Меры прафілактыкі зімовага траўматызму

Нумары

Зіма рашуча ўступіла ў свае правы. І паказвае характар: снегапады, мяцеліца, галалёдзіца, узмацненне маразоў. Менавіта такія з’явы могуць садзейнічаць атрыманню траўмаў: удараў, пераломаў, абмаражэнняў.

Пад покрывам снегу лёд часам нельга заўважыць. А спяшаючыся, чалавек не бачыць нават адкрытага лёду. Прычынай падзення могуць стаць цеснае ці, наадварот, вельмі свабоднае адзенне, размовы па мабільным тэлефоне, сумкі, пакеты, што парушаюць каардынацыю руху.

Траўмы часцей здараюцца ў дзяцей. І гэта зразумела. Дзеці любяць катацца на санках, каньках і лыжах, ім хочацца праехаць з разбегу па слізкай дарожцы ці з горкі. Акрамя таго, з-за свайго ўзросту, дзеці цікаўныя, стараюцца актыўна пазнаваць навакольны свет. Але яны не заўсёды могуць ацаніць небяспечнасць сітуацыі.

Каб не атрымаць траўму, неабходна захоўваць простыя меры прафілактыкі. Напрыклад, выбіраць абутак з рабрыстай падэшвай, без каблукоў, з цёплай вусцілкай, з натуральных матэрыялаў і па памеры, а апранацца ў цёплае сухое адзенне, надзяваць нацельную бялізну. Трэба ахоўваць адкрытыя ўчасткі цела – гэта значыць надзяваць пальчаткі ці рукавіцы, вушы і шыю закрываць шапкаю, шалікам, паднятым каўняром верхняга адзення, скуру твару змазваць спецыяльным крэмам за 30 хвілін да выхаду на вуліцу. Перад прагулкай неабходна паесці, каб атрымаць дадатковую энергію для сагравання арганізма. Хадзіць трэба па ачышчаных ад снегу і пасыпаных пяском дарожках, пры хадзьбе пастаянна глядзець пад ногі, не спяшацца, не штурхацца. Дзецям нельга бегаць, гуляць на слізкай дарозе, падстаўляць падножкі адзін аднаму. Пры магчымасці неабходна пазбягаць прыступак, а калі гэта немагчыма, то нагу пры спуску ставіць уздоўж прыступкі, паколькі ў выпадку страты раўнавагі такая пазіцыя можа змякчыць падзенне. Лепш пазбягаць нашэння сумак на доўгіх ручках, якія, звісаючы з пляча, перамяшчаюць цэнтр цяжару і цягнуць уніз. У выпадку падзення рукі трэба прыціснуць да грудзей, ногі сагнуць у каленях, галаву ўцягнуць у плечы.

Неабходна выконваць заўсёдныя правілы дарожнага руху: пераходзіць вуліцу толькі ва ўстаноўленым месцы, пазначаць сябе флікерам. Неабходна нагадаць дзіцяці аб небяспецы гульні і катання на горках, размешчаных побач з дарогай, вадаёмам. А таксама тлумачыць дзецям, што пры моцным марозе нельга здымаць рукавіцы, прыціскаць рукі ці язык да металічных прадметаў, бо можна «прыліпнуць».

Акрамя выканання правілаў прафілактыкі патрэбна ўмацоўваць косці. Падтрымліваць касцявую масу арганізму дапамагае дастатковае сжыванне прадуктаў з утрыманнем кальцыю і вітаміна D. Разумная фізічная нагрузка, прагулкі, правільнае харчаванне таксама садзейнічаюць умацаванню касцей і прадухіленню пераломаў. Улічыце, што шкодныя звычкі, такія як празмернае ўжыванне алкаголю і курэнне, садзейнічаюць страце касцявой масы, што можа прывесці да сур’ёзных наступстваў нават пры лёгкай траўме.

Калі падзення ці абмаражэння ўсё ж не ўдалося пазбегнуць, то абавязкова звяртайцеся па дапамогу да ўрача. Пашкоджанні могуць быць больш сур’ёзнымі, чым здаецца на першы погляд.

Калі з’явіліся прыкметы абмаражэння (аняменне канечнасці, паколванне і г. д.), спатрэбіцца аказанне першай дапамогі. У максімальна кароткі тэрмін неабходна сагрэць пацярпелага: даць яму гарачую ежу і піццё, адзець цёплыя, лепш шарсцяныя шкарпэткі, накрыць коўдрай.

Недаацэньваць холад вельмі рызыкоўна. Нізкія тэмпературы, моцны вецер, высокая вільготнасць – усё гэта патрабуе абачлівасці і ўвагі.

Ала ШЫДЛОЎСКАЯ, валеолаг

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *