Апавяшчальнік. Служба 102, 112

Нумары Раённыя навіны

image_pdfimage_print

НА ДЗЯЖУРСТВЕ – ЗМЕНА НУМАР ДВА

Дзяжурная змена нумар два – так афіцыйна называецца невялікі калектыў пажарных, якіх вы бачыце на здымках. Ва ўжытку прымяняецца і яго ранейшая, больш прывычная, назва – пажарны каравул. У раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях нясуць кругласутачную службу тры дзяжурныя змены. Яны змяняюць адна адну, але ў кожнай – свой імідж, характар.

За гэтай, сярэдняй, зменай, якую ўзначальвае лейтэнант Вадзім Грахольскі, замацавалася характарыстыка аптымістаў, веселуноў. Менавіта ім выпала дзяжурыць у сёлетнюю навагоднюю ноч, якая выдалася далёка не самай «вясёлай». Амаль з боем курантаў выратавальнікам  прыйшлося імчаць у Апечкі, дзе давялося ўвайсці ў ахоплены полымем дом. На жаль, ратаваць двух яго жыльцоў было ўжо позна…

Вопытны камандзір аддзялення Максім Шакаль заўважае, што на яго службовую дзейнасць прыпадала нямала дзяжурстваў акурат на Новы год, на іншыя святы. Для выратавальнікаў гэты час, як у прынцыпе і выхадныя дні, – самы напружаны, бо прыходзіцца ратаваць людзей ад небяспекі, гібелі.

Адзін з такіх выпадкаў прыгадаў Вадзім Грахольскі. Гарэла адкрытым полымем кватэра ў Наваколасаве, у якой знаходзіўся гаспадар. Мужчына, як аказалася, атрымаў зарплату і адзначыў гэтую падзею. Пажарныя зламалі дзверы і вынеслі яго з вогненнай пасткі. Тут жа падаспела хуткая дапамога. «У нас наладжана цеснае ўзаемадзеянне з медыцынскай і іншымі службамі – газавай, электрычнай і т. п.», – падкрэсліў начальнік дзяжурнай змены Вадзім Грахольскі, які пачынаў службу звычайным пажарным, завочна вучыўся ў Камандна-інжынерным інстытуце, а ў мінулым годзе атрымаў дыплом. За выратаванне чалавечага жыцця (пацярпелы, дарэчы, абышоўся нязначнымі апёкамі) яму быў уручаны знак – «Выдатнік МНС». Уручыў узнагароду міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. Ды, фактычна, увесь састаў змены быў запрошаны ў абласное ўпраўленне МНС, дзе ва ўрачыстай абстаноўцы атрымаў ад кіраўніцтва грашовую прэмію. 

Своеасаблівым узнагароджаннем для выратавальнікаў з’яўляецца і тое, што ім давяраюць працаваць на новай сучаснай тэхніцы. Так, на ўзбраенне паступіў аўтамабільны каленчаты пад’ёмнік, які быў давераны старшаму інструктару вадзіцеляў Юрыю Трошыну. Пачынаў Юрый восем гадоў таму з баявых машын, аўтацыстэрны. На шчасце, пад’ёмнік больш задзейнічаны не ў баявой абстаноўцы, а на шматлікіх вучэннях і трэніровачных занятках. Калі выратавальнікі арганізоўваюць на стадыёне прафілактычныя акцыі для дзетвары, гэтая тэхніка ператвараецца ў своеасаблівы атракцыён. Сям’я Юрыя Трошына таксама не так даўно папоўнілася другім дзіцем, у сувязі з чым яму, як бацьку, выдзелена ад райаддзела матэрыяльная дапамога.

Асабліва хочацца заўважыць і тое, што Юрый Трошын, як і вадзіцель Аляксандр Капейчанка, старшы пажарны Юрый Янушэвіч, камандзір аддзялення Алег Атрушкевіч, выбраў прафесію выратавальніка свядома, прайшоўшы тэрміновую ваенную службу. Калегі падказваюць, што Юрый Янушэвіч – з сям’і пажарнага, у 2006 годзе змяніў бацьку Уладзіміра Мікалаевіча, які выйшаў на заслужаны адпачынак. Жаданне быць выратавальнікам прывяло ў свой час у калектыў Кірыла Малевіча (у яго маладой сям’і нарадзілася дачушка Варвара, і – акурат у Дзень маці) і адзіную жанчыну ў дзяжурнай змене – дыспетчара цэнтра аператыўнага ўпраўлення Юлію Дзягель. У мінулым годзе ўліўся ў састаў дзяжурнай змены самы малады супрацоўнік – вадзіцель Яўген Нягоцька. Яўген прайшоў стажыроўку ў Юрыя Трошына на новай тэхніцы. Яму прыемна адчуваць, што служыць у самай маладой у райаддзеле змене, сярэдні ўзрост яго саслужыўцаў не перасягае 30 гадоў.      

Усе ў дзяжурнай змене нумар два любяць спорт, прычым зімою на месцы сваёй валейбольнай пляцоўкі заліваюць каток і выходзяць гуляць у хакей. Іхняя дружная сям’я (так яны сябе называюць), дзе гатовы аказаць адзін аднаму дапамогу, прыйсці на выручку, можа пахваліцца многімі добрымі традыцыямі. І сярод іх – сумесныя паездкі на хакей на «Мінск-Арэну», выезды на рыбалку, на адпачынак на прыроду. Многае яны ўмеюць рабіць сваімі рукамі, што, між іншым, заўважана як на службе, так і іхнімі дамашнімі. У выратавальнікаў вучэбныя заняткі, спартыўныя трэніроўкі і гаспадарчыя клопаты распісаны па раскладзе. За некалькі мінут яны гатовы выехаць па трывожным сігнале.                  

Віншуем усіх супрацоўнікаў райаддзела па надзвычайных сітуацыях, ветэранаў пажарнай службы з прафесійным святам – Днём выратавальніка. Здароўя вам і вашым сем’ям, сямейнага шчасця, поспехаў у службе. Няхай найменш будзе ў ёй надзвычайных здарэнняў! 

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

 

ВЫНІКІ 2015 ГОДА

Летась на тэрыторыі раёна не дапушчана надзвычайных сітуацый, а  прафілактычная работа, якая праводзіцца з году ў год, дазваляе зніжаць колькасць пажараў і загінуўшых на іх (у 2014 годзе загінулі восем чалавек, у 2015 – чатыры).   

Для прафілактычнай работы сярод насельніцтва выкарыстоўваюцца разнастайныя формы: падворныя абходы, сельскія сходы, выступленні ў працоўных калектывах, школах і дзіцячых садах з элементамі навучання дзяцей бяспечнай жыццядзейнасці і паводзінам у быце, раздачай лістовак і памятак, маштабныя акцыі-святы з паказальнымі выступленнямі выратавальнікаў-пажарных на стадыёне і ў іншых месцах масавага знаходжання людзей. Задзейнічаны і сродкі знешняй рэкламы: у горадзе ўстаноўлены тэматычныя білборды, а правілы пажарнай бяспекі адлюстраваны на маршрутных і ведамасных аўтобусах.

Згодна з бягучым планам, ажыццяўляецца абнаўленне парку тэхнікі сучаснымі пажарна-тэхнічнымі сродкамі. Атрыманы новы легкавы аўтамабіль для вырашэння аператыўных задач і аўтамабіль МАЗ, аснашчаны ўсім неабходным для тушэння і аказання дапамогі ў выпадку надзвычайнай сітуацыі. Высокая гатоўнасць выратавальнікаў да выканання любой пастаўленай задачы была пацверджана падчас вучэнняў у Мікалаеўшчынскім доме-інтэрнаце, на філіяле ААТ «ККХ «Мінскі маторны завод» у г. Стоўбцы, нафтабазе і іншых аб’ектах, якія ўяўляюць павышаную небяспеку.

Асабовы састаў райаддзела пастаянна амалоджваецца – за апошнія пяць гадоў прыйшоў служыць кожны трэці супрацоўнік ва ўзросце ад 20 да 25 гадоў. У мінулым годзе была створана ветэранская арганізацыя (узначаліў яе Васіль Карповіч), якая аказвае дапамогу ў правядзенні прафілактычнай работы, бярэ ўдзел у грамадскім жыцці райаддзела па надзвычайных сітуацыях. 

 

Не разгубіліся ні студэнт, ні пенсіянер

З пачатку студзеня зафіксавана ўжо два факты, калі, дзякуючы смеласці грамадзян, удалося лакалізаваць ачаг пажару на пачатковай стадыі, да прыбыцця пажарных падраздзяленняў, і – самае важнае – папярэдзіць гібель людзей.

Святкаванне другога дня новага года ў адной з кватэр па вуліцы Трактарнай у Новым Свержані неўзабаве абярнулася задымленнем у пад’ездзе – мужчына нападпітку паставіў грэць на пліту ежу, а сам заснуў. Балазе, кватэра яго знаходзіцца на першым паверсе, таму моцнае задымленне, якое ўзнікла на кухні, убачыў праз акно Канстанцін Самахвал, жыхар суседняга шматкватэрнага дома. Хлопец не разгубіўся –  выбіў дзверы ў кватэру, дзе адразу выключыў газ і разбудзіў гаспадара, затым расчыніў вокны, каб праветрыць памяшканне.

Як зазначае інспектар раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Таццяна Тарасевіч, уратаваны грамадзянін ужо не першы раз стварае для суседзяў падобныя надзвычайныя сітуацыі. Ён прыцягнуты за парушэнне правіл пажарнай бяспекі да адміністрацыйнай адказнасці – аштрафаваны на 2 100 000 рублёў. У адносінах жа да Канстанціна Самахвала, смелым учынкам якога можна толькі захапляцца, накіравана інфармацыя ў Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж, дзе малады чалавек займаецца на чацвёртым курсе. Няхай кіраўніцтва каледжа і яго навучэнцы ведаюць, які хлопец вучыцца разам з імі, бяруць з Канстанціна прыклад. А кіраўніцтва райвыканкама адзначыла Канстанціна Самахвала падзякай з матэрыяльным узнагароджаннем.  

Прыкладам у грамадстве можа служыць і пенсіянер з вёскі Астравы Сяргей Дамашэвіч, які 4 студзеня не пабаяўся кінуцца ў моцна задымлены суседскі дом і вынес адтуль гаспадара, затым выклікаў пажарных і хуткую дапамогу. Дзякуючы яго дзеянням таксама ўдалося зберагчы чалавечае жыццё.

З гэтых фактаў відавочна, што значны ўклад у правядзенне пажарна-прафілактычнай работы ў жылым сектары раёна па стабілізацыі аператыўнай абстаноўкі з пажарамі ўносяць жыхары раёна. Іх дзеянні можна ацэньваць як катэгорыямі маральнымі, так і прафесійнымі, якія сведчаць пра граматнае і дакладнае веданне правіл бяспечнай жыццядзейнасці, уменне прымяняць іх на практыцы. 

Пр



Tagged

1 комментарий по теме “Апавяшчальнік. Служба 102, 112

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *