А снег ідзе. Дарожнікі працуюць круглыя суткі

Добраўпарадкаванне Навіна дня Нумары

image_pdfimage_print

Паводле даных цэнтра аператыўнага кіравання, раніцай 15 студзеня на дарогах раёна працавалі 16 адзінак снегаўборачнай тэхнікі: тры пескасолераскідвальнікі ДЭУ № 62, тры трактары са шчоткамі, чатыры пескасолераскідвальнікі, снегапагрузчык і аўтагрэйдар ДРБУ № 135, а таксама тэхніка аб’яднання камунальных службаў – трактар, снегапагрузчык, пескасолераскідвальнік і аўтагрэйдар.

Адна з надзённых задач, пастаўленых перад арганізацыямі і прадпрыемствамі раёна, — ачыстка дахаў сваіх аб’ектаў ад снегу і ледзяшоў.

— З чатырох гадзін раніцы 12 студзеня, калі пачаліся снегапады, нашы работнікі працуюць круглыя суткі, — зазначае дырэктар ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі. – У цэлым на ачысту дарог выведзена 16 адзінак спецтэхнікі. Паўтара дзясятка чалавек уручную займаюцца ачысткай прыпыначных павільёнаў, мастоў і бар’ерных агароджанняў. Разам з уборкай снегу вядзецца і пасыпка дарог супрацьгалалёднымі матэрыяламі.

Дарожнікі працуюць у надзвычайных умовах, па 11 гадзін у суткі. І калі ў людзей пераважае настрой на ліквідацыю наступстваў зімовай стыхіі, то тэхніка вытрымлівае не заўсёды. “На даны момант дзве адзінкі тэхнікі знаходзяцца ў рамонце – стараемся аператыўна набываць неабходныя запасныя часткі, каб не дапусціць збояў у рабоце”, — падкрэслівае Вадзім Савіцкі. У сувязі з вялікімі аб’ёмамі работ значна ўзрос і расход  паліва. Да прыкладу, у ноч з 12 на 13 студзеня, у пік снегападаў, ДРБУ № 135 было зрасходавана 3,5 тысячы літраў дызельнага паліва. На 14 студзеня гэты паказчык складаў 1,3 тысячы літраў.         

У бліжэйшыя дні прагназуецца аднаўленне снегападаў і далейшае пагаршэнне метэаралагічных умоў. Просьба да ўсіх грамадзян праявіць свядомасць і таксама выйсці на ачыстку ад снегу дваровых і прылеглых тэрыторый. Неабходна вызваліць гэтыя тэрыторыі ад транспартных сродкаў, каб забяспечыць доступ для работы спецтэхнікі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *