«Дзясятка» падрэзала будучае

Нумары Пракурорскі нагляд

image_pdfimage_print

Да дзесяці гадоў зняволення ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці прыгавораны 25-гадовы стаўбчанін Ігар В. (па маральных меркаваннях імя зменена). Малады чалавек, які да гэтага не меў праблем з законам, абвінавачаны ў цяжкіх злачынствах – набыцці, захоўванні і перавозцы наркатычных сродкаў і асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў з мэтай збыту.

На жаль, гэта ўжо не першы прыгавор, вынесены судом раёна за злачынствы, звязаныя са збытам наркотыкаў. Пастанова па сваім характары выглядае жорсткай і няўмольнай, аднак, калі ўлічыць, што малады чалавек распаўсюджваў «атруту»  іншым, бессаромна ўцягваў у гэтую багну нечыіх дзяцей, то на месца звычнаму чалавечаму шкадаванню прыходзяць зусім іншыя пачуцці…

Як звычайна бывае ў такіх выпадках, Ігар закончыў школу і больш нічым не абцяжарваў сваё маладое жыццё. «Сядзеў» у інтэрнэце, сустракаўся з сябрамі… На судзе малады чалавек расказваў, што апошні год «балаваўся» курыльнымі наркатычнымі сумесямі. Аднойчы, гуляючы па горадзе, знайшоў дзікарослую марыхуану. Забраў яе дадому і высушыў. Частку выкурыў, а частку – расфасаваў, як цукеркі, па невялікіх кулёчках, скручаных з грашовых купюр дробнага наміналу. Напэўна, у гэтым была для яго асаблівая асалода, бо далей справа наладзілася яшчэ больш шпаркімі тэмпамі. 

Праз інтэрнэт Ігар пазнаёміўся з тымі, хто можа прадаць псіхатропы. Для пакупкі былі прыменены ўсе меры канспірацыі, пачынаючы ад аплаты шляхам электроннага пераводу і заканчваючы тайніком, з якога ён забіраў свой заказ. Мінск – горад вялікі, таму і месцаў для тайнікоў можа адшукацца процьма. Задаволены сабой, ён вярнуўся на электрычцы дамоў і ў адзін з дзён змог нават павялічыць аб’ём набытага. Да псіхатропу дабавіў травяной сумесі шалфею. Першым і пакаштаваў свой аўтарскі «купаж». Верагодна, ад падобнай творчасці Ігару хацелася аднаго – атрымаць большы прыбытак. Ён жа беспрацоўны, а на пражыццё патрэбны сродкі. Ды і сужыцелька ў яго ёсць. Праз некалькі дзён ён набыў у знаёмага стаўбчаніна новую порцыю псіхатропаў… Справа закруцілася. Праўда, развязка яе, як і завязка, наступіла даволі хутка.

На судзе Ігар прызнаў сваю віну часткова. Маўляў, згодзен, што набываў, захоўваў і перавозіў марыхуану і псіхатропы, але рабіў гэта для сябе, для асабістага ўжывання. Такая акалічнасць, калі б знайшла пацвярджэнне, сапраўды змякчыла б ягоную адказнасць. Але факты гавораць аб адваротным.

«Больш за год я ўжываю псіхатропныя рэчывы. Не раз набываў іх у Ігара В., – расказаў падчас судовага пасяджэння грамадзянін А. – У той дзень праз сацыяльную сетку «ВКонтакте» мы дамовіліся з ім аб чарговай пакупцы. Пры падыходзе да яго дома звязаўся з ім па мабільным тэлефоне, удакладніў месца перадачы забароненага рэчыва. Ва ўмоўленым месцы пакінуў 100 000 рублёў. Калі вяртаўся дамоў, быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі».      

Неўзабаве быў затрыманы і Ігар. У двары свайго дома і, да слова, у стане алкагольнага ап’янення. Пры ім было псіхатропнае рэчыва. Псіхатропы і марыхуана, прычым – расфасаваныя і аналагічныя тым (гэта пацвердзіла экспертыза), што ён ужо рэалізаваў, былі знойдзены і ў розных месцах дома. «Рэчдокамі» сталі і электронныя вагі, якіх у доме халасцяка аказалася аж двое. На іх былі ўстаноўлены сляды асабліва небяспечных псіхатропных рэчываў. На наяўнасць у Ігара намераў наконт збыту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў указваюць і іншыя немалаважныя фактары. Напрыклад, іх значны аб’ём – не менш за 8,11 грама марыхуаны і не менш за 42,31 грама  псіхатропнага рэчыва. Адразу ўзнікае пытанне: нашто столькі «для сябе», калі ў Ігара не выяўлена наркатычная залежнасць?!.         

Цікавасць выклікае і перапіска ў сацыяльнай сетцы, якая відавочна ўказвае на характар адносін «збытчык-кліент». Так, кліент паведамляе: «Філкі ёсць, праўда, толькі 100», на што Ігар яму адказвае: «Ляці». І палёт гэты аказаўся згубным для абодвух бакоў.

У адносінах да кліента А. таксама ўзбуджана крымінальная справа – ён прызнаны вінаватым у незаконным, без мэты збыту, набыцці і захоўванні асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва. Аднак прыгавор Ігару, у адрозненне ад прыгавора А., аказаўся куды больш суровым. Суд улічыў характар і ступень грамадскай небяспекі збыту наркатычнага «зелля», якое садзейнічае распаўсюджанню наркаманіі. І абставін, якія б у нейкай ступені змякчылі яго адказнасць у сувязі з гэтым, судом не ўстаноўлена. Наадварот, яго становішча абцяжарвае ўчыненне злачынства ў стане алкагольнага ап’янення.

Такім чынам, суд палічыў неабходным прызначыць Ігару пакаранне з ізаляцыяй ад грамадства на тэрмін 10 гадоў. Гэтая «дзясятка» такая страшная ў яго лёсе!.. Колькі ўсяго можна было б зрабіць за гэты час?!. Дзяцей нарадзіць і адправіць іх у першы клас – за «дзясяткамі» сапраўднымі, шматабяцаючымі… А пакуль ён сам падрэзаў крылы свайму будучаму, «зняволіў» яго і звёў да нулявога варыянту свой маёмасны стан. У даход дзяржавы канфіскаваны ўсе яго небагатыя набыткі – мабільны тэлефон, камп’ютар, СD-плеер, прынтар…  

Самае прыкрае і крыўднае, што на «кручок» лёгкіх грошай, якія нібыта абяцаюць наркотыкі, трапляюць людзі маладыя. Іх сціплы жыццёвы вопыт не падказаў ім, што звычнае «купі-прадай» тут не пройдзе, а прысуд будзе такім, што захочацца сто разоў зарачыся…. Для Ігара гэта ўжо позна, у некага іншага  яшчэ ёсць шанц узяцца за розум. Думайце, маладыя людзі!..     

Аляксей КУТАС, памочнік пракурора раёна

Таццяна ПЯТКЕВІЧ   

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *