З рэдакцыйнай пошты

На сувязі - рэдакцыя Нумары

З ЛЮБОЎЮ ДА КАЛЕГ

Пакуль чалавека помняць – ён жывы. Кожная творчая асоба, як жывая,  прысутнічала ў зале на вечары памяці, які быў падрыхтаваны ў раённым Цэнтры культуры. Прысутныя ў зале пранікліся пачуццём павагі да тых людзей, хто працаваў у сферы культуры, сваім адметным жыццём на зямлі асвяціў шлях іншых, і хто цяпер у вечнасці. Ужо прайшло больш за месяц пасля вечара памяці, а мы знаходзімся пад уздзеяннем гэтай падзеі, нас сагравае настрой, які мы атрымалі.

Вялікую ўдзячнасць хочам выказаць Галіне Ляйко – аўтару зборніка творчых партрэтаў «Жыццё без межаў». Асобныя старонкі ў кнізе прысвечаны Грэкаву Анатолю Васільевічу, які больш за 20 гадоў аддаў служэнню беларускай культуры на пасадзе начальніка аддзела культуры Стаўбцоўскага райвыканкама, і Івану Сцяпанавічу Янкоўскаму, маэстра духавой музыкі раёна, заслужанаму работніку культуры Рэспублікі Беларусь.

Вялікую работу па зборы матэрыялаў пра сваіх калег правялі дырэктары і творчыя работнікі сельскіх клубаў, бібліятэк, школ мастацтваў, прадаставіўшы рэжысёру вечара-рэквіума фотаздымкі, архіўныя матэрыялы, іншыя важныя дакументы. Нізкі паклон заслужанаму работніку культуры Беларусі, выдатнаму рэжысёру Марыі Канстанцінаўне Грэсь за змястоўны, душэўны сцэнарый, у якім годна расказана і пра яе мужа Дзмітрыя Канстанцінавіча Грэся, былога загадчыка аддзела культуры. Прысутныя ўбачылі на экране і такіх вядомых дзеячаў культуры раёна як Дзіну Уладзіміраўну Кухараву, заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь, якая многія гады адпрацавала дырэктарам раённага Дома культуры, Веру Сопневу, былога нязменнага кіраўніка народнага хору ветэранаў вайны і працы. Цудоўныя відэаролікі, мультымедыйнае суправаджэнне праграмы ажыццявіла бібліятэкар Старасвержанскага Цэнтра культуры Алена Гарановіч.

Дырэктару раённага Цэнтра культуры Але Сушч, усім, хто працаваў над гэтым сцэнарыем, хто не адзін раз прапусціў яго праз сваё сэрца, хто яго ўвасабляў на сцэне, у гэтыя светлыя дні Ражджаства Хрыстовага хочам выказаць шчырую ўдзячнасць. У поўнай меры была праяўлена ўсімі намі любоў да сваіх калег – вялікая хрысціянская дабрадзейнасць. Нізкі паклон за ўвагу, добрыя словы пра блізкіх нам людзей. Жадаем сённяшнім работнікам культуры моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, шчасця, дабрабыту, вялікай павагі да людзей.

Галіна ГРЭКАВА, Ганна ЯНКОЎСКАЯ, г. Стоўбцы

 

ХУТКА Ў ШКОЛУ

Паступленне ў школу – важны момант у жыцці кожнага дзіцяці і яго бацькоў. Чым лепш дзіця будзе падрыхтавана да школы псіхалагічна, эмацыянальна і інтэлектуальна, тым больш упэўнена яно будзе сябе адчуваць, тым лягчэй у яго пройдзе адаптацыйны перыяд.

 У СШ № 3 г. Стоўбцы дзеці маюць магчымасць атрымаць добрую падрыхтоўку да пачатковай школы. Кожную суботу праводзяцца заняткі «Хутка ў школу», якія вядуць кваліфікаваныя педагогі – Т. С. Палуева, Ж. М. Якжык, М. В. Ермаковіч, М. А. Фянько. Яны накіраваныя на развіццё пазнавальнай актыўнасці, інтэлекту, эмацыянальна-валявой і камунікатыўнай сфер дзейнасці. Заняткі па падрыхтоўцы ўключаюць у сябе навучанне самаму неабходнаму, што спатрэбіцца дзіцяці пры паступленні ў школу. Менавіта таму заняткі насычаны заданнямі, якія накіраваны на развіццё ўсіх уласцівасцяў увагі, усіх тыпаў памяці, актыўна ідзе фарміраванне неабходных разумовых дзеянняў. Дашкольнікі атрымліваюць веды, вучацца школьнай дысцыпліне. У канцы заняткаў, у маі, некаторыя з дзяцей, хто асабліва пастараецца, будуць умець пісаць і чытаць.

Ксенія АТРУШКЕВІЧ, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы

 

ЖАМЧУЖЫНА БЕЛАРУСІ

Радасна падарожнічаць са сваёй сям’ёй. І вось мы едзем у Мір.

Замкавы комплекс «Мір»  уваходзіць у спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Аб гэтым можна даведацца са сродкаў масавай інфармацыі, з турыстычных даведнікаў і рэкламных буклетаў. Можна паглядзець разнастайныя фотаздымкі ў інтэрнэце. Але толькі рэальна ступіўшы на гэтую старажытную зямлю, удыхнуўшы паветра яе сівой даўніны, ты адчуваеш сябе маленькай, але яскравай часцінкай слаўнай гісторыі роднага краю. На імгненне мне здалося, што гэта я сам нябачна і нягучна поплеч з прапрадзедамі будую гэтую веліч, узводжу яе каменныя гмахі. Гэта я сам, на кані і ў латах, разам з продкамі абараняю наш агульны дом – Беларусь – ад ворага. Дарэчы, у музейнай зале мы бачылі шмат рознай старажытнай зброі, рыцарскіх прыстасаванняў. Шмат чаго цікавага можна было ўбачыць там: і адмысловую мэблю, і старажытныя строі, і прыгожы дарагі посуд. Запомніліся даўнія печы, аздобленыя блакітна-сіняй узорнай кафляй. Я зрабіў на памяць аб гэтым падарожжы шмат фота. 

Дзмітрый СУДНІК, член аб’яднання па інтарэсах «Юны журналіст» СШ № 3 г. Стоўбцы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *