Навагоднімі маршрутамі

Культура Нумары Стаўбцоўшчына - родны край Таленты Стаўбцоўшчыны

У святочныя дні сярод кліентаў Стаўбцоўскага бюро падарожжаў і экскурсій – дзеці і дарослыя, якія захацелі завяршыць год навагоднімі прадстаўленнем ці экскурсіяй. Які выбар ёсць у іх, і што найбольш карыстаецца попытам? Пра гэта мы запыталі ў дырэктара бюро Леаніды Высоцкай.

– Паездкі дзяцей і дарослых па навагодніх маршрутах фактычна пачаліся з 19-га снежня і, чым бліжэй да новага года, тым яны больш набіралі актыўнасць, – гаворыць Леаніда Высоцкая. – Выязджалі на галоўную ёлку краіны  ў Палац Рэспублікі. Прадстаўленне вакол яе, з персанажамі казак і любімымі героямі, напэўна, самае папулярнае ў стаўбчан. Запрашалі яшчэ шмат святочных дзействаў у Маладзёжным тэатры эстрады, Тэатры юнага гледача на абноўленай сцэне, дзяржаўным цырку, канцэртнай зале «Мінск». Гэта галоўныя сцэнічныя пляцоўкі нашай краіны.

– Традыцыя завяршаць год цікавай паездкай, напэўна, такая ж непарушная для многіх, як віншаваць блізкіх са святам.

– Гэта сапраўды так, і сваіх даўніх пастаянных кліентаў хацелася б назваць. Сярод іх – школа № 3, гімназія № 1, Любкаўшчынскі ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа. Яшчэ два ВПК дзіцячы сад – сярэдняя школа  – Засульскі і Рочавіцкі – аб’ядналіся ў паездках, каб іх вучні таксама сталі ўдзельнікамі навагодняга прадстаўлення ад прафесійных артыстаў і акцёраў. Цесна супрацоўнічае наша бюро і са школамі суседняга Нясвіжскага раёна.

Не забыты члены прафсаюзных арганізацый. Наш пастаянны кліент – прафкам цэнтра банкаўскіх паслуг № 624 ААТ «Ашчадны банк Беларусбанк», які сёлета заказаў для сваіх членаў прафсаюза і іх дзетак прадстаўленне ў Палацы Рэспублікі. А таксама прафкам ТАА СЖК «Налібакі», які прапанаваў сваім работнікам крыху іншую святочную праграму, а менавіта паездку ў святочны Мінск з наведваннем музея Вялікай Айчыннай вайны, а затым – навагодні агеньчык на турбазе «Высокі бераг». У цэлым, варыянтаў шмат.

– Леаніда Генадзьеўна, скажыце, а які-небудзь яшчэ загарадны адпачынак, акрамя турбазы «Высокі бераг», вы можаце прапанаваць?

 – Калі ласка, гэта можа быць прадстаўленне на турбазе «Лясное возера» ў Баранавіцкім раёне, якое, дарэчы, выбрала Навасвержанская школа. Гэтае прадстаўленне нечым падобна на казку, бо сама турбаза, як і наш «Высокі бераг», знаходзіцца сярод лесу, ёсць шмат магчымасцяў для неверагодных імправізацый. Святочныя прадстаўленні на гэтай турбазе ладзяцца на працягу апошніх дзесяці гадоў, прычым з году ў год, і мы туды, на шчасце, таксама трапляем. Працуем і над тым, каб і на нашай турбазе «Высокі бераг» ладзіць нешта падобнае. Неабходна вялікая зала для прыёму турысцкіх груп, а для гэта патрэбна пэўная рэканструкцыя. Пытанне гэтае абмяркоўваецца з кіраўніцтвам гасцінічнага комплексу «Арбіта», у падпарадкаванні якога знаходзіцца і турбаза, і наша турбюро.

– Пытанні адносна сэрвісу турыстаў, у прыватнасці, па навагодніх маршрутах, узнікаюць?

– Пытанняў па якасці абслугоўвання турыстаў не ўзнікае. Традыцыйна мы працуем з аўтапаркам № 17, вадзіцелі якога – прафесіяналы, яны працуюць на турысцкіх маршрутах далёка не першы год.

– Вы змаглі задаволіць усе навагоднія заяўкі?

– У прынцыпе, так. За снежань абслужылі каля 700 турыстаў. «Адбой» у заяўках назіраўся толькі адносна цырку, дзе білеты менавіта на навагоднія прадстаўленні былі накіраваны пераважна сацыяльнаму гледачу – дзецям-сіротам, дзецям з абмежаванымі магчымасцямі і т. п. І, разам з тым, нам былі выдзелены білеты на тры групы, для 120 школьнікаў малодшых класаў. Скажу, што заявак было ў два разы больш. Затое, на здзіўленне, сёлета абышлося без ажыятажу вакол навагодняга прадстаўлення ў Палацы Рэспубліцы. Тут задаволены ўсе заяўкі.  

– Святочныя паездкі ўдаліся?       

– Лічу, што так. Ва ўсе навагоднія маршруты без выключэння мы ўключалі Мінск святочны. Значыць, экскурсанты мелі магчымасць выйсці на Кастрычніцкай плошчы, паглядзець на агні нашай сталіцы, зрабіць фота на памяць побач з галоўнай ёлкай краіны, каб было што ўспомніць вярнуўшыся дамоў.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *