Палявы «ўлоў» інспектараў

Нумары Стаўбцоўшчына - родны край

image_pdfimage_print

У парушальнікаў канфіскавана 22 сеткі і 80 розных іншых прыстасаванняў для рыбалоўства, 28 адзінак агнястрэльнай зброі (пяць з іх аказаліся незарэгістраванымі) і пяць іншых сродкаў незаконнага палявання. І гэтым «улоў» інспектараў не абмяжоўваецца. Варта назваць яшчэ 68 кг незаконна здабытай рыбы, 552 кг – дзічыны, больш за 6 000 м3 – драўніны, спілаванай з тымі ці іншымі парушэннямі заканадаўства.

Такая статыстыка прадстаўлена Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету па выніках работы за мінулы год. Аб чым сведчаць агучаныя лічбы: аб «разгуле» браканьерства ці пільнасці інспектараў?    

Пра гэта мы гутарым з начальнікам інспекцыі Уладзімірам ЛОЙКАМ.

– Супрацоўнікі інспекцыі выяўляюць парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства ў ходзе правядзення так званых палявых, кантрольных мерапрыемстваў. Арганізоўваюцца гэтыя мерапрыемствы, як правіла, у вячэрні і начны час, незалежна ад сезона і умоў надвор’я. Сучасная тэндэнцыя ўсё больш гаворыць пра законапаслухмянасць грамадзян, іх граматнасць у пытаннях прыродаахоўнага заканадаўства, аднак заўсёды знаходзяцца тыя, хто іх свядома або па няведанні парушае.    

За 2015 год зарэгістравана 225 парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства, у прыватнасці 83 з іх датычаць Правіл вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства, 68 – Правіл лесакарыстання, 52 – Правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Як правіла, у парушальнікаў канфіскоўваюцца недазволеныя сродкі палявання або рыбалоўства, а таксама ўсё здабытае незаконным шляхам.

У выніку нагляднай дзейнасці інспекцыяй выдадзена 67 прадпісанняў юрыдычным асобам. Сярод іх ёсць карыстальнікі паляўнічых угоддзяў, сельгаспрадпрыемствы, арганізацыі паляўнічых і рыбаловаў. Адна з юрыдычных асоб была прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці за невыкананне патрабаванняў прадпісання.

– Уладзімір Аляксандравіч, браканьеры нясуць за свае дзеянні не толькі адміністрацыйную, а і крымінальную адказнасць. Напэўна, супрацоўнікі інспекцыі маюць факты і для звароту ў эканамічны суд?

– Адносна адзінаццаці фактаў браканьерства, выяўленых супрацоўнікамі інспекцыі, матэрыялы перададзены ў следчыя органы. Следчым камітэтам узбуджана адзінаццаць крымінальных спраў. Фігуранты іх ужо панеслі або панясуць адказнасць, вызначаную судом. Сапраўды, сёлета нам прыйшлося звяртацца і ў эканамічны суд Мінскай вобласці. Эканамічным судом, паводле нашых матэрыялаў, была вынесена пастанова аб канфіскацыі маёмасці і накладанні штрафу ў памеры 1 800 000 рублёў на юрыдычную асобу, якая ажыццяўляла транспарціроўку драўніны без суправаджальных дакументаў.

– Адказнасць, што прымяняецца ў адносінах да парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства, – гэта  адно, яшчэ ёсць судовыя іскі для спагнання шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю. 

– Так, і сумы прад’яўленых іскаў несувымерныя з сумамі штрафных санкцый. Мяркуйце самі: на парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства інспекцыяй накладзена штрафаў на 194 мільёны рублёў. Сума ж  прад’яўленых іскаў аб спагнанні нанесенай навакольнаму асяроддзю шкоды – 8 мільярдаў 318 мільёнаў рублёў. Парушаць заканадаўства – нявыгадна.   

– Акрамя палявых мерапрыемстваў, інспектарская работа будуецца на цесным кантакце з людзьмі, зацікаўленымі ў захаванні прыроды.   

– Хочацца яшчэ раз нагадаць, што працуе тэлефон даверу – 5-10-27, па  якім можна паведаміць аб парушэннях прыродаахоўнага заканадаўства, падказаць тую ці іншую праблему. Сумеснымі намаганнямі мы робім важную для нашчадкаў справу.

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *