Калядныя сустрэчы

Духоўная і гістарычная спадчына Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

image_pdfimage_print

ЯЕ ВЯЛІКАСЦЬ ГАРБАТА

«Мы за чаем не скучаем» –  так называлася вечарына, якую ладзілі ва ўтульнай гасцёўні супрацоўнікі дзіцячай бібліятэкі ў дзень Свяціцеля Мікалая Цудатворца.

Адразу каля дзвярэй гасцей віталі ўдзельнікі бібліятэчнага тэатрыка «Чараўнікі» – частавалі сухарыкамі і баранкамі і запрашалі падняцца на другі паверх.

Мерапрыемства было прысвечана таксама і святкаванню Міжнароднага дня гарбаты. Маленькія «Чараўнікі» падрыхтавалі прыгожыя вершы аб гэтым цудоўным напоі. Гарбата дазваляе збірацца разам з тымі, хто вельмі дарагі і блізкі. Верагодна таму яна стала такой папулярнай у свеце.

Супрацоўнікі бібліятэкі падрыхтавалі сапраўднае віртуальнае падарожжа вакол свету, у якім госці пазнаёміліся з традыцыямі спажыванна гарбаты ў розных краінах. А ці ведаеце вы, што, напрыклад, у Індыі гарбату прапануюць амаль на кожным кроку замест вады. У гарачым клімаце гэта гарантыя таго, што вы не захварэеце на кішэчную хваробу. П’юць яе з маленькіх гліняных кубачкаў, якія пасля трэба разбіць. Робіцца гэта дзеля таго, каб імі не змаглі карыстацца людзі з ніжэйшых кастаў.

А вось тыбетцаў гэтыя забабоны не турбуюць. Тут з асалодай п’юць зялёную гарбату, прыправіўшы яе соллю і казіным малаком.

Але самым дзіўным чынам спажываюць гарбату ў Манголіі. Чайны ліст расціраюць у дробны парашок, дабаўляюць у халодную ваду, даводзяць да кіпення і пасля гэтага дабаўляюць сметанковае масла, малако, муку і таксама рыс. Вельмі падобны спосаб спажывання і ў Калмыкіі. Заварваюць гарбату як звычайна, а ў самым канцы ў напой дадаюць соль, тоўчаны са сметанковым маслам мускатны арэх, малако і перамешваюць лыжкаю менавіта злева направа. У Еўропе найбольш вядома англійская традыцыя чаявання. Такія вось традыцыі  спажывання гарбаты ў розных краінах.

 Усе з нецярплівасцю чакалі выступлення галоўнай госці. Дзеля таго каб расказаць нашым землякам аб японскай традыцыі спажывання гарбаты, пазнаёміць з асаблівасцямі цырыманіялу, супрацоўнікі бібліятэкі запрасілі  кіраўніка інфармацыйнага цэнтра японскай культуры ў Беларусі спадарыню Масака Тасумі. 

Яна ўжо амаль дваццаць гадоў жыве у Мінску. Стварыўшы інфармацыйны цэнтр, Масака Тасумі паставіла перад сабой задачу знаёміць нашых суайчыннікаў з культурай і традыцыямі далёкай краіны ўзыходзячага сонца. З тонкім гумарам  Масака расказала аб гісторыі ўзнікнення  традыцыі спажывання гарбаты ў Японіі. Менавіта японцы здолелі пераўтварыць простае чаяванне ў адзін з элементаў нацыянальнай культуры. Цырымонія патрабуе поўнага засяроджвання і адхілення ад будзённых турбот не толькі ад майстра, але і ад прысутных гасцей.

 На слайдах яна прадэманстравала  традыцыйны «чайны домік», посуд, які выкарыстоўваецца пры прыёме гасцей, пачастункі, якія прапануюцца прысутным. Гарбата  п’ецца трыма з паловаю маленькімі глыткамі, пасля госці любуюцца прыгожым посудам, выказваюць гаспадару ўдзячнасць за прыемнае чаяванне і гасціннасць. Кожны крок, кожны рух удзельнікаў распісаны інструкцыяй школы чаявання.

Прысутныя задавалі шмат пытанняў, цікавіліся побытам і традыцыямі японскай культуры. На памяць аб сустрэчы спадарыня Масака Тасумі падарыла бібліятэцы літаратуру аб Японіі, шаўковае пано і вялікі пакет японскай гарбаты.

На стале ўтульна булькатаў самавар, госці  частаваліся рознымі відамі гарбаты: чорнай, зялёнай, чырвонай, гранатавай, рамонкавай, травяной і іншымі. Усе госці паводле японскай традыцыі выказвалі падзяку гаспадарам за ўтульны і цёплы вечар з надзеяй на новыя цікавыя сустрэчы.

Алена АСАЁНАК, бібліятэкар чытальнай залы дзіцячай бібліятэкі 

 

АДНАЎЛЯЕМ БАБУЛІН АБРАД

Калядная пара, калі па нашых вуліцах ходзяць з зоркай калядоўшчыкі, асабліва натхняе на тое, каб пагаварыць пра даўнейшыя народныя абрады, распаўсюджаныя сярод нашых продкаў. Не першы год займаецца іх адраджэннем вопытны хармайстар Навасвержанскага цэнтральнага Дома культуры Ала Янская. Справа гэтая, як прызнаецца Ала Пятроўна, карпатлівая, далікатная, але плён яе для нашчадкаў мае вялікае культурнае і духоўнае значэнне.

Ёсць шмат агульнавядомых і папулярных абрадаў, аднак адкрываюцца з глыбінь народнай памяці  (пераважна – з памяці нашых бабуляў) і іншыя, малавядомыя і досыць рэдкія абрады, не менш цікавыя і самабытныя. Ала Янская падзялілася сваімі апошнімі абрадавымі знаходкамі.

– Мне пашчасціла даведацца пра яшчэ адзін старадаўні абрад, які называецца «Першы прысад дзіцяці». Яго пара – калі хлопчыку спаўняецца 4,5 месяца, дзяўчынцы – 4 месяцы. Дзяўчынку пачыналі садзіць раней, бо, лічылася, у будучым гэта дапаможа ёй лягчэй нарадзіць сваіх дзетак. З прысаджваннем хлопчыка не спяшаліся, каб даць умацавацца яго костачкам. Бацькоў з малым чакала ў сябе дома бабуля, якая праводзіла першы прысад дзіцяці. Для гэтага ставілі бліжэй да чырвонага кута стол і хлопчыка садзілі першы раз акурат на той вугал, які знаходзіцца пад чырвоным кутом (дзяўчынку – на вугал стала, які бліжэй да парога, – каб замуж выйшла хутчэй). Такім чынам падкрэслівалася, што хлопчык – гэта будучы гаспадар, сем’янін, на якім будзе трымацца яго сям’я.

Бабуля, перахрышчваючы дзіця, малілася на ікону. Гаварыла «Ойча наш» і звярталася да дзіцяці: «Зараз, дзіцятка, мы цябе пасаджаем, дабра і прыбытку табе пажадаем». Усаджваючы яго на спецыяльную падушачку, бабуля прыгаворвала: «Садзім цябе, як цара на трон». Дзіцяці падносілі талерачку, на якую клалі жыта, залатое або срэбнае ўпрыгажанне, маленькую кнігу Бібліі. У залежнасці ад таго, да чаго дзіця пацягне ручкі, прадказвалі яго лёс: да жыта – значыць, будзе заможным, да кнігі – разумным, вучоным чалавекам, да золата ці срэбра – напэўна, якім-небудзь кіраўніком. Бабуля расказвала, што ўсе бацькі, дзяцей якіх ёй давялося на сваім вяку прысаджваць, чамусьці жадалі, каб сын іх выбраў апошняе. Нашы продкі жылі на зямлі і, фактычна, з зямлі, таму, невыпадкова, спрадвеку імкнуліся да багацця, матэрыяльнай забяспечанасці. Абышоўшы тройчы вакол стала, бабуля з малітваю аддавала «пасаджанае» дзіця бацькам. А бацькі частавалі яе, аддзячвалі падарункам.

– У бабулі падушачка і іншыя рэчы – рытуальныя?

– Так. Для хлопчыка і дзяўчынкі ў яе былі асобныя падушачкі. Для хлопчыка яна вышэйшая, сіняга або зялёнага колеру, для дзяўчынкі – чырвоная або ружовая. На жаль, гэтыя падушачкі не захаваліся, сваё ўжо адслужылі.

– А дзе, у якой вёсцы, захаваўся абрад «Першы прысад дзіцяці»? Хто перадаў яго вам?

– У вёсцы Жыгалкі жыве Марыя Юльянаўна Янская, якая і перадала мне гэты абрад. У мінулым годзе, акурат на Каляды, яна якраз прысаджвала дзяўчынку, і я змагла ўбачыць абрад. Захацелася самой увасобіць яго на сцэне. Гэта ж абрад нашых продкаў. Марыі Юльянаўне перадала яго яе матуля, а матулі – яе матуля. Цяпер яго ведаю я, яе нявестка. За свае амаль 80 гадоў Марыя Юльянаўна «прысадзіла» ўсіх сваіх 11 унукаў і чацвёра праўнукаў. А колькі яшчэ суседскіх унукаў і праўнукаў! Усе яны выраслі працавітымі, жывуць у міры і згодзе. І сёння ў Марыі Юльянаўны  гумару, запалу не менш, чым у маладых людзей, а яе хату можна назваць вясковым клубам. Любяць збірацца тут суседзі. Могуць размаўляць дапазна, а могуць пайсці па вёсцы калядаваць, як гэта было ў мінулым годзе.

 – Ала Пятроўна, ведаю, што для вас гэты абрад не першы. Якія яшчэ даўнейшыя народныя абрады вы адрадзілі на Стаўбцоўшчыне? Ці ведае пра іх моладзь?

 – Абрад «Тры ручнікі», які мы адрадзілі з работнікамі нашага Дома культуры, стаў нават папулярным. Яго часта заказваюць маладым на вяселле. Знаёмім і з іншымі вясельнымі абрадамі – «Пасад нявесты», «Провады з хаты жаніха, нявесты», «Развітанне нявесты з радзінай» і інш. Плануем зрабіць фотавыстаўку або відэарад старадаўніх вясельных убораў. З пошукам гэтых фотаздымкаў таксама дапамаглі нашы бабулі, якія ўсё помняць і ўсё зберагаюць, захоўваюць. Варта назваць стаўбчанку Алену Пятроўну Канкаловіч. Яна перадала шмат старых фотаздымкаў, у тым ліку даваеннага часу. 

Святкаванне Сёмухі, купальскіх абрадаў, якія мы таксама праводзім, больш уяўляюць сабою тэатралізаванае свята, але некаторыя элементы абрадавасці ўсё-такі захаваны. Напрыклад, на Купалле ў вогнішча кідаем мех – знак таго, што няхай гарыць усё ліхое, што можа падсцерагаць дамашнюю жывёлу. Ну і, зразумела, дзяўчаты шукаюць папараць-кветку – гэта іх імкненне сустрэць сваё шчасце.

Асобна вылучаюцца абрады зімовыя. На Каляды традыцыйна ходзім па Новым Свержані ад хаты да хаты. Мясцовыя жыхары заказваюць, просяць нас, каб менавіта ў іх хату зайшлі з каляднаю казою, праспявалі для гаспадароў велічальную. Ведаеце, на падворках новасвяржан заўсёды было шмат козаў, таму гэты абрад для іх напоўнены асабліва сімвалічным зместам. На Вялікдзень спрабавалі паказваць валачобныя абрады, але, відавочна, іх яшчэ трэба «раскручваць», папулярызаваць, каб спадчына нашых продкаў стала блізкай і ў сучасным жыцці.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *