не ўстрымаўся і раённы ваенны камісар Вячаслаў Воранаў: “Якія жанчыны малайцы! Нават у той час не забывалі пра будучыню”.
Але былі не толькі прычоскі-ўкладкі, а і горкія слёзы…
– Нарадзілася я ў Расіі, паміж Казанню і Свярдлоўскам, – расказвае Тамара Булах. – Закончыла сярэднюю школу і з аднакласніцамі паехала ў Іжэўск – паступаць у зубаўрачэбную школу. Хацела быць урачом. Але калі вайна падышла зусім блізка, нам, такім сціплым дамашнім дзяўчатам, стала страшна… Вярнуліся дамоў. Паступілі ў педвучылішча. Нас узялі адразу на трэці курс. Я ўжо атрымала заданне для праходжання ў школе практыкі, як з ваенкамата прыйшоў у вучылішча ліст. Трэба было з’явіцца ў шэсць вечара з рэчамі і запасам прадуктаў на суткі. Студзень 43-га… Так нас, цэлы эшалон мабілізаваных, прывезлі ў Маскву, у Крылацкае. Ноч пераначавалі ў казармах, а назаўтра прыехалі “купцы” з воінскіх часцей. Я і мая сяброўка трапілі ў першую гвардзейскую зенітна-артылерыйскую дывізію. Мяне пакінулі пры палку разведчыцай-сувязісткай. Вось тут я, маладое дзяўчо, і не вытрымала – у слёзы. Камандзір пытаецца: “Што такое?”. А я кажу яму: “Хачу дадому…”
– Як ні цяжка было, нязвычна, але прыстасавалася да свайго новага жыцця, – працягвае Тамара Ігнатаўна. – Разведчык у зенітнай артылерыі павінен валодаць усёй інфармацыяй аб самалётах. Тып, узбраенне, дальнасць палёту, колькі чалавек у экіпажы. У гэты перыяд палёты на Маскву ўжо ў асноўным спыніліся. Стральба фактычна закончылася, вялося назіранне. А мы “выкідвалі” сувязь, што азначала: закідваеш катушку з провадам на спіну і цягнеш яе да таго камандзіра, з якім трэба наладзіць сувязь.
Не перадаць вам, як чакалі мы канца вайны! Нам сказалі пра дэмабілізацыю. А тут раптам вайна з Японіяй і… яе адмяняюць. Праўда, хутка ўсё ўладзілася і нас сапраўды адправілі дамоў. Так закончылася мая армія, – заключае Тамара Булах.
Армія ў жыцці гэтай жанчыны даўно адышла ў мінулае. Але – і праз гады – яе армейская выпраўка “гаворыць”. Калі ў дзень юбілею да Тамары Ігнатаўны звярнуўся з віншаваннямі чалавек ваенны, а менавіта раённы ваенны камісар, яна на вачах расправіла плечы, яе падбародак узняўся і – я не памылілася – дала сабе каманду стаяць смірна.
Гэтая жанчына – адданая дачка сваёй Радзімы, клапатлівая маці і бабуля для сваёй сям’і. У Расіі яна знайшла свайго мужа, ураджэнца Новага Свержаня, таму прыехалі жыць у Беларусь, у Стоўбцы. Выгадавалі двух цудоўных сыноў. Адзін жыве побач з матуляй, другі – спецыяльна пераехаў з жонкай з горада Арла, каб даглядаць матулю ў старасці. З 2002 года Тамара Ігнатаўна ўдава. Нягледзячы на мноства памочнікаў, на месцы яна не сядзіць. Кожны свой дзень праводзіць у руху, у працы. І ў гэтым, перакананы дзеці Тамары Ігнатаўны – яе унутраная сіла і філасофія даўгалецця.
Пажаданне ўсіх чытачоў нашай газеты шаноўнаму ветэрану вайны – сустрэць стогадовы юбілей.
Таццяна ПЯТКЕВІЧ
НА ЗДЫМКУ (справа налева): з віншаваннямі да ветэрана вайны Тамары Булах – старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Іосіф Язвінскі, кіраўнік спраў райвыканкама Ала Янкоўская, раённы ваенны камісар Вячаслаў Воранаў, намеснік старшыні раённай ветэранскай арганізацыі Аляксей Палянскі.
Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *